Вы тут

Якуб Ясінскі (1761—1794)


Якуб Ясінскі — герой паўстання 1794 года, адзін з яго правадыроў, які загінуў, баронячы свабоду Айчыны. Паходзіў Якуб з татарскага роду, але лічыў сябе літвінам. Ён мог стаць добрым пісьменнікам, маючы літаратурны талент, цудоўна ведаў беларускую мову і пісаў на ёй вершаваныя пракламацыі (не выключана, што яго аўтарству належыць і славутая «Песня беларускіх жаўнераў»). Але падзеі, якія прывялі Рэч Паспалітую да яе акупацыі расійскімі, прускімі і аўстрыйскімі войскамі, а пасля і да другога яе падзелу зрабілі з Ясінскага змагара за свабоду Айчыны.


Падчас вучобы ў Варшаўскай рыцарскай школе Якуб захапіўся ідэямі французскіх асветнікаў і марыў аб рэвалюцыйных пераўтварэннях у Рэчы Паспалітай. Ужо тады адзначалі яго «неабмежаваную пыху» і «схільнасць да першынства ў заслугах». Свае амбіцыі Ясінскі хацеў рэалізаваць у творчасці, таму пасля вучобы ў рыцарскай школе не стаў служыць у войску, а прысвяціў сябе літаратуры. Яго творы — байкі, сатырычныя і лірычныя вершы — не маглі пракарміць аўтара-пачаткоўца. А двухгадовае настаўніцтва сыноў магната Пятра Патоцкага расчаравала, бо яго распешчаным вучням было «нельга даваць ніякіх маральных навук».

Ясінскі вярнуўся на вайсковую службу і ў 1790 годзе ў чыне падпалкоўніка атрымаў назначэнне на пасаду каменданта ў Віленскі корпус артылерыі і інжынераў. Ён з захапленнем прыняў дэмакратычную канстытуцыю 3 мая 1791 года і бараніў яе ў баях з расійскім войскам, якое ў 1792 годзе рушыла на Літву. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны план абароны Брэста. Ясінскі ўмацаваў фартыфікацыі, пабудаваў рэдут і мост цераз Буг для адступлення. Гэта і дазволіла ў бітве 23 ліпеня 1792 года тром тысячам жаўнерам адбіць пяць атак 8-тысячнага корпуса генерала Ферзена, а пасля заканчэння пораху адступіць за Буг, спаліўшы за сабой мост. За гэтую бітву палкоўнік Ясінскі атрымаў ад караля Станіслава Аўгуста ордэн «Vіrtutі mіlіtarі». Як высветлілася, яго гераізм быў непатрэбны. Кароль прыняў бок ворагаў канстытуцыі і загадаў войску скласці зброю. Рэч Паспалітая трапіла пад кантроль расійскага войска і перажыла чарговы падзел сваёй тэрыторыі паміж Расіяй і Прусіяй. Ясінскі актыўна ўключыўся ў падпольны рух па падрыхтоўцы паўстання, аднак шмат каго пужалі яго радыкальныя погляды.

Паводле ўхваленага Хлявінскім плана Ясінскага паўстанцы ў ноч з 22 на 23 красавіка вызвалілі Вільню ад расійскіх войскаў. Больш за тысячу расійскіх салдат на чале з начальнікам гарнізона генерал-маёрам Мікалаем Арсеньевым здаліся ў палон. 24 красавіка камендант Вільні Якуб Ясінскі зачытаў на Ратушнай плошчы «Акт паўстання народу Вялікага Княства Літоўскага». У ім заклікалася абараняць да апошняй кроплі крыві Айчыну. Як любы радыкал, Якуб лічыў, што жорсткімі расправамі і карамі можна ўсталяваць справядлівасць. Радыкалізм Ясінскага трывожыў і галоўнага начальніка паўстання Тадэвуша Касцюшку, які не хацеў дапусціць «жахаў французскай рэвалюцыі». А па словах ад'ютанта Касцюшкі Юльяна Нямцэвіча, пакуль паўстаннем на Літве кіраваў «муж поўны адвагі» Ясінскі, «літвінаў не пакідаў дух смеласці».

Ён узначаліў збройныя сілы Гродзенскага павета, дзе сфарміраваў дывізію, на чале якой абараняў Варшаву. Толькі і ён, пасля падаўлення паўстання, паў духам. «Я Бацькаўшчыны не перажыву, калі лёс не дасць мне загінуць у бітве, звярнуся да гэтых прыяцеляў», — сказаў Ясінскі сваім ад'ютантам і паказаў на пісталеты. Гэта быў адчай перад немінучым крахам сваіх ідэалаў і апошняе, што засталося яму, гераічна загінуць у бітве з ворагам. На чале дывізіі ў чатыры тысячы жаўнераў Ясінскі абараняў левы фланг Варшаўскага прадмесця — Прагі. Падчас штурму Прагі 4 лістапада камандуючы расійскім войскам Аляксандр Сувораў накіраваў на пазіцыі гродзенскай дывізіі чатыры з сямі калон сваіх сіл. Пад агнём 86 гармат паўстанцы стрымлівалі ворага, а ён кідаў у бой свежыя сілы. Сам Ясінскі, акружаны непрыяцелем, адстрэльваўся з карабіна, пакуль куля не абарвала яго палымянае жыццё...

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».