Вы тут

У суботу пры праясненнях маразы будуць дасягаць мінус 15 градусаў


Мы ўжо неяк прывыклі, што ў гэты зімовы сезон у нас «холад» не азначае «куслівыя маразы». А вось і не адгадалі, на двары не сакавік з красавіком, а ўсяго толькі пачатак лютага. На гэтым тыдні ў нас сапраўды пахаладае, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Студзень у нас быў небывала цёплы, ды і ў першыя лютаўскія дні панавала анамальна мяккае паветра з міжземнамор'я. На многіх метэастанцыях краіны былі ўсталяваны новыя рэкорды гэтых дзён. Сярэднясутачныя тэмпературы за 2 лютага склалі 3—8 градусаў цяпла, што на 6—11 градусаў вышэй за кліматычную норму. Такі тэмпературны фон хутчэй адпавядае сярэдзіне красавіка.

Але нарэшце да нас ідзе зіма. У аўторак у краіну стала паступаць больш халодная паветраная маса з Балтыйскага мора. Удзень пераважна па паўднёва-заходняй палове краіны прагназуецца мокры снег. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Заўтра ўдзень умовы надвор'я ў краіне будзе вызначаць у асноўным вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халодным паветры. Будзе воблачна з праясненнямі. У многіх рэгіёнах абыдзецца без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах па поўдні, а ўдзень месцамі па Віцебскай вобласці пройдзе невялікі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы прагназуецца ад мінус 3 да мінус 10 градусаў, удзень — ад 6 марозу да 1 цяпла.

Сапраўдны мароз, і абавязкова са снегам, прыйдзе да нас ужо ў чацвер. У гэты дзень раніцай і ўдзень умовы надвор'я пачне фарміраваць франтальны падзел з Балтыйскага мора. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег, ляжа снежнае покрыва. Толькі ў заходніх раёнах будуць адзначацца змешаныя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, магчымы слабы галалёд. На асобных участках дарог краіны захаваецца галалёдзіца. Вецер заходні з пераходам на паўночны ўмераны. Уначы будзе 2—9 марозу, па ўсходзе пры праясненнях тэмпература апусціцца да мінус 12 градусаў. Удзень будзе ад мінус 3 градусаў па паўночным усходзе да 3 цяпла — па захадзе краіны.

Умераная класічная зіма разгуляецца ў пятніцу. У гэты дзень, 7 лютага, месцамі, у асноўным па ўсходзе Беларусі, чакаецца кароткачасовы снег, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны, парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—8 марозу, па поўначы пры праясненнях — да мінус 10 градусаў. Удзень будзе ад нуля да мінус 6 градусаў. Зімовы характар надвор'я захаваецца і ў суботу. 8 лютага ўначы будзе пераважна без ападкаў, а ўдзень месцамі па краіне кароткачасовы снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны. Уначы будзе ад мінус 3 да мінус 10 градусаў, пры праясненнях — да 11—15 градусаў ніжэй за нуль, удзень чакаецца ад мінус 5 градусаў да 1 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Максіма ШАСТАКОВА

Загаловак у газеце: На тое ён і люты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».