Вы тут

Адкрыты шлях для кніг і творцаў


У сучасным грамадстве, нягледзячы на ўсе тэхналагічныя дасягненні, ролю кнігі ўсё яшчэ немагчыма прынізіць. Яна дапамагае дзецям развівацца і спазнаваць свет, вучыць падлеткаў спраўляцца з пачуццямі і разумець сябе і іншых, дае дарослым магчымасць адкрыць невядомыя раней аспекты жыцця, а часам і схавацца ад рэальнасці. Сёння існуе дастаткова месцаў, дзе чытачы могуць сустрэцца з кнігай, але месца сустрэчы з яе стваральнікам заўсёды будзе асаблівае.


Падчас работы XIV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. 2007 г. Фота Кастуся Дробава з архіва «ЛіМа».

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш дваццаць сёмы раз адкрые аматарам слова вялікі свет сучаснага літаратурнага і кнігавыдавецкага працэсу. Камунікацыя не толькі з кнігай, але і з пісьменнікам патрэбна пастаянна. І месцы, здольныя такую камунікацыю забяспечыць, у Мінску ёсць. Днямі адбылося прымеркаванае да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу адкрыццё адноўленай «Кнігарні пісьменніка».

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел і высокія госці, і самі пісьменнікі, і будучыя пакупнікі.

«“Кнігарня пісьменніка” — месца намоленае. Сюды прыходзілі і набывалі кнігі народныя пісьменнікі Беларусі, вядомыя літаратуразнаўцы, грамадскія дзеячы. Усе ў Мінску ведаюць гэты адрас, які дзесяцігоддзямі прыцягваў увагу пакупніка. І цяпер, улічваючы, якую працу зрабіла “Белкніга”, невялікі калектыў, прадстаўляючы ўстанову ў  новым фармаце, думаю, што жыццё тут будзе больш цікавым і актыўным», — выказаў упэўненасць міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, вітаючы адкрыццё крамы.

Кнігарня пачала працаваць у 1981 годзе. У тыя часы месца было практычна культавым, сюды заходзілі ў  пошуках самых новых або ўжо рэдкіх, дэфіцытных кніг і спадзяваліся на сустрэчу з выбітным пісьменнікам. Пра гэта згадваў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», пісьменнік Алесь Бадак, выказваючы спадзяванні на тое, што і адноўленая крама стане месцам, куды захочацца вяртацца, каб сустрэцца з творцам, набыць выданне.

 Цяпер адрэстаўрыраваная кнігарня стане апорным пунктам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Агульная плошча крамы складае 178 квадратных метраў. На момант адкрыцця таварныя запасы крамы каштуюць 265 тысяч рублёў. Кнігі ў ёй прадстаўлены беларускімі і расійскімі выдавецтвамі. Зараз тут 16 тысяч найменняў, 102 з  якіх выдадзены за ўласныя сродкі аўтараў.

Аблічча кнігарні змянілася. Каля ўвахода ўсталяваны электронны сэнсарны планшэт, з якога можна даведацца пра наяўнасць кніг не толькі ў мінскіх Адкрыты шлях для кніг і творцаў кнігарнях, але ў гандлёвых пунктах «Белкнігі» па ўсёй краіне.

Найперш чытачы сустракаюцца са стэндам «Кнігі на любы густ», далей ідзе папярова-белавая, канцылярская і сувенірная прадукцыя, а таксама выданні для юных чытачоў. З нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі асобны стэнд адведзены кнігам, прысвечаным ваеннай тэме. Як і ў любой кнігарні, ёсць стэнд «Хіты продажу». Вялікі стэнд займаюць кнігі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (тут 374 найменні). Алесь Бадак паабяцаў, што ўсе новыя кнігі выдавецтва ў першую чаргу будуць з’яўляцца тут, у «Кнігарні пісьменніка». Плануецца зрабіць пастаяннай паліцу «Зніжка», каб чытачам было лягчэй здабыць любімы твор у хатнюю бібліятэку.

 Стэнд «Мастацкай літаратуры» асаблівы. Набываючы ў кнігарні асобнік, можна яе там пакінуць, а праз дзень ці два забраць ужо з аўтографам аўтара. Вось адзін з відаў супрацоўніцтва паміж кнігарняй і пісьменнікамі. Другі, найбольш патрэбны абодвум бакам літпрацэсу,  — аўтарскія сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі. Першая з іх, дарэчы, пачалася адразу пасля ўрачыстага адкрыцця. Уладзімір Мазго прэзентаваў сваю дзіцячую кнігу «Вавёркі лушчаць зоркі».

Падчас адкрыцця «Кнігарні пісьменніка».

Як адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, для беларускіх пісьменнікаў гэтая ўстанова — сапраўдны падарунак, які матывуе ствараць найбольш якасныя творы, бо Саюз пісьменнікаў мае вострую патрэбу ў кантакце з тымі, хто сёння распаўсюджвае кнігі, — бібліятэкамі і  кнігарнямі. Старшыня СПБ выказаў спадзяванні, што гэта будзе не проста супрацоўніцтва, а вялікая праца па прапагандзе кнігі, умацаванні яе аўтарытэту ў грамадстве.

«Адкрыццё абноўленай крамы прымеркавана да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Для калектыву “Белкнігі” гэтае мерапрыемства пачалося ўжо даўно, яшчэ з падрыхтоўкі да яго. Што ў выніку атрымалася — вы бачыце цяпер», — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Аляксандр Вашкевіч напрыканцы ўрачыстасці. У Мінску прадпрыемства мае 22 крамы, палова з  іх адноўленыя, палова захоўваюць інтэр’ер узору мінулых гадоў. Па словах Аляксандра Вашкевіча, «Белкніга» плануе развіццё ў  абодвух кірунках: як адкрыццё новых гандлёвых аб’ектаў, так і мадэрнізацыя тых, якія ўжо працуюць, не толькі ў сталіцы, але па ўсёй Беларусі.

Так ці інакш, «Белкніга» застаецца адным  з цэнтральных суб’ектаў беларускага літаратурнага працэсу, бо ўсталёўвае сувязь паміж кнігай і чытачом. А якасць стасункаў будзе ўдасканальвацца пастаянна.

Дар'я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.