Вы тут

Новыя гарызонты на старонках кніг


 «Беларусь — адкрытая кніга» — пад такім слоганам пройдзе XXVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш з 5 па 9 лютага. Адна з мэт — прадставіць нашу краіну ва ўсёй шматграннасці гісторыі і культуры. Лейтматывам выстаўкі стануць нагоды, якімі адзначаны ў Беларусі 2020 год: у першую чаргу 75-годдзе Вялікай Перамогі, Год малой радзімы, а яшчэ — юбілей Уладзіміра Караткевіча. Ганаровым госцем выстаўкі сёлета выступае Расійская Федэрацыя. ЗША зоймуць месца цэнтральнага экспанента. Папярэдне пацвердзілі ўдзел ужо 30 дзяржаў. Арганізатары былі вымушаны закрыць прыём заявак нават на тыдзень раней, каб у павільён усе экспаненты маглі хаця б змясціцца.


Папярэдняя XXVI ММКВК запомнілася асаблівым поспехам у наведвальнікаў: пазнаёміцца з кніжнай культурай свету прыйшло больш чым 60 тысяч чалавек. У  гэтым годзе арганізатары спадзяюцца як мінімум паўтарыць гэтыя паказчыкі.

У першы дзень ва ўрачыстым адкрыцці возьмуць удзел абсалютна ўсе экспаненты выстаўкі. Другі дзень запланаваны як аўтарскі і атрымаў назву «Думкі ўголас»  — пройдуць сустрэчы з аўтарамі розных кніг і творчых праектаў. Трэці дзень — беларускі, назва яго супадае з  агульным слоганам усёй выстаўкі. Запланаваны прэзентацыі праектаў Года малой радзімы, накіраваных на тое, каб паказаць разнастайнасць паняцця «Рэспубліка Беларусь», ахарактарызаваць яго ў розных сферах — ад палітыкі да... кулінарыі. Дзіцячы дзень — чацвёрты — мае назву «ЦіпТоп»: будуць прэзентавацца кніжныя праекты для дзяцей і бацькоў. З мэтай далучэння моладзі прыцягваюцца сацыяльныя сеткі, у прыватнасці, трансляцыя кнігачытання ў  TikTok. Закрыццё будзе адзначана паяднаннем розных стыляў і  жанраў, правядзеннем разнапланавых мерапрыемстваў.

Падчас выстаўкі падвядуць вынікі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» — будуць узнагароджаны Новыя гарызонты на старонках кніг найлепшыя выдавецкія праекты краіны па 17 намінацыях.

 Атрымае старт праект «Беларусь. Вайна і мір», які плануецца праводзіць цягам года. Яго мэта — акцэнтаваць увагу не толькі на падзеях Вялікай Айчыннай вайны, але і на ўсіх ваенных дзеяннях, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

 Кніжная выстаўка-кірмаш традыцыйна пашырае сваю геаграфію — з павільёна на праспекце Пераможцаў імпрэзы выйдуць у бібліятэкі, музеі і кніжныя крамы сеткі «Белкніга».

 Вось такую карціну будучай падзеі стварылі прадстаўнікі галоўных арганізатараў ММКВК — намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, старшыня савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў, якія арганізуюцца ў краінах-удзельніцах СНД, генеральны дырэктар ВКТАА «Макбел» Дзмітрый Макараў і начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч.

Асаблівай падзеяй выстаўкі стане традыцыйны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які вырас з фармату круглага стала. Сёлета гасцямі сімпозіума стануць прадстаўнікі каля 25 краін. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак адзначыў, што падчас гэтага сімпозіума завязваецца шмат пісьменніцкіх і ўвогуле культурных кантактаў. Акрамя галоўнага пасяджэння, запланавана яшчэ некалькі прэзентацый, круглых сталоў на розныя тэмы, семінараў.

Ужо чацвёрты раз падчас міжнароднай кніжнай выстаўкі будуць узнагароджаны пераможцы праекта «Першацвет» — найлепшыя маладыя паэты і празаікі, творы якіх склалі аднайменны альманах. Пройдзе прэзентацыя выдання. Як паведаміў Алесь Бадак, пераможцы «Першацвета» мінулых гадоў ужо маюць уласныя кнігі і працягваюць займацца літаратурай, што пацвярджае: конкурс насамрэч адкрывае новыя імёны ў беларускай літаратуры.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што кніжная выстаўка важная не толькі міжнароднымі, але і падтрымкай рэгіянальных кантактаў. СПБ рыхтуе некалькі праектаў, звязаных з галоўнымі тэмамі года, і будзе працягваць адмысловы эксперымент, які тэстава правялі ў мінулым годзе, а ў гэтым зробяць паўнавартаснай часткай кніжнай выстаўкі. Гаворка пра паэтычны аўтобус, які будзе курсіраваць ад Палаца спорту да асноўнага месца экспазіцыі і  мерапрыемстваў. Праезд бясплатны, але галоўнае  — ёсць магчымасць паслухаць вершы ў выкананні аўтараў, настроіцца на камунікацыю з кнігай.

Кожнае з беларускіх выдавецтваў рыхтуе адмысловую праграму імпрэз і  прэзентацый: «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» засяродзіцца на тэме Вялікай Перамогі, «Беларусь» — на тэме малой радзімы, праграма «Народнай асветы» будзе арыентавана на прыцягненне ўвагі юных чытачоў. Выдавецкі дом «Звязда» прапануе прэзентацыі новых выданняў і сустрэчы з аўтарамі на пляцоўках беларускіх літаратурных музеяў.

Прэзідэнцкая бібліятэка падрыхтуе шырокую праграму мерапрыемстваў па тэме 75-годдзя Перамогі: арганізуе экспазіцыю кніг, выдадзеных у 1941— 1945 гадах, прэзентуе відэафільм, створаны сумесна з Саюзам пісьменнікаў, «Напісана Перамогай». Свае стэнды на кніжнай выстаўцы таксама прадставяць Нацыянальная бібліятэка Беларусі і  Нацыянальная кніжная палата Беларусі.

«Беларусь — адкрытая кніга» — гэты слоган, па словах Ігара Бузоўскага, сімвалізуе тое, што сёння мы пішам гісторыю сучаснасці новымі дасягненнямі, перамогамі і творчымі поспехамі. Нават па сціслай інфармацыі, дадзенай арганізатарамі і ўдзельнікамі XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкікірмашу, відавочна, што 5—9 лютага беларускія аматары кнігі змогуць на свае вочы ўбачыць, як выглядае сучасны літаратурны працэс у Беларусі і за яе межамі.

 Дар’я СМІРНОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?