Што будзе, калі не рабіць вільготную прыборку кожны тыдзень? Пра гэта расказала ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Сухавер.
Дык што ж такое пыл і што за бруд збіраецца на паверхнях мэблі і падлозе?
— Каля 70 працэнтаў хатняга пылу мае прыроднае паходжанне. Гэта часцінкі глебы і мінералаў, кветкавы пылок, споры і грыбкі, экскрэменты насякомых, поўсць, пух і перхаць хатніх жывёл, крышталі марской солі і нават касмічны пыл. Астатнія 30 працэнтаў вырабляюцца самімі людзьмі — гэта часцінкі адмерлай скуры, валокны тканіны ад адзення, тэкстылю, абшыўкі мэблі і паперы, цыгарэтны попел, гумавы пыл (ад аўтамабільных пакрышак, якія сціраюцца), цяжкія металы, — расказвае спецыяліст.
Чым небяспечна ўсё гэта? Справа ў тым, што збіранне пылу і бруду ў цяжкадаступных месцах стварае спрыяльныя ўмовы для размнажэння розных бактэрый, цвілі, пылавых кляшчоў ды іншых арганізмаў. Усе яны могуць прынесці сур'ёзныя непрыемнасці: алергію, грыбковыя інфекцыі дыхальных шляхоў, сухасць скуры, кан'юнктывіт, астму, менінгіт, сілікоз (від пнеўманіі), захворванні нырак. А само знаходжанне ў забруджаным памяшканні вядзе да павышанай стамляльнасці, дыскамфорту і зніжэння імунітэту.
Дык як часта трэба прыбірацца? Перыядычнасць прыборкі ў доме, у тым ліку і вільготнай, вызначае яго гаспадар ці гаспадыня, але пажадана гэта рабіць не радзей, чым раз на тыдзень. У большасці ж устаноў прыбіраць трэба штодзённа. А ў дзіцячых, бальнічных, харчовых установах прыборка праводзіцца як мінімум двойчы на дзень. І гэта не толькі мыццё падлогі, але і дэзінфекцыя паверхняў спецыяльнымі растворамі.
Вільготная прыборка мае перад сухой свае перавагі. Яна дазваляе пазбавіцца ад пылу, бруду, хваробатворных бактэрый і грыбкоў, не дазваляе з'яўляцца пылавым кляшчам і ўзнікаць алергіям, а таксама дапамагае пазбегнуць рэцыдываў у алергікаў. Пры вільготнай прыборцы пыл збіраецца ў ваду, і шкодныя рэчывы мы не ўдыхаем (у адрозненне ад сухой яе альтэрнатывы).
На думку спецыяліста, для правядзення прыборкі патрабуецца просты інвентар і наступныя мерапрыемствы:
— Падрыхтуйце гумавыя пальчаткі, анучы, губкі, швабру, вядро і мыйныя сродкі. Калі ў доме ёсць алергік, апошнія трэба выбіраць асабліва старанна. Рэгулярна мыйце падлогу, пыласосце дываны і працірайце месцы збірання пылу вільготнай анучкай. Важна праціраць пыл і ў цяжкадаступных месцах (на секцыях, карнізах і высокіх шафах). Не варта забываць і пра бытавую тэхніку: халадзільнік, тэлевізар, мікрахвалевую печ.
Алена КРАВЕЦ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!