Вы тут

РНПЦ дзіцячай хірургіі споўнілася 50 гадоў. Чым за мінулы год здзівілі беларускія ўрачы


Беларускія дзіцячыя кардыёхірургі сваімі ўнікальнымі аперацыямі вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Цяжка ўявіць, што яшчэ 25 гадоў таму яны самі вучыліся ў расійскіх і азербайджанскіх калег. Сёння тут робяць сапраўдныя цуды: выратоўваюць немаўлят вагой крыху больш за кілаграм (напрыклад, робяць аперацыі па рэканструкцыі кішэчніка, дыяметр якога ў маленькага пацыента ўсяго чатыры міліметры!), спыняюць на некалькі гадзін дзіцячыя сэрцы падчас хірургічных умяшанняў, каб потым запусціць іх працаваць без збояў. Многае з таго, што тут робяць малым, ва ўсім свеце выконваюць толькі дарослым. Сёлета РНПЦ дзіцячай хірургіі споўнілася 50 гадоў. Мы згадалі, чым за мінулы год здзівілі медыцынскую грамадскасць урачы гэтага цэнтра.


Фота Таццяны Ткачовай.

З датчыкам УГД проста ў сэрцы

У снежні 2019-га ўпершыню на прасторы СНД у РНПЦ дзіцячай хірургіі была праведзена ўнікальная аперацыя па закрыцці дэфекту міжперадсэрдзевай перагародкі пад кантролем унутрысардэчнай ультрагукавой дыягностыкі.

Гэта гісторыя пачалася дастаткова даўно — адзінаццаць гадоў таму, калі нарадзіўся Усевалад. Урачы адразу выявілі ў немаўляці некалькі парокаў развіцця. У прыватнасці, атрэзію стрававода і дэфект міжперадсэрдзевай перагародкі.

Амаль адразу пасля нараджэння хлопчык быў першы раз прааперыраваны. Пасля ён перанёс цэлую серыю складаных аперацый па аднаўленні стрававода. І вось летась, калі Усевалад падрос, было прынята рашэнне выправіць дэфект сэрца. Як расказаў дырэктар цэнтра Канстанцін Драздоўскі, у пераважнай большасці такія аперацыі робяцца без спынення сэрца і вялікага разрэзу. Працэдуру і ў гэтым выпадку вырашылі правесці пункцыйна — праз маленькі пракол у сцягне правесці ў сэрца катэтар і ўстанавіць у дэфект перагародкі спецыяльную прыладу — аклюдар.

Але была адна вялікая складанасць: для выканання аперацыі патрабавалася ўвесці ў стрававод датчык УГД для інтрааперацыйнага кантролю. У выпадку з Усеваладам гэта аказалася немагчыма: яго стрававод сфарміраваны з трансплантаванай кішкі і размяшчаецца ззаду грудзіны перад сэрцам. З прычыны такіх асаблівасцяў (з-за высокай рызыкі траўміравання стрававода) была немагчымая і звычайная адкрытая хірургічная аперацыя. Урачы прынялі рашэнне правесці яе пад кантролем унутрысардэчнага ўльтрагукавога датчыка.

У выніку спецыяльны мініяцюрны датчык быў праведзены непасрэдна ў сэрца пацыента праз сцегнавую вену. І хірург рабіў аперацыю пад візуальным ультрагукавым кантролем знутры сэрца пацыента! Аперацыя прайшла паспяхова, дэфект быў закрыты. Паколькі ўскладненняў не ўзнікла, у хуткім часе маленькі пацыент з мамай вярнуўся дадому.

Сэрца спынілі больш чым на тры гадзіны

Калі ў папярэдняй аперацыі спынення сэрца не спатрэбілася, то дзеля выратавання жыцця яшчэ аднаго маленькага пацыента РНПЦ дзіцячай хірургіі яго сэрца спынялі больш чым на тры гадзіны.

Маленькі Ян жыве з бацькамі ў Смаргоні. Яму тры з паловай гады. Пры нараджэнні ў хлопчыка была дыягнаставана паталогія аартальнага клапана. На яго сэрцы беларускія кардыёхірургі і правялі найскладанейшую аперацыю. Само маленькае сардэчка спынялі на 3 гадзіны 20 хвілін. Канстанцін Драздоўскі адзначыў, што ў дарослым узросце пацыенту маглі б імплантаваць механічны пратэз, але ў выпадку з дзецьмі так зрабіць нельга. Было вырашана правесці хлопчыку ўнікальную аперацыю Роса-Кона — складанае ўмяшанне, калі аартальны клапан замяшчаецца лёгачным, а замест лёгачнага ўшываецца біяпратэз.

Адзначым, што ў 1967 годзе брытанскі кардыёхірург Дональд Рос правёў першую ў свеце аперацыю па замене пашкоджанага аартальнага клапана клапанам лёгачнай артэрыі. Цяпер аперацыя Роса лічыцца залатым стандартам хірургіі. Праўда, традыцыйна такія ўмяшанні робяць у дарослым узросце.

На аперацыйным стале Ян правёў 14 гадзін, у тым ліку на працягу больш чым трох з іх яго сэрца не працавала. У хірургічным умяшанні ўдзельнічалі 10 спецыялістаў. Яны запратэзавалі лёгачны клапан спецыяльным біяпратэзам, аднавілі функцыю сэрца, выдалілі тканку з левага жалудачка. Акрамя таго, хлопчыку зрабілі пластыку клапана. Цяпер парок сэрца скарэктаваны цалкам, а здароўю маленькага Яна нічога не пагражае.

У выпадку няўдачы — толькі перасадка

Яшчэ адна рэдкая і ўнікальная аперацыя прайшла ў цэнтры летась. У дзіцяці выявілі гіпертрафічную кардыяміапатыю — у дзяцей такая паталогія сустракаецца даволі рэдка. Малых таксама аперыруюць нячаста, звычайна чакаюць, пакуль пацыент вырасце.

— Праблема была ў тым, што ў дзіцяці левы жалудачак цалкам зарос мышцамі. Наша задача была выразаць новую поласць для левага жалудачка, — расказаў Канстанцін Драздоўскі.

Ён адзначыў, што ў выпадку няўдачы малога магла б выратаваць толькі перасадка сэрца. Аднак беларускія кардыёхірургі чарговы раз прадэманстравалі свой высокі клас.

— У Расіі, ЗША, Германіі, Францыі дзіцячых хірургічных цэнтраў, падобных на наш, у краіне некалькі, таму яны могуць выбіраць сабе спецыялізацыі. Прыроджаных парокаў сэрца вельмі шмат — больш за 250. Сярод іх ёсць рэдкія і складаныя. Напрыклад, у Германіі кожны цэнтр спецыялізуецца на пэўных відах парокаў, паспяхова аперыруе іх, усе пра гэта ведаюць, і жанчыны мэтанакіравана едуць туды нараджаць. У нас няма магчымасці выбіраць — мы аперыруем усё. Атрымліваецца, што ў год мы робім 1040—1200 аперацый па карэкцыі парокаў сэрца, — кажа Канстанцін Драздоўскі. — Пры гэтым лятальнасць у нас на дастаткова нізкім узроўні, лічбы адпавядаюць сусветным.

Вага пацыента — крыху больш за кілаграм

Яшчэ адну аперацыю можна назваць унікальнай таму, што яна была праведзена пацыенту з масай цела 1 кілаграм 135 грамаў. Гэта была карэкцыя прыроджанага пароку сэрца — стэнозу клапана лёгачнай артэрыі. Выпадак стаў унікальным у гісторыі дзіцячай кардыёхірургіі.

— Паводле нашых звестак, у свеце пакуль што не праводзіліся настолькі складаныя аперацыі малому з такой вагой, — адзначыў Канстанцін Драздоўскі.

Дзіця нарадзілася заўчасна і, на жаль, мела патрэбу ў тэрміновай хірургічнай дапамозе. Спецыялісты двух РПНЦ — «Маці і дзіця», дзе яно і з'явілася на свет, і дзіцячай хірургіі — спрацавалі зладжана. Аперацыя прайшла паспяхова, але ёй папярэднічала сур'ёзная падрыхтоўчая работа спачатку неанатолагаў, а потым і кардыёхірургаў, анэстэзіёлагаў і іншых спецыялістаў.

Трансляцыі з аперацыйнай для замежных калег

А ў студзені год таму некалькі паспяховых аперацый і майстар-класаў правялі дзіцячыя кардыяхірургі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах у клініцы Аль-Касімі. У беларускую каманду уваходзіла сем урачоў і шэсць медсясцёр. Пры гэтым яшчэ 20—25 гадоў таму беларускія дзіцячыя кардыяхірургі вучыліся ў Расіі і Азербайджане. Цяпер РНПЦ дзіцячай хірургіі сам з'яўляецца адукацыйным цэнтрам. Складаныя аперацыі транслююць непасрэдна з аперацыйнай для ўрачоў, якія павышаюць кваліфікацыю. У нашых кардыяхірургаў вучацца калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Узбекістана і нават Эквадора.

У ААЭ кардыёхірургі правялі пяць умяшанняў. Першага прааперыравалі сямігадовага хлопчыка з прыроджаным парокам сэрца. У яго дыягнаставалі дэфект міжжалудачкавай перагародкі. А самым маленькім пацыентам стаў сямімесячны малы з камбінаваным прыроджаным парокам сэрца.

Падрыхтоўка да работы ў гэтай краіне вялася на працягу паўтара гадоў. Дэлегацыя міністэрства аховы здароўя і прафілактыкі захворванняў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў яшчэ летам 2017 года падчас перамоў звярнулася па дапамогу ў стварэнні службы дзіцячай хірургіі ў адным са шпіталяў краіны. Пасля быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі аховы здароўя абедзвюх краін.

Для Беларусі такое супрацоўніцтва і прызнанне поспехаў беларускіх кардыёхірургаў у свеце таксама важнае, адзначаў тады Канстанцін Драздоўскі.

Штогод у РНПЦ дзіцячай хірургіі выконваецца больш за пяць тысяч аперацый, з іх каля 1 200 на сэрцы, каля чатырох тысяч на органах грудной клеткі, брушной поласці і іншых.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: З маленькімі сэрцамі ў такт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».