Вы тут

Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя адзначыла 30-годдзе


Спецыяльна да юбілею прымеркавалі канферэнцыю «30 гадоў БНПА. Дзелавы клімат Беларусі: шчыра пра перспектывы», якая адбылася ў велічным мінскім «Прэзідэнт-Атэлі». Колькасць высокіх гасцей, сярод якіх былі прадстаўнікі ўрада, вядомыя прамыслоўцы і навукоўцы, як і кола тэм сустрэчы, поўнасцю адпавядала статусу месца правядзення.


Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Матусевіч адзначыў вялікую ролю БНПА ў дыялогу бізнесу і ўлады: «Гэта асацыяцыя з тых, што рэальна ўплываюць на фарміраванне экспертнага меркавання дзяржаўных органаў і арганізацый. У прыватнасці, на пляцоўцы Міністэрства эканомікі праводзяцца рэгулярныя сустрэчы з членамі асацыяцыі па пытаннях, якія выносяцца на класічны наш грамадска-кансультацыйны савет, і па тэматычных кірунках».

Вынікам супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый (сярод якіх была і БНПА) і міністэрства стала стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі і яе план. Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя, па словах Дзмітрыя Матусевіча, — незаменны элемент у пошуку балансу паміж рэгулятарамі (уладамі) і жаданнямі бізнесу. Выконваюць прамыслоўцы і сваю класічную задачу — развіццё эканомікі.

«Той сплаў вопыту, які ёсць у Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, важны для прыняцця кіраўнічых рашэнняў на канкрэтных прадпрыемствах, — сказаў намеснік міністра. — Крайне важна і ў гэтым годзе, і асабліва ў будучай пяцігодцы развіваць сферу паслуг. Таму экспертыза — якія паслугі можна развіць з улікам таго, што яны значна менш імпартаёмістыя, з улікам нашага кадравага патэнцыялу, — гэта перш за ўсё павінна зыходзіць ад бізнесу».

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч адзначыў, што асацыяцыі ўласцівая дыскусія, якая не разбурыла, а, наадварот, узмацніла і павысіла статус аб'яднання.

Карыстаючыся фарматам сустрэчы і яе тэматыкай, Уладзімір Калтовіч расказаў, што МАРГ распрацавала праграму развіцця канкурэнцыі ў Рэспубліцы Беларусь: «Мы два гады працавалі над гэтай праграмай з усімі дзяржаўнымі органамі. У нас ёсць пагадненне з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй па напісанні гэтай праграмы. Праект гэтай праграмы мы разаслалі дзяржаўным органам на ўзгадненне».

Уладзімір Калтовіч, выконваючы даручэнне Савета Міністраў, уручыў Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Ганаровую грамату ўрада за шматгадовую плённую грамадскую дзейнасць у сферы развіцця прамысловасці і прадпрымальніцтва.

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя» заснавана з ініцыятывы кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў як інструмент захавання партнёрскіх сувязяў, выпрацоўкі прамысловай, навукова-тэхнічнай і маркетынгавай палітыкі. Сёння асацыяцыя яднае каля 650 прамыслоўцаў, прадпрымальнікаў і навукоўцаў.

Марыя ДАДАЛКА

Прэв'ю: lenta.inform.kz

Загаловак у газеце: Ад навукі да прадпрымальніцтва — адзін крок

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.