Вы тут

​Беспрацэнтныя банкаўскія растэрміноўкі масава адмяняюцца?


Сістэмныя буйныя банкі ўжо змянілі ўмовы продажу тавараў у растэрміноўку. Гэта здарылася пасля таго, як Нацыянальны банк абмежаваў камісійныя, якія фінансавым інстытутам плацілі крамы і цэлыя гандлёвыя сеткі.


А ўсё пачалося з таго, што банкі сталі эмітаваць карты растэрміноўкі, прапаноўваючы тым самым насельніцтву аплачваць тавары ў крамах часткамі на працягу кароткага ці нават даволі доўгага перыяду часу. Пры гэтым перавага картак растэрміноўкі для пакупнікоў да нядаўняга часу заключалася ў тым, што гэты механізм не прадугледжваў фактычна ніякіх працэнтаў, гэта значыць узнагароджанне банк за карыстанне растэрміноўкай практычна не браў. Але ж так не бывае, каб добры банкір даваў грошы на час за прыгожыя вочы. Свой дадатковы даход банкі ў дадзеным выпадку атрымліваюць ад прадаўцоў, якія выплачваюць узнагароджанне крэдытным арганізацыям у выпадку продажу тавараў у растэрміноўку.

Такая «мудрая» схема больш за ўсё спадабалася прадаўцам, выручка якіх пачала расці нават па тых дарагіх пазіцыях, дзе цэны для кліентаў не былі зніжаны нават на капейку. На самай справе, цана тавару рэальна меншая — на тую частку камісійных, якую прадаўцы «адшпільвалі» банкірам. Пакупнікі «без замарочак», з радасцю набывалі такія дарагія тавары, аплачваючы іх часткамі і не пераплачваючы (як ім здавалася) за гэта — хоць менавіта яны плацілі і тыя самыя камісійныя. Быццам бы ўсе задаволеныя, але ... Дадзеная мадэль продажаў не спадабалася Нацыянальнаму банку краіны.

А таму фінансавы рэгулятар яшчэ ў студзені разаслаў камерцыйным банкам лісты і папярэдзіў аб недапушчальнасці завышаных узнагароджанняў, якія гэтыя арганізацыі бяруць у прадаўцоў у выпадку продажу тавару ў растэрміноўку. Высветлілася, што часам крамы выплачваюць да 30 % ад кошту тавару ў выпадку афармлення пакупкі ў растэрміноўку. Нацбанк жа рэкамендаваў знізіць да 4 % памер любога ўзнагароджання, якое выплачваюць банкам арганізацыі гандлю. Банкі павінны выканаць прадпісанне Нацбанка і да 8 лютага даць справаздачу аб праведзенай рабоце.

Крэдытныя арганізацыі ўжо пачалі выконваць указанні рэгулятара. Паколькі цяпер магчымасці банкаў спаганяць узнагароджанне з арганізацый гандлю абмежаваныя, фінансавыя ўстановы пераглядаюць умовы прадастаўлення растэрміновак і сталі адмаўляцца ад беспрацэнтных варыянтаў. Некаторыя банкі сталі спаганяць ад 4 % да 6 % гадавых з насельніцтва ў выпадку афармлення растэрміноўкі больш чым на шэсць месяцаў. Беларусбанк і зусім адмовіўся ад прадукту «растэрміноўка без пераплат».

Аналітыкі Нацбанка ўпэўненыя — не варта ствараць умовы, каб уся краіна жыла ў растэрміноўку. Бо ў некаторых слаёў насельніцтва нярэдка можа стварацца ілюзія, што тавары ў растэрміноўку прадаюцца амаль бясплатна, паколькі іх купля не патрабуе ні першапачатковых плацяжоў, ні працэнтных выплат. Аднак у рэчаіснасці афармленне тавару ў растэрміноўку вядзе да павелічэння пазыковай нагрузкі на хатнюю гаспадарку.

Тыя сем'і, якія кожны месяц бяруць тавары ў растэрміноўку, могуць сутыкнуцца з непад'ёмным памерам пазыковай нагрузкі. Калі чалавек купляе тавар у растэрміноўку ў краме, а не бярэ крэдыт у банку, ацаніць плацежаздольнасць такога кліента праблематычна. Трэба, пры неабходнасці, набываць у растэрміноўку толькі адзін тавар, а наступныя пакупкі рабіць толькі пасля таго, як папярэдняя растэрміноўка скончыцца. Але не ўсе прытрымліваюцца такога правіла.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Бярэш чужыя, аддаеш свае

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.