Вы тут

Пані трошкі ў гадах


Студзень ачомаўся, што ён зімовы месяц, і ў апошні свой дзень ушанаваў Брэст снегападам. Праўда, не надоўга. Дзве гадзіны снег ішоў, а праз дзве наступныя яго не стала, растаў і сплыў. Гэтым снегападам нетыповы студзень нібы выбачаўся, сорамна стала, няёмка, што папярэднія 30 дзён так нахабна «касіў» пад вясну.


А вось яна, здаецца, не адчувае няёмкасці. Я пра жанчыну, якую на прыпынку сустрэла пад тым самым моцным снегападам. Яна захінала сваё прыгожае, але караткаватае паліто, а калені ў лёгкіх панчошках, здаецца, ссінелі ад холаду і слоты. Часам так не па надвор'і ўбіраюцца маладыя дзяўчаты, праўда, цяпер усё радзей. Даўно прыкмячаю яе на сваім прыпынку, відаць, у адзін час едзем на працу. І пра сябе называю яе кабетай, якая з усіх сілаў маладзіцца. Не, яна дагледжаная, фігура ў парадку, апранаецца стыльна. Але ж, як казала адна з маіх даўніх калег, інтэлігентка ў трэцім пакаленні Тамара Сяргееўна: «Даўжыня спадніцы павінна ўсё ж адпавядаць узросту». Асабліва, калі ўзрост за пяцьдзясят.

bloglovin.сom

От, скажуць некаторыя прасунутыя модніцы, бурчыць, нібы бабулька на лаўцы ля пад'езда. Вунь Мая Плісецкая ледзь не ў дзевяноста апраналася ў ласіны. Правільна, Мая Міхайлаўна нацягвала ласіны і спалучала іх з доўгім жакетам. Вялікая балерына з яе бездакорнай фігурай і бездакорным густам у любым узросце выклікала захапленне. І тут, заўважце, ключавое слова «густ». Бо сёння няма перашкод у выбары адзення, стылю, накірункаў моды, ды і практычна няма розніцы паміж уборамі ўзростаў. І ўжо нікога не здзіўляе, калі 60-гадовыя дамы надзяваюць шапкі з пампонамі, а раней гэта было прэрагатывай паненак піянерска-камсамольскага ўзросту. Але ж у тым і фішка, што апрануцца трэба так, каб не выклікаць шкадаванне, няёмкасць у навакольных. Вось пра што я кажу.

Думаю, і калені можна паказаць, калі яны прыгожыя, як гэта ўмела робіць 70-гадовая эстрадная прыма, і здаецца, у яе нядрэнна атрымліваецца. А вось у іншых не заўсёды. Ну калі, выбачайце, жывот навісае над джынсамі, то варта ўсё ж прыкрыць яго даўжэйшым кардыганам ці жакетам, а то будзеш выглядаць не маладой, як хацелася б, а трохі дурнаватай. Так можа падасца навакольным. Як у тым кліпе-смяшынцы, што не так даўно гуляў па інтэрнэце. Там кабета пенсійнага ўзросту, сабрала валасы ў хвост, начапіла бант і вымавіла нешта накшталт «Адчуваю сябе на васямнаццаць, але ж нікому не дакажаш, халера!»

Яно, вядома, нікому не хочацца старэць, а душа, кажуць, не мае ўзросту. І ўнутры, мусіць, ніхто не пачувае сябе на свае гады. Тым больш, што цяпер многія жанчыны сочаць за сабой, вядуць здаровы лад жыцця і не выглядаюць так, як значыцца ў пашпарце. Навокал цяпер рэкламуюць мадэль Крысці Брынклі. Ну ёсць за што! У свае 60 з невялікім хвосцікам выглядае на 30. Сапраўды, вытанчаная фігура, прыгожая скура, галівудская ўсмешка. Тым больш калі на гэтую фігуру жыццё пакладзена, а для маладосці твару ў сучаснай медыцыны ёсць многа сродкаў. На адным з сайтаў мяне зачапіў яе здымак, дзе супермадэль гулліва, паказаўшы нагу з-пад разрэзу скураной спаднічкі, з дзіцяча-гарэзлівым выразам твару дэманструе часопіс з уласным здымкам, трымаючы яго ў руцэ. А рука... сухая з вытыркаючымі сасудамі, нібы ў старой-старой бабулькі. На руках скуру не падцягваюць пакуль. Думаю, гэта справа будучыні. Але і зноў непрыемны асадак, нібы шкадаванне. Хоць там і напісана, што мадэль толькі што звяла хлопца ў маладой галівудскай актрысы. Відаць, тыя хлопцы на рукі не зважаюць, ва ўсялякім разе не ўсе з іх.

Як і паклоннікі нашых былых эстрадных і тэлезорак. Нядаўна зноў успаміналі пра хуткае вяселле 77-гадовай Ангеліны Воўк з маладзейшым на 25 гадоў чалавекам. Ну, не яна першая, не яна апошняя. Ці даўно абмяркоўвалі сямейнае жыццё Лідзіі Федасеевай-Шукшыной з Алібасавым? Ёсць і іншыя прыклады. Здаецца, Макрону ўдалося ўвесь свет пераканаць, што ён шчаслівы са сваёй пажылой Брыжыт. Усё бывае на гэтым свеце.

Дык пра што гэта я? А пра тое, што і насіць можна што заўгодна, і раманы круціць з кім хочаш, але... Цяпер вось пайшоў шквал фільмаў, тэатральных пастановак пра тое, што людзі і пасля 60 маюць права на жыццё, пачуцці, памылкі. Але нядаўна паглядзела перадачу пра Стэфанію Станюту. І яшчэ раз зразумела, што прыцягвала ўсіх навакольных у гэтай жанчыне — высокае пачуццё ўласнай годнасці, якое арганічна было звязана з паводзінамі, учынкамі, адносінамі да людзей, знешнім выглядам. Па-мойму, пералічанае найбольш здольнае ўпрыгожыць жанчыну, калі яна дасягае ўзросту, які Рыгор Барадулін выразіў словамі «пані трошкі ў гадах».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.