Вы тут

Чаму мы так захапляемся ўсходнімі календарамі, казкамі?


Чаму мы так захапляемся ўсходнімі календарамі, казкамі, чароўнымі персанажамі? Можа, мы проста не ведаем пра сваіх?! Між тым, народная фантазія насяліла Беларусь рознымі цуда-героямі. Адны і тыя ж вобразы могуць паўтарацца і ў замовах, і ў песнях, і ў казках. Адзінае, не хапае сюжэтаў пра нашых міфічных персанажаў, дык чаму б сучасным пісьменнікам не прыдумаць іх?


У музеі міфалогіі ў Заслаўі.

Незвычайныя суседзі

Уявіце вясковы двор, дзе ў кожнай пабудове сваё чароўнае насельніцтва: лазнік, пуннік, хлеўнік, гуменнік, еўнік. А колькі розных дробных нячысцікаў збіраецца нарабіць чалавеку шкоды — злыдні, шэшкі, стрыгі, лядашцікі, хохлікі ды іншыя. Каб усе гэтыя нячысцікі не палезлі ў хату, патрэбны быў хатнік, прычым нашыя продкі лічылі, што ў яго ёсць жонка і дзеці. І калі ў хаце стаяў грукат, казалі, што гэта вяселле дамавікоў. У доме спрабавалі гаспадарыць і малыя свавольныя кікімары, — яны хацелі капіраваць паводзіны гаспадынь, хапаліся за пакінутыя тканіну ці пражу, толькі нічога ў іх не атрымлівалася. Гаспадыні толькі наракалі на такіх памочніц.

Сваё насельніцтва было ў лясах, рэках, балотах. Некаторых нячысцікаў, нашы далёкія продкі прыдумалі, відаць, для таго, каб засцерагчы дзяцей ад небяспекі. Малым нельга было далёка адыходзіць ад дому, каб не патрапіць да хапуна ці таго ж балотніка. Наогул, усё лагічна — калі чалавек не рабіў дрэнных учынкаў, не шкодзіў людзям і прыродзе, не лез куды не трэба, нячысцікі яго не чапалі, а добрыя духі, наадварот, імкнуліся яшчэ і неяк дапамагчы.

Былі ў нас свае «кентаўры» — вазіла (яго ўяўлялі ў чалавечым абліччы і вопратцы, але з конскімі вушамі ды капытамі) і кумяльган (меў чалавечае цела, пакрытае поўсцю, конскую галаву). Першы даглядаў коней, падмешваў ім у корм карысныя зёлкі, каб жывёлы станавіліся дужэйшымі, другі ж, наадварот, шкодзіў, падсоўваў атрутныя расліны.

Беларускія русалкі не сядзяць выключна ў вадзе, а бегаюць па палях, лясах, гушкаюцца на арэлях, качаюцца ў жыце.

Нашы ваўкалакі не тэрарызуюць вёскі. Імі «станавіліся» чараўнікі, самагубцы, нябожчыкі, праз магілу якіх пераскочыла кошка, альбо людзі, якія, паміраючы, пра што-небудзь шкадавалі, альбо аб якіх хтосьці моцна плача і ўвесь час узгадвае. Часта ваўкалак працягвае ранейшыя справы, якімі займаўся, калі быў звычайным чалавекам. Так, сквапны гаспадар пералічвае грошы схаванага скарбу, нябожчык-мужык ходзіць да сваёй жонкі... Ваўкалакам можна было стаць па сваёй волі — перакінуцца праз уторкнутыя ў зямлю вастрыём уверх нажы. Калі ж нехта тыя нажы знясе — адваротнае чараўніцтва немагчыма. Злы чараўнік мог ператварыць у ваўкалакаў удзельнікаў цэлага вяселля.

Наогул, на Беларусі, паводле казак, чалавек мог ператварыцца не толькі ў ваўка, але і ў птушку, паўзуна, лісу, мядзведзя, тхара.

Цмокі (змеі) нашым продкам маглі сустракацца розныя — ці велізарных памераў, але надта лянівыя, ці працавітыя шаўцы ды краўцы, што жылі ў камянях і нават рабілі людзям рэчы. Часам цмокі ператвараліся ў прыгожых хлопцаў і лёталі да дзяўчат, альбо станавіліся вясёлкамі, што смокчуць ваду з ракі і перакідваюць яе на неба.

Не абышліся беларусы і без уласных асілкаў. Вялізныя дзецюкі, калі жылі на розных берагах ракі, як мячом, перакідваліся даўжэзнымі камянямі (сякерамі, жорнамі). У казках кінутая асілкам у неба булава гудзе так, быццам гром грыміць.

Мышка замест зубной феі

Ды і пра звяроў беларусы ўмелі складаць байкі. Напрыклад, мядзведзь раней быў чалавекам. Маўляў, нейкі дурань хацеў напужаць Бога, апрануў кажух поўсцю наверх, а пасля быў пакараны за няўдалы жарт. Па іншай версіі, чараўнік пакараў гультая, які краў мёд ад чужых пчол. Раней верылі, што мядзведзь дужэй за чорта, і калі якая хата зачаравана ці яе гаспадароў чакае няшчасце — мядзведзь можа дапамагчы. Калі пройдзе праз вёску, забярэ з сабой усе беды-няшчасці. Каб жа сам мядзведзь не нарабіў гаспадарцы шкоды, у некаторых вёсках яго задобрывалі, ладзілі свята Камаедзіцы.

Шанавалі раней і вужа. Той быццам заткнуў дзірку ў каўчэгу Ноя, якую прагрызла мыш. А часам яго лічылі за хатніка — і нават трымалі ў хаце пад печчу і ставілі яму малако. Удзячнае стварэнне ахоўвала дом ад грызуноў. А з'яўленне ў доме мышэй у вялікай колькасці лічылася дрэннай прыкметай.

Хоць было і такое ўяўленне, што ў выглядзе мышэй ноччу прыходзяць душы памерлых — даядаць пакінутыя на стале кавалкі хлеба. А яшчэ верылі, што мышы прыносяць дзеткам зубкі. Таксама дзе-нідзе думалі, што палявыя мышы ахоўваюць зерне, і на полі ім пакідалі апошнія каласы.

Але як вярнуць тыя міфы? Найперш чытайце дзеткам беларускія казкі.  Напрыклад, у адной карова выступае апякункай дзяўчыны-сіраціны, у другой вы сустрэнецеся з казой-манюкай. А памятаеце, як вожык спаборнічаў у забегу з зайцам? У народных уяўленнях гэты звярок надзяляўся мудрасцю і кемлівасцю, мог разбіраца ў чароўных зёлках. А яшчэ калючы можа адганяць нячыстую сілу.

Шмат казак пра зайцаў, дзе абыгралі і яго доўгія вушы, і палахлівасць, і хуткасць. А раней у вёсках маглі расказваць і пра тое, чаму ў зайца маленькае сэрца: Бог ляпіў звярку доўгія вушы, а на астатняе матэрыялу не хапіла, нават прыйшлося кавалачак хваста адарваць, каб з яго выляпіць сэрца.

Паводле прыкметы, сустрэча з зайцам, калі чалавек толькі выправіўся ў дарогу, не нясе нічога добрага — лепш вярнуцца дахаты. Затое чалавеку пашанцуе, калі ён сустрэне ваўка. Шэры, паводле падання, быў створаны чортам з гліны. Сваё «дзецішча» чорт спрабаваў нацкаваць на Бога, ды толькі не ўдалося яго ажывіць. Тады сам Бог ажывіў ваўка і загадаў, каб той укусіў чорта.

Жывёлы былі задзейнічаны ў абрадах. (На Каляды хадзілі з казой, мядзведзем, буслом.)

Выявы звяроў знаходзяць у старажытных пахаваннях, з іх костак рабілі абярэгі і ўпрыгожанні, на ручніках — вобразы галубоў і пеўняў. А каго ўносяць у новы дом? Ката і пеўніка! Народная духоўная культура беларусаў вельмі багатая, даследчыкі занатавалі шмат песень, замоў, прыказак, прымавак, павер'яў, загадак. Трэба толькі навучыцца карыстацца (а можа, ганарыцца) гэтым.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Пра русалак з нагамі, працавітага цмока і зачараваных людзей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

«Рэальнае жыццё нi ў якi нават самы дасканалы закон не ўмесцiш»

Пра першы год жыцця Вярхоўнага суда ў новым будынку — Валерый Калiнковiч.

Спорт

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

СААЗ рэкамендуе займацца спортам у хатнiх умовах

Сядзячы спосаб жыцця i нiзкi ўзровень фiзiчнай актыўнасцi могуць аказаць негатыўны ўплыў на здароўе.

Грамадства

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан: Сітуацыя з каранавірусам застаецца кантраляванай

У Беларусі з моманту выяўлення першага выпадку COVID-19 зарэгістравана 351 інфікаваных.