Вы тут

Азбука прафесій. «На працы я павінна быць выхавальніцай, а не мамай, якая глядзіць за сваім дзіцём»


Паводле звестак Міністэрства адукацыі, сёння ў 2940 установах дашкольнай адукацыі розных тыпаў і 858 вучэбна-педагагічных комплексах выхоўваюцца звыш 436 тысяч дзяцей дашкольнага ўзросту, з якімі займаюцца амаль 57 тысяч педагогаў. Узровень ахопу дзяцей дашкольнымі ўстановамі ў Беларусі, адзначаюць спецыялісты, адзін з самых высокіх сярод краін СНД. Але па вялікім рахунку гэта ўсяго толькі сухія статыстычныя лічбы, за якімі хаваецца адна з самых патрэбных і важных, і прытым, даруйце за каламбур, адна з самых незаўважных у грамадстве прафесій — выхавацель дзіцячага садка.


Пра тое, ці дастаткова проста любіць дзяцей, каб працаваць з імі, і чаму з дарослымі знайсці агульную мову бывае цяжэй, чым з малымі, мы распыталі Наталлю СІНІЧЭНКУ, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку № 1 горада Сянно, і яе сына-дзесяцікласніка Глеба. Месца і героі, між іншым, абраны невыпадкова: яслі-садок стаў лепшым у раёне па выніках мінулага года, а сама Наталля Мікалаеўна нядаўна выйграла раённы этап конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі»..

— Існуе распаўсюджаны і даволі крыўдны стэрэатып, маўляў, у выхавацелі сёння бяруць усіх, незалежна ад адукацыі. Глеб, ці ведаеш ты, чаму мама выбрала гэтую прафесію?

Глеб: Як расказвала бабуля, маме з дзяцінства падабалася дапамагаць даглядаць меншых дзяцей, займацца з імі. Гісторыю станаўлення мамы як выхавальніцы я дакладна не ведаю, але ведаю, што гэта быў свядомы выбар — больш за тое, мама пайшла вучыцца ў педагагічны інстытут нават насуперак жаданню бацькоў...

Наталля: Так, бацькі хацелі, каб я ішла ў медыцынскі. А я паступала туды, дзе не трэба здаваць матэматыку (смяецца). Насамрэч, я заўсёды любіла дзяцей, але, шчыра прызнаюся, не ўяўляла цалкам сутнасць працы выхавацеля — мне здавалася, трэба толькі даглядаць малых, а практыка паказала, што неабходна навучыць іх не толькі навыкам самаабслугоўвання і завязвання шнуркоў, але і, напрыклад, навучыць гукавому аналізу слова ці ўменню адрозніваць творы выяўленчага мастацтва па жанры.

— Як правіла, бацькі-выхавацелі стараюцца не браць у групу сваіх дзяцей. У вас як было?

Глеб: Мама працавала ў маім садку, але ў іншай групе, да нас прыходзіла хіба што на замену. Затое бабуля была маім настаўнікам у пачатковай школе, і я на сабе адчуў долю «настаўніцкіх дзяцей», бо ў пятым класе некаторыя настаўнікі спачатку казалі, што бабуля «нацягвала» мне адзнакі. Давялося даказваць, што гэта не так.

Наталля: Так, гэта прынцыповы момант: на працы я павінна быць выхавальніцай, а не мамай, якая глядзіць за сваім дзіцем. Нават калі ў Глеба ішоў адаптацыйны перыяд да садка, я не заходзіла да яго ў групу, каб не перашкаджаць калегам, — і трэба сказаць, адаптацыя прайшла лёгка, ён, можа, дні тры капрызнічаў, а потым асвоіўся.

— Выхавацелю цяжэй кантактаваць з дзецьмі ці з дарослымі?

Глеб: Калі гаварыць канкрэтна пра маю маму, мне здаецца, ёй з дзецьмі больш камфортна — гэта не толькі яе праца, але і яе жыццё. Калі я праводжу больш часу ў школе, то мама большую частку дня — на працы, і нават дома яна, бывае, да ночы рыхтуецца да заняткаў, распрацоўвае прэзентацыі, друкуе справаздачы, прыдумвае штосьці цікавае, стараецца ўкласці ўсю душу ў прафесію. Толькі калі вельмі стамляецца, можа папрасіць мяне аб дапамозе.

Наталля: На сёння магу сказаць, што ўстанавіць кантакт з бацькамі і зрабіць так, каб яны насамрэч табе давяралі, нашмат складаней, чым з дзецьмі. Бо для таго, каб дзеці пачалі табе давяраць і не плакалі, трэба толькі быць з імі шчырай, адкрытай. Дарослыя настолькі адвыклі давяраць каму б там ні было, што для іх «адаптацыі да садка» патрэбны прыкладна год, і для гэтага неабходна, каб яны бачылі цябе не толькі ў раздзявальні ці на фармальных бацькоўскіх сходах. Некаторыя распытваюць, колькі дзіця з'ела лыжак кашы, колькі супу... А гэта далёка не галоўная, а другасная рэч. Таму я стараюся часцей размаўляць з бацькамі, расказваць ім, што такое крызіс трох гадоў, які ў большасці дзяцей супадае з першым паходам у садок і адаптацыяй. Бацькі часам думаюць, што дзіця плача, бо не хоча ў садок, — а гэта ў асноўным якраз з-за бацькоўска-дзіцячых стасункаў, калі малое хоча рабіць усё само, а яго распранаюць і кормяць, як маленькае... Але з «маімі» бацькамі — а цяпер у групе па спісе 18 дзяцей, але пастаянна ходзіць менш — мне пашанцавала, мы адно аднаго слухаем, чуем і падтрымліваем. Хоць, па шчырасці, загружанасць часта перашкаджае нават прачытаць дадатковую навукова-метадычную літаратуру па сваёй спецыяльнасці, не тое што прыдумаць нешта цікавае і крэатыўнае... Мне здаецца, калі б зменшыўся аб'ём папяровай працы, сіл хапіла б горы звярнуць.

— Што, на ваш погляд, самае складанае ў рабоце выхавацеля?

Глеб: Я лічу, што якраз знайсці падыход да бацькоў, усталяваць даверлівыя і ўзаемапаважлівыя адносіны, каб не ўзнікалі на роўным месцы канфлікты з-за дробязяў, калі бацькі, не разбіраючыся, абвінавачваюць выхавацеля ў некампетэнтнасці. Увогуле, мне здаецца, каб выслухоўваць усе бакі і прыходзіць да кампрамісу, выхавацелю патрэбная вельмі моцная, устойлівая псіхіка.

Наталля: Дзякуй, сыночак (смяецца)! Для мяне самае складанае — навучыць дзяцей быць самастойнымі. Я разумею, што педагог, выхаванец і бацькі ў ідэале мусяць шчыльна ўзаемадзейнічаць, але навучыць дзяцей самастойнасці ў нашых умовах, калі многія дарослыя схільныя да гіперапекі, вельмі няпроста. Таму Глеб мае рацыю: я спачатку тлумачу гэта бацькам, паказваю каштоўнасць «я магу», да якога імкнецца кожнае дзіця, а потым мы дзейнічаем разам.

— А што самае прыемнае ў прафесіі выхавацеля — зачыніць дзверы за апошнім выхаванцам і выдыхнуць?

Глеб: На мой погляд, маме падабаецца кантактаваць з дзецьмі, адкрываць у іх пэўныя таленты і здольнасці, аналізаваць праведзеную працу і ўсведамляць, што многім рэчам навучыла гадаванцаў менавіта яна.

Наталля: Найвялікшае задавальненне адчуваю, калі іду па вуліцы, і мае былыя выхаванцы, якім ужо 16, а каму і 20 гадоў, усміхаюцца і вітаюцца. Альбо, напрыклад, якраз пад намі жыве мая колішняя выхаванка — і яна пры сустрэчы можа сказаць: «Наталля Мікалаеўна, якая ў вас класная сукенка — можна я пазычу яе ў вас на вечарынку?» Гэта праўда вельмі важна і прыемна.

— Нават самы вялікі аптыміст, мяркую, пагодзіцца, што выхавацель — гэта не пра грошы. Дзеля чаго і каму варта ісці ў прафесію, як вы мяркуеце?

Глеб: Варта ісці толькі ў тым выпадку, калі ты адчуваеш, што гэта дакладна твой шлях, табе падабаецца сама атмасфера, ты гатовы не толькі займацца з дзецьмі, але і запаўняць мноства дакументаў, і выслухоўваць прэтэнзіі бацькоў... Дарэчы, я крыху не згодны з тым, што калі ты працуеш выхавацелем, то залатых гор ніколі не будзе. Можна развіць свае кампетэнцыі і, напрыклад, працаваць у недзяржаўным, прыватным садку, альбо самому адкрыць падрыхтоўчыя групы для садка ці разгледзець іншыя варыянты.

Наталля: На мой погляд, ісці вучыцца і працаваць у дашкольную адукацыю можна таму, што ты будзеш упэўнены — цябе будуць шчыра любіць. Маленькія дзеці любяць без умоў, без усялякіх «але», адкрыта і аддана.

— Калі Глеб вырашыць ісці працаваць у дзіцячы садок...

Глеб: Сумняваюся. Я не супраць пабыць з адным-двума малымі, але ж не з 22 дзецьмі ў групе! Разы, можа, два я дапамагаў маме ў арганізацыі ранішнікаў ці нейкіх паходаў, і пераканаўся, што гэта вельмі няпростая, карпатлівая праца. З дзецьмі ўсё ж вельмі складана, іх трэба любіць і адчуваць. А мяне больш вабіць юрыдычны кірунак, ужо займаюся з рэпетытарам па грамадазнаўстве і англійскай мове, пакуль не выбраў дакладна, у якую навучальную ўстанову паступаць, але ж час вызначыцца яшчэ ёсць.

— Калі сказаць у некалькіх словах, то выхавальнік — гэта...?

Глеб: Гэта чалавек з вялікай літары. Чалавек, які сапраўды гадуе новых людзей, мае найвышэйшы ўзровень адказнасці і ўмее знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці, якое ўжо — індывідуальнасць са сваім характарам, з тымі ці іншымі станоўчымі і адмоўнымі рысамі.

Наталля: У трох словах? Тады так: гуманны, прафесійны і неардынарны чалавек.

«Сонны» лайфхак

Адна з праблем, якую вайной і мірам спрабуюць вырашыць бацькі дашкольнікаў — пакласці малое спаць днём. Наталля Сінічэнка гаворыць, што ўсё ў руках саміх бацькоў: «Я абсалютна згодна з навукоўцамі, якія распрацавалі прыкладны распарадак дня дашкольніка. І калі вашае дзіця ўстане а сёмай раніцы, а пасля ўсіх заняткаў у яго будзе фізкультхвілінка, калі прагулка будзе дастаткова актыўнай, з уключэннем усіх неабходных кампанентаў, — то, паверце, у гадзіну дня пасля добрага абеда малое будзе моцна спаць. Наогул, калі дома прытрымлівацца такога ж рэжыму, як у дзіцячым садку, то і вам будзе нашмат прасцей, і менш будзе капрызаў «не хачу ў садок».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Людзі, якія гадуюць новых людзей, або Мая мама — выхавальніца!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».