Вы тут

У Брэсцкай крэпасці стартавала міжнародная эстафета, прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі


У Брэсцкай крэпасці стартавала міжнародная эстафета, прысвечаная 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая пройдзе па знешняй мяжы краін — удзельніц СНД. Вайскоўцы пранясуць гэты сімвалічны знак уздоўж дзяржаўнай граніцы, пры гэтым зробяць прыпынкі на заставах, у гарадах і сельскай мясцовасці, дзе будуць праведзены мітынгі, сустрэчы. І ўсё для таго, каб напомніць цяперашнім пакаленням пра жахі вайны, каштоўнасць Перамогі, падкрэсліць значнасць урокаў ваенных падзей. І вядома, успомніць герояў, тых, хто загінуў.


На пачатку ўрачыстага мерапрыемства згадалі воінаў з пагранічных застаў, бо яны былі першыя, хто сустрэўся з ворагам, і першыя, хто загінуў за Радзіму. Значнасць іх подзвігу падкрэсліў у сваім кароткім выступленні старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Анатоль ЛАПО.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС нагадаў, што ў ваколіцах Брэста вайну сустрэлі больш за дзве тысячы пагранічнікаў 17-га чырванасцяжнага Брэсцкага пагранічнага атрада. «Многія з іх, на жаль, загінулі. Таму вельмі сімвалічна, што эстафета памяці бярэ пачатак на нашай брэсцкай зямлі, менавіта каля помніка тым вартавым граніцы, якія стаялі да апошняга, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — У крэпасць штогод прыязджаюць сотні, тысячы людзей з многіх краін свету, шмат хто прыходзіць сюды, на месца былых камендатуры і заставы, каб аддаць даніну памяці героям-пагранічнікам».

Старшыня каардынацыйнай службы Савета камандуючых пагранвойскаў краін СНД Аляксандр МАНІЛАЎ адзначыў, што эстафета стартуе ў адзін дзень у Брэсце і расійскім Мурманску, а завершыцца яна 28 мая ў Маскве на Паклоннай гары. Генерал-палкоўнік Манілаў перадаў сімвал акцыі афіцэрам эстафетнай групы, якія паводле загаду генерал-маёра Лапо адразу пачалі рухацца па маршруце ўздоўж беларускай граніцы. Першы прыпынак эстафетнага сімвала запланаваны на 11-й заставе Брэсцкай пагрангрупы імя Героя Савецкага Саюза А. М. Кіжаватава. Ужо 6 лютага эстафету прымуць вайскоўцы з Пінскага пагранатрада, і яна пойдзе далей, на ўсход, уздоўж Лельчыц, Ельска, Мазыра. Прадстаўнікі пагранічнай службы ФСБ Расіі прымуць пераможны сімвал 18 лютага. Кожная перадача будзе суправаджацца мерапрыемствамі з удзелам грамадскасці, моладзі, школьнікаў. Яны і ў крэпасці былі самымі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Вучні 20-й і 31-й школ Брэста прыйшлі на мітынг з партрэтамі герояў-пагранічнікаў 40-х гадоў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Пранесці памяць уздоўж мяжы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».