Вы тут

І зноў перамога!


Сёлета ўжо шаснаццаты раз Мінск прымаў Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. Знакамітыя майстры лядовай гульні прыехалі, каб пазмагацца за кубак і падарыць радасць балельшчыкам.


За 16-гадовую гісторыю Каляднага турніру заўзятары ў Мінску ўбачылі прадстаўнікоў больш чым 20 краін. Пачынаючы ад прызнаных грандаў сусветнага хакея (фінаў, канадцаў, швейцарцаў, амерыканцаў) да тых, хто толькі нядаўна дамогся першых поспехаў: хакеістаў з Кітая ці Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

На Калядным турніры выступаюць і ўнікальныя каманды. Гэтыя зборныя не ўбачыш на спаборніцтвах сярод прафесіяналаў. Гульцоў розных краін у складах каманд ІІХФ, Балтыі і Балкан у адно цэлае аб’яднала любоў да хакея. Дарадца кіраўніка федэрацыі хакея ЗША Дэйв Огрын прыемна здзіўлены:

— Мы не чакалі, што гэта падзея будзе такога размаху. Маштаб уражвае, мы бачым выдатны хакей! Калядны турнір складана пераацаніць. Паглядзіце, хто сюды прыязджае: кіраўнікі, функцыянеры ІІХФ, хакеісты-ветэраны, якія некалі гулялі разам, сустрэліся зноў. Унікальная магчымасць! Мы абавязкова сюды вернемся.

Згадаем год 2005-ы. Мінскі Палац спорту. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка тады атрымаў узнагароду Міжнароднай федэрацыі хакея за вялікі ўклад у развіццё гэтага віду спорту. Памятны момант стаў кульмінацыяй фіналу першага ў гісторыі Каляднага турніру сярод аматараў.

Выканаўчы дырэктар Федэрацыі хакея Беларусі Сяргей Савіцкі адзначыў, што тады было нямала перадумоў для развіцця аматарскага хакея:

— Будаваліся Палацы спорту, сваю незалежнасць здабыў чэмпіянат Беларусі, дзіцячы хакей развіваўся бурнымі тэмпамі... Нам дапамагло Міністэрства замежных спраў. За кошт асабістых кантактаў наладжвалі сувязі з аматарскімі камандамі. Дзякуючы зацікаўленасці ўсіх бакоў турнір адбыўся ў студзені 2005 года.

З тых часоў штогод у Мінск прыязджаюць зоркі гэтай гульні. За прыкладамі хадзіць далёка не трэба. Летась, напрыклад, сустракалі Дарыуса Каспарайціса, Філа Эспазіта, Андрэя Нікалішына. Сёлета на мінскім лёдзе ўбачылі Стыва Каспера, Рыхарда Лінтнера, Аляксея Кавалёва, Аляксея Жытніка ды іншых легендарных гульцоў.

Год 2007-ы. У Мінск на Калядны турнір упершыню прыязджаюць канадцы, родапачынальнікі хакея. Тады ж і першы рэкорд па колькасці краін-удзельніц — 12. А да свайго першага міні-юбілею Калядны турнір падышоў у статусе неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод аматараў. Кіраўнік Федэрацыі хакея Швецыі Андэрс Ларсан быў уражаны ўбачаным:

— Надзвычайны турнір! Паглядзіце на трыбуны, яны запоўненыя. Атмасфера ў «Чыжоўка-Арэне» фантастычная. Я прыемна здзіўлены ўзроўнем спаборніцтваў. Нам падабаецца абсалютна ўсё.

Калядны турнір яшчэ больш грунтоўна ўмацаваў пазіцыі аматараў хакея па ўсёй краіне. Існуючая на працягу доўгага часу так званая Начная хакейная ліга, або чэмпіянат горада Мінска, пашырылася да трох дывізіёнаў. Калі ў вышэйшым або першым гуляюць тыя, хто так ці інакш раней быў звязаны з гэтым відам спорту прафесійна, то ў другім — выключна аматары: дырэктары і простыя рабочыя, настаўнікі і ўрачы, пажарныя і энергетыкі. Сёння гэта самы масавы па колькасці ўдзельнікаў дывізіён. Чэмпіянат краіны сярод аматараў?! Пад гэта вызначэнне цалкам падпадае і Рэспубліканскі аматарскі турнір на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. З верасня па красавік за кубак і тытул змагаюцца зборныя кожнай вобласці Беларусі, канкурэнцыю якім складае і каманда Прэзідэнта.

У форме трэба быць заўсёды. Аднак у хакеістаў яе пік прыпадае на студзень. А дакладней, на перыяд правядзення міжнароднага Каляднага турніру. Выдатны пачатак новага спартыўнага года! Пра гэта гаварыў і Кіраўнік дзяржавы на адкрыцці цяперашніх спаборніцтваў:

— У гэтыя навагоднія, святочныя дні Мінск літаральна жыве і дыхае зорным хакеем. Гэтыя спаборніцтвы верных рыцараў народнай лядовай гульні даўно называюць неафіцыйным аматарскім чэмпіянатам свету. Сёння ён папулярны і вядомы ва ўсім свеце, у яго свае традыцыі і свае сімвалы.

Перад пачаткам турніру арганізатарам прыйшлося вырашаць звыклую праблему: як змясціць у кампактны фармат спаборніцтваў усіх жадаючых выступаць на гэтай пляцоўцы? На лёдзе «Чыжоўка-Арэны» ў той вечар віталі 12 каманд — фанфары ўрачыста гучалі ў гонар даўніх сяброў з Расіі, Германіі, Кітая, Фінляндыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Швейцарыі, зборных Балкан і Балтыі...

— Без вас немагчыма ўявіць нашы спаборніцтвы, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да гасцей. — З асаблівай радасцю адзначаем, што ў Мінск пасля перапынку вярнулася каманда нашай брацкай Украіны. Самыя цёплыя прывітанні дэбютанту турніра — камандзе Злучаных Штатаў Амерыкі. Як пацвярджэнне высокага статусу нашага турніра і вялікай цікавасці да яго мы ўспрымаем удзел у спаборніцтвах і лядовай дружыны Міжнароднай федэрацыі хакея.

Дарэчы, паралельна з гульнямі аматараў хакея са стажам на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» праходзяць і гарачыя паядынкі фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба». І гэта не проста традыцыя. Гэта той удалы сплаў вопыту і мудрасці з юнацкім запалам і азартам, які працуе на развіццё хакея. Бо для юных хакеістаў гуляць побач з сапраўднымі зоркамі хакея — гэта лепшы майстар-клас, які толькі можна прыдумаць.

Між тым, у сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зусім хутка Мінску ў чарговы раз у сваёй гісторыі трэба будзе прыняць чэмпіянат свету па хакеі — у маі 2021 года да нас зноў прыедуць лепшыя зборныя свету.

— Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, — сказаў Прэзідэнт. — Беларусь мае намер падарыць усім такое ж грандыёзнае спартыўнае свята, якім запомніўся нам чэмпіянат свету ў 2014 годзе.

Таксама Аляксандр Лукашэнка падзякаваў удзельнікам турніру за актыўны ўдзел у каляднай акцыі «Нашы дзеці»:

— Вялікі вам дзякуй, усім тым, хто пабываў у нашых дзетак, якія маюць патрэбу ва ўвазе, дапамозе і падтрымцы старэйшых. Дзякуй вам за цеплыню вашых вялікіх сэрцаў.

Прэзідэнт нагадаў, што Калядны турнір — гэта заўсёды бескампрамісная барацьба на лёдзе, а таксама нязмушаная святочная атмасфера за межамі гульнявой пляцоўкі і на трыбунах.

— Яшчэ адна асаблівасць нашага турніру, — зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы, — разам з пераможцамі і прызёрамі спаборніцтваў у выйгрышы заўсёды застаюцца ўсе ўдзельнікі і, галоўнае, тыя, для каго мы выходзім на пляцоўку — нашы балельшчыкі, таму што галоўны герой на гэтай лядовай арэне — наш любімы спорт.

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль асабіста прыехаў у Беларусь, каб стаць часткай гэтага свята спорту. Убачаным функцыянер застаўся захоплены, падкрэсліўшы, што арганізаваны спаборніцтвы на ўзроўні чэмпіянату свету сярод прафесіяналаў. Пра гэта Рэнэ Фазэль казаў у Палацы Незалежнасці падчас асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вось ён, прыклад спартыўнай дыпламатыі ў дзеянні. Бо імідж Беларусі фармуецца ў тым ліку і на спартыўных арэнах. І не толькі за кошт перамог нашых атлетаў, але і за кошт узроўню арганізацыі міжнародных турніраў. Замежныя госці бачаць нашу развітую інфраструктуру, выдатныя спартыўныя аб’екты, бачаць горад еўрапейскага ўзроўню. І ў выніку ацэньваюць Беларусь як краіну, здольную прымаць самыя буйныя турніры, у тым ліку чэмпіянаты светы па хакеі.

...А гэта Абу-Дабі — сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Сярэдняя тэмпература паветра — плюс 40 градусаў. Здавалася б, як у гэтай краіне можна развіваць хакей? Але ўсё ж гэта магчыма. Праўда, не без дапамогі і беларусаў. Прэзідэнцкі спартыўны клуб падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве з Саветам Абу-Дабі па спорце, у прыватнасці, з клубам Абу-Дабі па лядовых відах спорту і Федэрацыяй лядовых відаў спорту ААЭ. Як следства, нашы спецыялісты адправіліся ў гэтую гарачую краіну, каб перадаваць свой вопыт мясцовым хакеістам. Узначальвае зборную ААЭ Арцём Сянькевіч. Таксама ў трэнерскі штаб уваходзяць і іншыя беларускія спецыялісты: Міхаіл Клімін, Андрэй Якімовіч і Сяргей Задзяленаў. Вось вам яшчэ адзін прыклад спартыўнай дыпламатыі.

Каляды вакол нас — фраза, якую можна часта пачуць напярэдадні вялікага свята. Па-асабліваму яна загучала дзякуючы Каляднаму турніру. І гаворка тут не пра хакейныя баталіі, а пра дабрачынную акцыю, якую праводзяць удзельнікі спаборніцтваў пад патранатам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і федэрацыі хакея. На гэты раз больш шчаслівымі сталі дзеткі чатырох дамоў сямейнага тыпу аднаго з раёнаў Мінска.

Каманда Прэзідэнта і сёлета абараніла тытул наймацнейшай на Калядным турніры. У фінале былі абыграны расіяне. 13-ы раз дружына Кіраўніка дзяржавы лепшая сярод аматараў хакея планеты. Традыцыйна перад узнагароджаннем старэйшых свае ўзнагароды атрымалі пераможцы і прызёры «Залатой шайбы». Радасныя вочы дзетак, усмешка Прэзідэнта, акіян пераможных эмоцый, але пры тым абавязковая радасць у душы кожнага. Тут няма прайграўшых — толькі пераможцы!

Між іншым, колькасць удзельнікаў штогадовых спаборніцтваў у Мінску будзе павялічвацца. Пра сваё жаданне выступіць пад Каляды ў Беларусі заяўляюць больш за дванаццаць каманд. І беларуская сталіца гатовая да такога выкліку.

Аляксей Фядосаў.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.