Вы тут

Як палепшыць пазнавальнасць дэпутатаў сярод моладзі, якая «сядзіць у гаджэтах»?


Сёння ў 14-ты раз сусветная суполка адзначае свята, мэта якога — нагадаць пра важнасць дэмакратычных выбараў, павышэнне актыўнасці выбаршчыкаў, а таксама нагадаць палітыкам аб іх адказнасці за ўмацаванне дэмакратыі, — Сусветны дзень выбараў.

Паказальна, што менавіта да гэтай даты быў прымеркаваны візіт мінскіх школьнікаў у Палату прадстаўнікоў і іх сустрэча са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэферэндумаў Лідзіяй ЯРМОШЫНАЙ.


— Мы запрасілі самых актыўных маладых людзей — лідараў пярвічных арганізацый БРСМ школ, удзельнікаў клуба «Малады выбаршчык», актывістаў праекта «Крок» — тых дзяўчат і хлопцаў, якім неабыякава будучыня нашай краіны, — расказаў журналістам член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей КЛІШЭВІЧ. — Думаю, ім цікава паглядзець знутры, як працуе вышэйшы заканадаўчы орган краіны, пагутарыць з кіраўніком Цэнтрвыбаркама. Думаю, нехта з іх, магчыма, стане і дэпутатам. Калі вучыўся ў школе, я прыходзіў у парламент на экскурсію, а сёння прадстаўляю ў ім Кастрычніцкую выбарчую акругу № 97 горада Мінска.

Па меркаванні дэпутата, беларускай выбарчай сістэме бракуе сучасных тэхналогій. У мінулыя выбары можна было выкарыстоўваць мабільную праграму «Галасую!», распрацаваную членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, з дапамогай якой выбаршчык па дамашнім адрасе мог знайсці сваю выбарчую акругу, участак для галасавання, а таксама атрымаць інфармацыю пра кандыдатаў у дэпутаты. Сяргей Клішэвіч выказаў упэўненасць, што падобная ідэя будзе рэалізавана на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, але, на яго думку, у Беларусі падчас выбараў варта ўкараняць і іншыя сучасныя формы.

— Магчыма, галасаванне па інтэрнэце дачаснае, але іншыя тэхналогіі маюць права на жыццё, — лічыць ён. — Зараз актывісты БРСМ Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прапанавалі распрацаваць мабільную праграму «Мой дэпутат», праз якую можна будзе атрымаць дадзеныя аб гадзінах прыёму дэпутата, кантакты яго і яго памочніка, мець зносіны з ім у рэжыме анлайн праз сацыяльныя сеткі. Пазнавальнасць дэпутата — актуальная праблема, і моладзі, якая «сядзіць у гаджэтах», трэба прапанаваць адпаведную форму, таму такая ініцыятыва, мяркую, павінна атрымаць падтрымку.

Лідзія Ярмошына паведаміла маладым людзям, што падобныя сустрэчы будуць традыцыйныя, такім чынам робяць і цэнтрвыбаркамы іншых краін. Яна расказала пра структуру беларускага парламента, выбарчую сістэму і выбары ў Беларусі, кампетэнцыю і статус Цэнтральнай выбарчай камісіі, рэферэндумы, якія праходзілі ў нашай краіне.

— Наша мажарытарная сістэма чым добрая? Па-першае, яна ўлічвае меркаванне большасці выбаршчыкаў, па-другое, дазваляе прагаласаваць за канкрэтную персону. Але яе слабым бокам з’яўляецца тое, што не ўлічваецца меркаванне меншасці, — патлумачыла старшыня ЦВК будучым выбаршчыкам. — У той час як прапарцыянальная сістэма дазваляе пачуць галасы меншасці выбаршчыкаў і садзейнічае развіццю палітычных партый, якія фарміруюць палітычны фон і палітычную эліту. У нашай краіне адбываецца дыскусія пра тое, што, магчыма, надышоў час перайсці да змешанай сістэмы, але ніякіх канкрэтных прапаноў пра ўнясенне змяненняў у Канстытуцыю, нашы заканадаўчыя акты пакуль не выпрацавана і ў парламент не ўносілася. Прэзідэнт не так даўно сказаў, што мажарытарная сістэма ў нашай краіне яшчэ не выпрацавала свой рэсурс і можа паспяхова выкарыстоўвацца.

Лідзія Ярмошына дадала, што ў Беларусі самы малы Цэнтрвыбаркам і самыя танныя, чым недзе, выбары. «У нашай краіне выбары каштуюць парадку 10–11 мільёнаў долараў, або менш за 2 долары на выбаршчыка — гэта вельмі мала, таму што многае ўскладзена на дзяржаўныя органы кіравання і ўлады, — звярнула яна ўвагу аўдыторыі. — Ва ўсіх суседніх дзяржавах — 10–15 долараў на выбаршчыкаў каштуе выбарчая кампанія».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».