Вы тут

Як сацыяльны эфект абярнуць на карысць эканоміцы? Падкажа вопыт Кармяншчыны


У датацыйным раёне, дзе каля паловы насельніцтва задзейнічана ў эканоміцы, а чвэрць жыхароў — дзеці і падлеткі, змаглі за апошнія чатыры гады распрацаваць і ажыццявіць 12 мясцовых ініцыятыў. Як сацыяльны эфект абярнуць на карысць эканоміцы? Вопыт калег з Кармяншчыны вывучалі дэпутаты Гомельскай вобласці. У фармаце жывога дыялогу прайшоў традыцыйны выязны семінар старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню.


Гасцей на чале з кіраўніком Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярынай Зенкевіч сустрэлі старшыня Кармянскага райвыканкама Андрэй Турук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Шэхцер. Спачатку быў зроблены невялікі экскурс у гісторыю і сучаснасць Кармяншчыны, коратка расказана пра асаблівасці тэрыторыі, насельніцтва, сацыяльнае і эканамічнае становішча. Праграму семінара гаспадары падрыхтавалі насычаную, таму не праз даклады, а на справе прапанавалі ацаніць вынікі работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

— Пляцоўка для генерацыі і апрабацыі найлепшых ідэй па папулярызацыі здаровага спосабу жыцця, — прэзентавала першы аб'ект начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Еўтухова. — Фізкультурна-аздараўленчы комплекс ДЮСШ Кармянскага раёна паўтара года таму быў перададзены з балансу Райжылкамгаса аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Вырашылі працягваць на яго базе больш актыўную работу па праграме «Карма — здаровы гарадскі пасёлак».

Да работы падключыліся ўсе суб'екты прафілактыкі. Фінансавую дапамогу атрымалі па праекце садзеяння развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі праз праграму ААН. У яе межах для дзяцей набылі 30 веласіпедаў, яшчэ сем падаравалі спонсары. Цяпер у комплексе для дзятвы бясплатна праходзяць заняткі па плаванні ў басейне. Бясплатныя групы і для пенсіянераў. Апошнія, дарэчы, — заўзятыя аматары пакруціць педалі на спартыўных трэнажорах комплекса.

Пра тое, наколькі такая ініцыятыва ўлад атрымала шырокую папулярнасць, сведчаць фотасправаздачы і водгукі ў сацсетках, якія аматары здаровага спосабу жыцця пакідаюць пад хэштэгам: «Карма за здаровы спосаб жыцця». Да штогадовага красавіцкага велафестывалю ў Карме ўжо далучаюцца жыхары з іншых раёнаў, а таксама госці з Італіі, Бельгіі і Аўстрыі.

Кармянская ініцыятыва па новай форме сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей таксама можа стаць добрым прыкладам для ўкаранення ў іншых раёнах Гомельшчыны, выказала ўпэўненасць старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч падчас наведвання Кармянскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У раёне цяпер на ўліку сацслужбаў знаходзіцца больш за дзве тысячы грамадзян розных катэгорый. Працуюць і з тымі, хто звяртаецца самастойна, але і самі прапануюць дапамогу сталым, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Наша правіла: з кожным пажылым чалавекам павінен працаваць псіхолаг. Мы цесна супрацоўнічаем са старшынямі сельсаветаў, бо наша дапамога вельмі патрэбна самотным пенсіянерам, інвалідам у аддаленных вёсках, — расказала пра сацыяльны клопат на Кармяншчыне начальнік аб'яднанага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чачэрскага раёна Вольга Захаранка. — У гарадскім пасёлку Карма і ў сельскіх населеных пунктах ёсць дамы сумеснага, часовага пражывання, гасцявыя, прыёмныя, патранажныя сем'і. Валанцёры на бязвыплатнай аснове бяруць да сябе ў дом зусім чужога састарэлага чалавека і даглядаюць яго.

Кармянскі раён, дарэчы, адзін з нямногіх у Гомельскай вобласці, дзе прынялі рашэнне ўзяць у арэнду кватэру з гарадскога жылфонду для аказання неабходных сацыяльных паслуг насельніцтву.

— Гэтая двухпакаёвая кватэра знаходзіцца насупраць цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Цяпер там ідзе рамонт, а потым заселім туды некалькі пажылых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ці якім не дазваляе здароўе зімаваць адным у аддаленай вёсцы, — расказвае спікер.

З мэтай зніжэння нагрузкі на бюджэт Кармянскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання актыўна працуе з праграмамі міжнароднай тэхнічнай і гуманітарнай дапамогі. На сродкі аднаго з праектаў, напрыклад, закупілі веласіпеды і неабходнае спецадзенне для сацыяльных работнікаў.

Каб пасля заканчэння праекта засталіся вынікі — толькі з такой мэтай можна брацца за любыя праекты, лічаць куратары яшчэ адной ініцыятывы, якая дакладна падарыла дзясяткам вясковых жыхароў магчымасць атрымаць спецыяльнасць, працаўладкавацца ці адкрыць сваю справу.

На базе Барсукоўскага сельскага Савета дэпутатаў рэалізаваны праект «Стварэнне ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці Цэнтра нефармальнай адукацыі».

— Гэта адукацыйная ініцыятыва ў межах праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць» пры суправаджэнні гомельскай пярвічнай арганізацыі «Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын», — расказала старшыня гэтага сельсавета Святлана Караткевіч. Праект фінансаваўся Еўрапейскім саюзам. Партнёрамі выступілі Кармянскі раённы Савет дэпутатаў, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Барсукоўскі сельскі Савет дэпутатаў.

Мэта праекта — адаптацыя людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, да патрабаванняў рынку працы і садзейнічанне ім у пераадоленні крызісу. Жыхары не толькі сельсавета, але і ўсяго раёна ў мэтавых групах прайшлі тэорыю і практыку заняткаў мастацкай творчасцю, курсы па пэчворку. Людзі навучыліся тэхніцы шыцця са шматкоў тканіны, атрымалі навыкі работы на швейнай машынцы, навучыліся рамантаваць адзенне. Акрамя таго, у межах праекта ў Гомелі жанчыны прайшлі курсы майстроў па манікюры, педыкюры, па цырульным майстэрстве.

Гэта шанц адкрыць свой маленькі бізнес. Цяпер, калі яны маюць на руках дакумент пра наяўнасць спецыяльнасці, гэта зрабіць прасцей. Да таго ж у межах праекта кожны атрымаў парады ад юрыста па афармленні статусу самазанятага. Зараз у Кармянскім раёне ладзяць яшчэ адну адукацыйную праграму па развіцці фермерства і вядзенні прыватнай дапаможнай гаспадаркі.

Наталля Капрыленка

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.