Вы тут

Ігар Жук: Добрая грамадская ініцыятыва павінна быць не толькі пачутая, але і рэалізаваная


Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі рэгіёна.

За тры гадзіны паступіла каля двух дзясяткаў зваротаў, большасць з якіх датычылася жыллёвых праблем, сферы паслуг, сацыяльнай інфраструктуры індывідуальнай жылой забудовы.


Згодна з існуючай практыкай, разам са старшынёй аблсавета на званкі адказвалі і прадстаўнікі шэрагу службаў абласной выканаўчай улады. Гэта дазволіла не толькі выслухаць максімальную колькасць зваротаў, але і аператыўна адрэагаваць на іх, растлумачыць грамадзянам алгарытм дзеянняў па той ці іншай праблеме. На думку Ігара Жука, колькасць зваротаў зніжаецца. Гэта абумоўлена тым, што многія набалелыя пытанні ўдалося вырашыць. Да таго ж расце ўзровень інфармаванасці грамадзян. Каб атрымаць адказ, жыхары звяртаюцца ў адпаведныя службы па месцы жыхарства. Многія пытанні здымаюцца пасля сустрэч дэпутатаў са сваімі выбаршчыкамі.

— Многае робіцца як мясцовымі ўладамі, так і дэпутацкім корпусам вобласці, — адзначыў Ігар Жук. — Напрыклад, летась дэпутаты мясцовых Саветаў амаль у два разы павялічылі колькасць сустрэч з працоўнымі калектывамі і з жыхарамі сваіх выбарчых участкаў. Падчас такіх сустрэч жыхары даведваюцца пра тое, чым будзе жыць і як развівацца той ці іншы населены пункт, што будзе зроблена ў бліжэйшы час, а што — у перспектыве. Такая інфармаванасць дапамагае здымаць многія пытанні. У выніку зменшылася колькасць зваротаў і да саміх дэпутатаў, і ў цэлым у Саветы.

І ўсё ж зваротная сувязь неабходна, лічыць старшыня Гродзенскага аблсавета. І сустрэчы, і прамыя лініі дазваляюць праманіторыць сітуацыю як у асобным працоўным калектыве, так і ў цэлым па населеным пункце і нават па раёне.

Аналіз такога ўзаемадзеяння паказаў, што дэпутацкаму корпусу трэба ўдасканальваць работу, шукаць новыя яе формы і метады, каб узняць мясцовае самакіраванне на вышэйшы ўзровень. У першую чаргу варта прыцягнуць да сумеснай работы неабыякавых людзей.

— Адной з задач дэпутатаў якраз і з'яўляецца ўменне разглядзець канструктыўныя прапановы грамадзян, якія клапоцяцца аб развіцці свайго населенага пункта. Добрая грамадская ініцыятыва павінна быць не толькі пачутая, але і рэалізаваная. У гэтым сэнсе жыхары і дэпутаты робяць адну важную справу. Напрыклад, за парадак на той жа вясковай вуліцы ці гарадскім двары павінны адказваць не толькі мясцовыя выканкамы і іх службы, але і самі жыхары. Вось да чаго нам трэба імкнуцца, — упэўнены Ігар Жук.

Амаль кожная прамая лінія з прадстаўнікамі ўлады не абыходзіцца без слоў падзякі ад жыхароў. Чарговы тэлефонны дыялог — не выключэнне. Гэтым разам жыхар з Воранава падзякаваў старшыні абласнога Савета дэпутатаў за аператыўнае вырашэнне праблемы з энергазабеспячэннем.

Маргарыта Ушкевіч

Фота: grodnonews

Загаловак у газеце: «Грамадскую ініцыятыву важна пачуць і падтрымаць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?