Вы тут

Чаму мясцовая ўлада не можа вырашыць нават самыя дробныя пытанні?


На нядаўнім пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама абмяркоўвалі тэму зваротаў грамадзян у мінулым годзе. На адрас адказных асоб, а некаторых з іх, напэўна, можна назваць безадказнымі, прагучала нямала крытыкі. Насамрэч асобныя факты непавагі да людскіх праблем проста шакіруюць. Чаму мясцовая ўлада не можа вырашыць нават самыя дробныя пытанні?


У прыватнасці, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення пісьмовых і электронных зваротаў галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Хрысціна Побаль паведаміла пра сігнал аб неабходнасці рамонту дзіцячай горкі. Жыхары Білева, спальнага мікрараёна Віцебска, аж тры гады (!) чакалі рамонту месца для гульняў дзяцей у двары. Звярталіся ў розныя інстанцыі і спадзяваліся на паразуменне. Сярод іншых не дапамог і дэпутат гарадскога Савета, які тры тыдні быў вельмі заняты сваімі рабочымі і асабістымі справамі, а не дэпутацкімі абавязкамі. І толькі пасля звароту ў Адміністрацыю Прэзідэнта сітуацыя змянілася. А гэта ж пытанне ў кампетэнцыі мясцовай улады! І зразумела, каб вырашыць праблему, не трэба было патраціць шмат грошай. А хто-небудзь задумаўся з тых, да каго звярталіся, што праблемны «дзіцячы гарадок» мог стаць прычынай траўміравання, крый Божа, гібелі дзіцяці?

Хрысціна Побаль таксама расказала пра жыхара Аршанскага раёна, які на асабістым прыёме прасіў адрамантаваць воданапорную вежу, каб выключыць затапленне зямельных участкаў. У Адміністрацыю з мясцовай улады адрапартавалі ў лісце за подпісам намесніка старшыні райвыканкама, што ўсё неабходнае зроблена. Але пасля пераправеркі (заяўніку патэлефанавалі з Мінска) высветлілася, што зроблена гэта было толькі на паперы, якая, як вядома, усё сцерпіць.

А ў Гарадоцкім раёне толькі пасля звароту ў Адміністрацыю змаглі дабіцца аднаўлення дзейнасці крамы ў так званай крокавай дасягальнасці. Мясцовыя жыхары ну ніяк не хацелі хадзіць па пакупкі прыблізна за кіламетр...

Пры гэтым, як падкрэсліла прадстаўніца Адміністрацыі Прэзідэнта, ёсць у паўночнай вобласці краіны нагода для гонару мясцовай улады. Рост колькасці зваротаў у Адміністрацыю з Віцебшчыны летась склаў усяго 1 % — найлепшы паказчык у краіне (2330 зваротаў).

А з Адміністрацыі ў аблвыканкам накіравана для рэагавання 562 звароты — на 3,8 % больш, чым у 2018-м. І што цікава, патрабаванні па 26 зваротах (5 %) задаволілі.

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Віцебскага аблвыканкама Ілона Шульга канстатавала, што летась у мясцовыя органы ўлады было каля 37,6 тысячы зваротаў, што меней на 3 %, чым пазалетась.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў параіў старшыням райвыканкамаў і іх падначаленым не пазбягаць «нязручных» тэм, пра якія сігналізуюць людзі. У ідэале трэба выехаць на месца, самім усё паглядзець, даручыць зрабіць хоць бы штосьці мінімальнае, каб чалавек адчуў клопат. Інакш грамадзяне працягваюць скардзіцца, але ўжо вышэй. І тады тыя лісты адпраўляюцца мясцовай уладзе на рэагаванне, каб (калі людзі маюць рацыю) было нешта зроблена. Губернатар параіў чыноўнікам у рэгіёнах старацца на мясцовым узроўні здымаць праблемныя пытанні.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч адзначыў, што сам ужо не раз упэўніўся падчас прыёмаў грамадзян у раёнах, што некаторыя праблемныя пытанні можна зняць за некалькі хвілін. Трэба толькі зразумець сутнасць, разабрацца з тым, што можна зрабіць, доўга не зацягваючы час. І лепш вырашаць праблему з выездам на месца. У крайнім выпадку заўсёды можна знайсці нейкі часовы варыянт для наступнага вырашэння пытання, якое хвалюе грамадзян.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Прэв'ю: kaig-orsk.ru

Загаловак у газеце: Прасцей разбірацца на месцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.