Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з шэрагам кіраўнікоў дыпмісій у Мінску


Істотны ўнёсак ва ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі робіць парламенцкая дыпламатыя, у тым ліку сустрэчы сенатараў з акрэдытаванымі ў Беларусі пасламі. Днямі старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з шэрагам кіраўнікоў дыпламатычных місій у Мінску.


Фота БЕЛТА

Форум — зона адказнасці сенатараў

Спікер верхняй палаты парламента сустрэлася з паслом Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрыем Мезенцавым. Падчас размовы з паслом былі абмеркаваны бягучыя пытанні двухбаковых адносін. У прыватнасці, прадметна гаварылі аб пашырэнні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Суразмоўцы таксама закранулі тэму падрыхтоўкі VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Між іншым, аргкамітэт па яго правядзенні ўзначальвае намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка. Форум сёлета восенню прымуць Мінск і Мінская вобласць. Нагадаем, такія форумы зарэкамендавалі сабе выдатнай формай развіцця прамых кантактаў і сувязяў паміж рэгіёнамі, сталі моцным стымулам паглыблення супрацоўніцтва. Праводзяцца яны штогод пад эгідай беларускага Савета Рэспублікі і расійскага Савета Федэрацыі. Яны стварылі сумесную міжпарламенцкую камісію па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Сёння, дарэчы, у Савеце Рэспублікі пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай пройдзе першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Сур'ёзны палітычны дыялог

Наталля Качанава правяла сустрэчу з паслом Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь Георгі Васілёвым. У цэнтры ўвагі былі пытанні міжпарламенцкага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што адносіны з Балгарыяй актыўна развіваюцца. Вельмі важна, што ў апошнія гады аднавіўся сур'ёзны палітычны дыялог. Яна адзначыла, што Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні міжпарламенцкіх кантактаў з Балгарыяй.

Наталля Качанава звярнула ўвагу на станоўчую дынаміку тавараабароту паміж краінамі. За студзень—лістапад 2019 года аб'ём узаемнага гандлю вырас на 10,4 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года. Развіваецца рэгіянальнае супрацоўніцтва, пабрацімскія сувязі маюць больш за 40 гарадоў.

— Думаю, у нас добрыя перспектывы, — выказала ўпэўненасць старшыня Савета Рэспублікі.

Як адзначыў пасля сустрэчы ў размове з журналістамі Георгі Васілёў, Беларусь і Балгарыя маюць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва. На яго погляд, варта практыкаваць новыя падыходы партнёрства. Напрыклад, у Балгарыі высока ацэньваюць узровень развіцця беларускага ІT-сектара. Таму, лічыць пасол, трэба актывізаваць двухбаковае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы.

Плён міжпарламенцкага ўзаемадзеяння

Наталля Качанава сустрэлася з паслом Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Арменам Гевандзянам.

Па яе словах, найбольш паспяховым прыкладам узаемадзеяння з'яўляецца партнёрства паміж парламентамі Беларусі і Арменіі. Створана і паспяхова працуе міжпарламенцкая камісія, адбылося ўжо 12 пасяджэнняў. Летась камісія збіралася ў Ерэване, сёлета сустрэча пройдзе ў Мінску. Наталля Качанава падкрэсліла, што ў Беларусі высока цэняць узровень палітычнага дыялогу, які склаўся паміж краінамі.

У цэлым беларуска-армянскія адносіны заснаваны на дружбе народаў, а таму і супрацоўніцтва, напрыклад у гандлёва-эканамічнай сферы, дынамічна развіваецца, адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

— Хацелася б у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве бачыць цэлы шэраг новых праектаў, якія былі б выгадныя Беларусі і Арменіі. Гэта датычыцца і паставак гарадскога пасажырскага транспарту. Ведаю, што ўжо заключаны дагаворы з беларускімі прадпрыемствамі па замене ліфтаў у Ерэване, — звярнула яна ўвагу.

Арменія пакуль не ўваходзіць у спіс асноўных знешнегандлёвых партнёраў Беларусі, як і Беларусь не належыць да вядучых партнёраў Арменіі. Але будзем спадзявацца, што гэта з'ява часовая. У дзвюх краін ёсць велізарныя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага гандлю, супрацоўніцтва ў прамысловасці і навуцы, сельскай гаспадарцы, перапрацоўчай галіне і інфармацыйных тэхналогіях.

Пра гэта сведчыць статыстыка. У 2017 годзе аб'ём двухбаковага тавараабароту склаў 42,7 мільёна долараў (132,9 % да ўзроўню 2016 года). Па выніках 2018 года тавараабарот пераўзышоў 50 мільёнаў долараў (117,3 % да ўзроўню папярэдняга перыяду). За студзень—лістапад 2019 года аб'ём узаемнага гандлю паміж краінамі склаў 63,7 мільёна долараў і вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года на 39 %.

Арменія набывае ў нашай краіны машыны, трактары, будаўнічую і сельскагаспадарчую тэхніку, запчасткі, лекі, запалкі, пластмасавыя вырабы, покрыўкі, драўляныя будматэрыялы, кабель, трыкатажныя вырабы і іншыя тавары. У Беларусь ідуць напоі, мінеральныя воды, тавары хімічнай вытворчасці, электратэхнічнае абсталяванне, трансфарматары і іншыя тавары. У ліпені 2012 года ў Мінску адкрылася сумесная вытворчасць па разліве якасных армянскіх каньякоў.

У цэлым Беларусь гатова да далейшага супрацоўніцтва з Арменіяй па ўсіх кірунках, канстатавала ў ходзе размовы з паслом старшыня Савета Рэспублікі.

— Я хачу запэўніць, што парламентарыі, члены Савета Рэспублікі зробяць усё для таго, каб нашы добрыя адносіны развіваліся ў далейшым, — сказала Наталля Качанава.

Суразмоўцы падкрэслілі, што важную ролю ва ўмацаванні двухбаковага супрацоўніцтва адыгрываюць беларуска-армянская міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (праведзена 13 пасяджэнняў), беларуска-армянская міжурадавая камісія па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве (праведзена 3 пасяджэнні), сумесная беларуска-армянская камісія па пытаннях навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Пасол у гутарцы з журналістамі падкрэсліў, што ў рамках вышэйзгаданай міжпарламенцкай камісіі абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў — ідзе размова і аб садзейнічанні парламентарыяў развіццю эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Арменіяй.

У прыватнасці, Армен Гевандзян лічыць, што і ў Арменіі, і ў Беларусі робіцца вялікая стаўка на чалавечы капітал. Адсюль і актуальнасць узмацнення ўзаемадзеяння ў сферы высокіх тэхналогій. Надышоў час актывізаваць сумесную дзейнасць профільных кампаній, наладзіць абмен досведам, выкарыстоўваць напрацоўкі, якія ёсць у парку «Вялікі камень» і Парку высокіх тэхналогій. Гэта можа значна павялічыць аб'ёмы двухбаковага тавараабароту, адзначыў дыпламат.

Леанід Лахманенка

Загаловак у газеце: Парламенцкая дыпламатыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».