Вы тут

Наталля Качанава ацаніла новыя аб'екты Магілёва і сустрэлася з дэпутацкім актывам рэгіёна


За апошні час Магілёў істотна змяніўся: з'явіліся новыя сацыяльныя і культурныя аб'екты, больш дасканалая стала інфраструктура. І працэс працягваецца — будуюцца жыллё, паліклінікі, новыя дарогі. Сёння мікрараён Казіміраўка ў Магілёве — адзін з самых перспектыўных. Летась тут была ўведзена ў эксплуатацыю сучасная школа № 46 з начыннем па апошнім слове ІT-тэхнікі. Менавіта з наведвання гэтага аб'екта і пачалі свой рабочы візіт у Магілёў старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы.


Спі­кер пар­ла­мен­та за­ві­та­ла на ўрок.

Магілёву надалі глянцу

Новая ўстанова адукацыі сапраўды ўражвае. Інтэрактыўныя дошкі, мультыборды, у настаўнікаў на сталах камп'ютары, у вучняў — электронныя дзённікі. Такая школа чацвёртая ў краіне пасля Мінска, Бабруйска і Крычава. Але са сваімі мясцовымі адметнасцямі. У фае на ўсю сцяну мастацкае пано з усімі тутэйшымі славутасцямі — ратушай, ільвамі на мосце праз Дняпро, уязной аркай, астролагам на плошчы Зорак...

— Самае галоўнае, што нашы будаўнікі прыклалі шмат намаганняў, каб здаць гэтую школу датэрмінова — да 1 верасня, — прадставіў яе высокім гасцям мэр Магілёва Уладзімір Цумараў. — Па нарматывах яе павінны былі здаць толькі сёлета ў сакавіку. Але мы разумелі, наколькі важны для горада аб'ект. Мікрараён вялікі, перспектыўны. Школа ўжо стала цэнтрам прыцягнення ўсіх жыхароў Казіміраўкі. Па вечарах тут заўсёды шмат людзей, школьны спартыўны гарадок і будаваўся з разлікам на насельніцтва мікрараёна.

Наталля Качанава і Міхаіл Русы прайшліся па будынку ў суправаджэнні губернатара вобласці Леаніда Зайца і іншых прадстаўнікоў мясцовай улады і ведамстваў. Спікер парламента пагутарыла з настаўнікамі, спыталася, як ім працуецца ў новай школе.

На ўроку ў першакласнікаў пацікавілася, якія прадметы яны вывучаюць.

— І беларускую мову таксама? — спыталася яна ў дзятвы.

— Так, — хорам адказалі яны.

— А ці падабаецца яна вам?

— Вельмі!

На пытанне Наталлі Качанавай, як выконваюцца даручэнні Прэзідэнта па наданні Магілёву «глянцу», губернатар вобласці Леанід Заяц далажыў пра ўсе тыя змены, якія ўжо адбыліся і якія яшчэ чакаюць Магілёў у найбліжэйшай будучыні. Гэта будаўніцтва новых важных спартыўных і медыцынскіх аб'ектаў, а таксама дубль-трасы, якая разгрузіць перапоўненыя сёння Мінскую шашу і вуліцу Якубоўскага. Горад пасля гэтага ўздыхне на поўныя грудзі, падкрэсліў губернатар.

На будаўніцтве паліклінікі працуюць нават ноччу

Хутка ў Казіміраўцы з'явіцца вельмі запатрабаваная жыхарамі паліклініка — таксама перадавая і сучасная. Будаўнічая пляцоўка стала наступным аб'ектам наведвання. Яе ўзвядзеннем займаецца будтрэст № 12. Паліклініка таксама будуецца з апярэджаннем тэрмінаў. Работы вядуцца нават па начах, але, як запэўнілі прадстаўнікі мясцовай улады, ніводнай скаргі не паступае. Народ чакае гэтую паліклініку і церпіць часовыя нязручнасці.

— Гэта будзе цэлы камбінаваны комплекс для аказання першаснай медыцынскай дапамогі, — паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. — Тут сабраны ўсе найноўшыя тэхналогіі, якія датычацца арганізацыі амбулаторна-паліклінічнай дзейнасці. Зручнасць паліклінікі заключаецца ў тым, што 37 тысяч жыхароў Магілёва, якія будуць тут абслугоўвацца, атрымаюць дапамогу ў поўным аб'ёме. Не спатрэбіцца дзецям хадзіць у адзін бок, дарослым — у другі: усё будзе засяроджана ў адным будынку. Тут жа размесціцца падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі, чатыры медыцынскія брыгады якой будуць аказваць экстранную дапамогу жыхарам раёна. Кошт паліклінікі складзе 48 мільёнаў рублёў, з якіх 19 мільёнаў пойдзе на закупку самага сучаснага абсталявання. Адкрыццё запланавана на лістапад.

Наталля Качанава ацаніла і новы паветраапорны футбольны манеж на базе ДЮСШАР № 7, пабудаваны ў Магілёве таксама з апярэджаннем тэмпаў.

— Летась у адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы мы яго адкрылі, — удакладніў мэр Магілёва Уладзімір Цумараў. — Гэта вельмі добры комплекс для дзяцей. Усе ўмовы для развіцця гэтага віду спорту мы стварылі. Летам таксама адкрылі крытыя тэнісныя корты з трыбунамі — зрабілі ўсё для таго, каб чалавек мог развівацца і весці здаровы лад жыцця.

Акрамя таго, летась у цэнтры Магілёва быў урачыста адкрыты вялікі шматфункцыянальны комплекс — дзесяціпавярховы гандлёва-дзелавы цэнтр «Атрыум» агульнай плошчай 43 тысячы квадратных метраў. Пад адным дахам знаходзяцца крамы, кіназалы, забаўляльны комплекс, чатырохзоркавая гасцініца са спа-цэнтрам і фітнес-залай.

— Мы яшчэ памятаем той стары сціплы будынак Дома быту, які быў на гэтым месцы. Ён функцыянаваў з 1973-га і ўжо маральна састарэў, — кажа Уладзімір Цумараў. — У 2008 годзе мы знайшлі інвестара, які абяцаў надаць старому будынку новы выгляд, але працэс з-за фінансавай нестабільнасці кампаніі на некалькі гадоў прыпыніўся. Будынак вярталі праз гаспадарчы суд. У 2014 годзе для яго знайшоўся новы інвестар, які ўсе свае абавязацельствы выканаў. Сёння мы маем сучасны гандлёва-дзелавы цэнтр з гасцініцай.

Кіраўнік гатэля Таццяна Філіпава паведаміла, што адна з галоўных мэт іх установы — павысіць экспарт турыстычных паслуг і ўзровень сэрвісу. Гасцінічныя нумары займаюць аж сем паверхаў — з чацвёртага да дзясятага.

— Мы сябе пазіцыянуем як бізнес-атэль, мэтавая аўдыторыя якога бізнес-турысты, — удакладніла Таццяна Філіпава.

Падводзячы вынікі знаёмства з аб'ектамі Магілёва, Наталля Качанава падкрэсліла, што яны яе прыемна ўразілі.

— Прэзідэнт краіны некалькі гадоў таму даў даручэнні па развіцці горада, і гэта знаходзіцца на кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, — рэзюмавала яна. — Таму падчас выязной сустрэчы з дэпутацкім корпусам я для сябе вырашыла паглядзець, як выконваюцца гэтыя даручэнні. Зроблены істотныя крокі ў развіцці горада. Самае галоўнае, што ўсе гэтыя перамены ішлі ад жыцця. Неабходна было рабіць транспартныя развязкі, рамантаваць пуцеправоды, і гэтая работа вядзецца. У скарочаныя тэрміны ўводзяцца сацыяльныя аб'екты. Мяне вельмі ўразіла школа, пабудаваная раней, чым запланавана. Я спадзяюся, што ўсе даручэнні, якія былі дадзены Прэзідэнтам, будуць выкананы ў кароткія тэрміны. Па шэрагу аб'ектаў мы бачым, што гэта рэальна.

З клопатам пра людзей

Падчас сустрэчы з актывам гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў Наталля Качанава звярнула ўвагу на важнасць іх работы на месцах. У размове з журналістамі яна адзначыла, як будуецца ўзаемадзеянне Савета Рэспублікі з дэпутатамі розных узроўняў.

— Мы выбралі такую форму работы, як выезд у рэгіёны і сустрэча з кіраўнікамі Саветаў дэпутатаў на месцах, — паведаміла яна. — Я нагадваю пра задачы, якія вызначыў Прэзідэнт, выступаючы перад парламентарыямі 5 снежня, і якія абазначаны ў заканадаўчых актах для Савета Рэспублікі. Я праводзіла падобную сустрэчу ў Віцебскай вобласці і пераканалася, што тыя людзі, якія працуюць на месцах, глыбока ведаюць існуючыя там праблемы. Але ведаць пра іх — мала, іх яшчэ трэба вырашаць. І сумесная дэпутацкая работа з органамі ўлады вельмі патрэбна. У Савеце Рэспублікі дзейнічае Савет па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага кіравання. Важна, каб тыя пытанні, якія ўзнікаюць у людзей, былі своечасова пастаўлены перад тымі, ад каго залежыць іх вырашэнне. Заканадаўча ў нашай краіне ўсе пытанні ўрэгуляваныя, зроблены захады для развіцця ўсіх галін гаспадарання. Выразна вызначаны ўсе задачы і кірункі ў развіцці, застаецца толькі іх рэалізоўваць. А вось як мы робім гэта на месцах, так і складваецца работа. Дэпутацкі корпус нашай краіны нацэлены на тое, каб усе задачы, якія былі пастаўлены, вырашаліся своечасова. І той лозунг, які пазіцыянуе наш Прэзідэнт, — галоўнае — людзі і справядлівыя адносіны да іх — быў у поўнай меры рэалізаваны.

Падчас размовы з дэпутатамі спікер парламента звярнула ўвагу на тое, што для прыняцця правільных законаў патрэбна іх ініцыятыўнасць на месцах. «І планы трэба распрацоўваць не на год, а адразу на пяцігодку. І не баяцца выступаць з прапановамі», — падкрэсліла яна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Усё павінна рабіцца для чалавека і ісці ад жыцця

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Галаву можна вешаць, ламаць, сушыць, намыльваць... Але не губляць!

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь.