Вы тут

Няма ў чалавека горшага ворага, чым ён сам


Не ведаю, як вас, а мяне вельмі ўразіў выпадак, пра які на днях пісала наша газета ў падборцы навін. Жанчына з Мар'інай Горкі нешта, напэўна, вельмі смачнае смажыла на патэльні — можа, катлеты, можа, пончыкі, можа, чабурэкі — у аператыўнай зводцы такія падрабязнасці не ўказваюцца. Зрэшты, што б там ні смажылася, алей на патэльні ў адзін момант загарэўся. Гаспадыня, не падумаўшы, схапіла палыхаючую патэльню і падсунула яе пад вялікі напор вады. Вогненныя кроплі (алей, па сутнасці сваёй, гэта той жа бензін, вадой яго не патушыш), паляцелі ўверх і трапілі на нацяжную столь. Якая, як вядома, «хімічная хімія», да таго ж лёгкаўзгаральная. Яна пачала гарэць і капаць уніз... Карацей, вынік той няўдалай вячэры,— гаспадыня і яе дванаццацігадовы сын трапілі ў бальніцу з апёкамі, папсаваная мэбля на кухні, столь згарэла не толькі на кухні, але і ў калідоры...


Абмяркоўвалі гэта з калегамі, здзіўлена ўздыхалі: маўляў, чым чалавек думаў... Але, калі я спытала: а што б кожны з нас рабіў у падобнай сітуацыі, большасць шчыра прызналася, што з палаючым посудам таксама паспяшаліся б да крана з вадой. І гэта пры тым, што ўсе яшчэ са школьных часоў ведаюць: так рабіць нельга...

Што кіруе намі, калі робім учынкі, якія ідуць уразрэз з элементарнымі штодзённымі правіламі бяспекі, ад выканання якіх залежыць жыццё і здароўе нярэдка не толькі нас саміх, але і блізкіх людзей? Няведанне? Упэўненасць: з кім заўгодна, толькі не са мной? Адсутнасць самага галоўнага інстынкту — самазахавання? Напэўна, усё разам. Асабліва калі размова ідзе не пра пераход дарогі на чырвонае святло ці рыбалку на танюткім лёдзе — тут дыягназ вядомы: звычайная невылечная дурасць, а пра выпадкі, калі чалавек не схільны да рызыкоўных учынкаў і мазгі ў яго, здаецца, на месцы, — але ж на табе...

Выпадак, калі мужчына зліў ва ўнітаз растваральнік для фарбы, а пасля, прыкурыўшы цыгарэту, кінуў туды ж непатушаную запалку, успрымаецца як анекдот. Але, калі вывучыць аператыўныя паведамленні МНС за мінулыя гады, даведаешся, што здарэнне сапраўды мела месца ў Мінску. Летась у суседняй з нашай вёсцы адбылося нешта падобнае. Дачнік забег у сенцы выпіць квасу. Схапіў цёмную бутэльку, глынуў ад душы... У бутэльцы аказаўся бензін: сам жа з кладоўкі і вынес, калі трымер запраўляў. Вядома, тут жа выплюнуў атруту, ды няўдала — трапіла і на майку, і на штаны. Што, вы думаеце, ён зрабіў? Паспяшаўся пераапрануцца? Як бы не так — ён вырашыў гэтую справу спачатку «перакурыць». Паднёс запальнічку да твару і... Добра, што жонка палавікі на вуліцы выбівала — гэтым самым палавіком яна з яго полымя і збіла. Але грудзі добра падсмаліў... Ды што казаць: ваша пакорная слуга аднойчы з трухлявага высокага пня каля хаты шэршняў рашыла выкурыць, укінуўшы ў дупло запаленую анучку, намочаную ў бензіне. І ведала ж, і не раз на свае вочы бачыла, што трухлявае ўспыхвае, як порах, і гарыць хутка... Не спаліла я родную хату і палову вёскі толькі таму, што дома была ўся наша немалая сям'я, ды і калодзеж з даволі магутнай помпай у нас зусім недалёка ў двары...

Добра, агонь — сама па сабе субстанцыя небяспечная, на любую памылку рэагуе імгненна, і ў апраўданне можна сказаць: зрабіў не падумаўшы. А чым думаюць (так, думаюць, бо часу на гэта хапае), людзі, якія цягнуць на падворак знойдзеныя боепрыпасы часоў мінулай вайны. Памятаеце нядаўні выпадак, як адзін «умелец» балгаркай бомбу пілаваў? А ратавальнікі дагэтуль, пэўна, успамінаюць той падворак на Гомельшчыне, дзе тая ж авіяцыйная бомба (дарэчы, абсалютна спраўная), выкарыстоўвалася ў якасці калодкі, на ёй нават дровы секлі. У знаёмай свякруха на сапраўдную міну, якую дзед прывалок з лесу, паставіла бочку са збожжам для курэй. А год назад — ізноў пра бомбу, любяць іх нашы людзі! — у Лельчыцкім раёне сапёры даставалі небяспечны боепрыпас са стога сена на падворку. Бомбу прынёс гаспадар, адпілаваў (!) ад яе хвост, астатнюю частку — з тратылам на месцы распілу — схаваў у стог і загадаў жонцы нікому пра тое не казаць. Сапёры толькі дзіву даваліся, як стакілаграмовы снарад не ўзарваўся — аказалася, ён быў у баявым стане...

А як мы паводзім сябе з незнаёмымі жывёламі? Не толькі з чужымі свойскімі, але і з дзікімі. Ой ты мусі-пусі, ды каб яшчэ і пагладзіць. Але ж навакольны свет — гэта не кантактны заапарк. І жывыя істоты паводле спрадвечных законаў прыроды, будуць сябе бараніць, як могуць, калі бачаць у нас небяспеку. Памятаеце гэты выпадак на Брэстчыне, калі спроба зрабіць фота з бабром скончылася трагедыяй? Звер не ведаў пра бяскрыўдныя намеры таго, хто да яго наблізіўся, падскочыў і ўкусіў чалавека за нагу, пракусіўшы артэрыю... І хто цяпер скажа, што ў смерці гэтага небаракі вінаваты бабёр? Як ніхто ў нашых мясцінах не вінаваціў ярша, калі хавалі маладога хлопца, які на рыбалцы, паспрачаўшыся, паспрабаваў гэтую рыбіну праглынуць жывой. Ёрш проста бараніў сваё жыццё, распусціўшы калючыя пёркі прама ў рыбака ў горле...

Вы чулі штосьці пра прэмію Дарвіна? Гэта такая віртуальная антыпрэмія, якая штогод прысуджаецца людзям, што найбольш дурным спосабам памерлі або страцілі здольнасць мець дзяцей. Чаму Дарвіна? Бо яе намінанты з-за сваіх дурных невытлумачальных учынкаў ужо не папоўняць генафонд чалавецтва і тым самым яго... палепшаць.

Калі задумацца, многія з нас маглі б на яе прэтэндаваць. Проста пашанцавала, што не трапілі нават у намінанты.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: ulpravda.ru

Загаловак у газеце: Намінанты на прэмію Дарвіна

Выбар рэдакцыі

Культура

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

Мікалай Пінігін: Каб ведаў як, сам напісаў бы класную сучасную п'есу

На рахунку рэжысёра і мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна больш за семдзесят спектакляў, і па некаторыя з іх хоць зараз ідзі на вуліцу Энгельса. 

Грамадства

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Расказваем пра тое, як на Брэстчыне раней гатавалі варэнне і як гэта робяць цяпер

Аказваецца, у нашых вёсках амаль да другой паловы ХХ стагоддзя не мелі звычкі нарыхтоўваць яго, не ведалі, як варыцца.

Спорт

Як у Бабруйску рыхтуюць будучых чэмпіёнаў

Як у Бабруйску рыхтуюць будучых чэмпіёнаў

Менавіта з Бабруйска выйшлі прызёры самых прэстыжных сусветных турніраў па веславанні, барацьбе, боксе, шахматах, лёгкай і цяжкай атлетыцы.