Вы тут

Прадстаўнік «Белпошты»: Ніякіх абмежаванняў па дастаўцы пасылак з Кітая няма


— У мяне двое маленькіх дзяцей. Працую дома. Я рамеснік па рамонце адзення. Без дробязяў з кітайскага сайта — ніяк, — з апраўдальнай ноткай у голасе расказвае сваю гісторыю Ірына Чырыч з Петрыкаўскага раёна. — Расходнікі: лапкі для трыкатажу і экаскуры, шпулькі, лякалы — і ў вялікім горадзе па даступнай цане не адшукаеш, што ўжо казаць пра нашу вёску. Заказала ўсё гэта на пачатку студзеня. Праз месяц паштальёнка прынесла паведамленне, што пасылка прыйшла. А я баюся ісці забіраць. Можа, нават аштрафуюць, што з Кітая нешта заказала? Недзе быццам казалі, што гэта цяпер забаронена — з-за каранавіруса.

За адзін дзень дзве маладыя жанчыны з розных раёнаў Гомельшчыны звярнуліся ў карэспандэнцкі пункт «Звязды». Маўляў, што рабіць — баімся забіраць свае тавары, якія заказалі ў кітайскай інтэрнэт-краме.


— Я ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, — нібы «кодавае слова», зноў паведамляе маладая мама Таццяна Барабанава з Гомельскага раёна. — Вясной на работу ў офіс трэба выходзіць, таму паступова заказваю сабе тое-сёе з адзення з Кітая. 10 студзеня заказала блейзер. Потым пайшлі чуткі, што каранавірус можа трапіць на рэчы ў інтэрнэт-краме ад хворага прадаўца. Можа, у пасылцы зараза і яе ўвогуле нельга прыносіць дадому?

Сумненні маладых жанчын зразумелыя. Яны перастрахоўваюцца і сумняваюцца: ці забіраць заказ з пошты? Калі не пакінеш пісьмовай адмовы, кінутыя рэчы месяц паляжаць на пошце, потым аддзяленне сувязі перашле іх назад адпраўніку.

Каб не страціць заплачаныя грошы, заказчык можа схлусіць у паведамленні адпраўніку, быццам пасылка не прыйшла. Калі яе ўвогуле затрымалі і не адправілі ў тэрмін, можна і скасаваць заказ. Аднак толькі праз 20 дзён гандлёвая пляцоўка — пасярэднік паміж прадаўцом і пакупніком — апрацуе інфармацыю і верне на карту заказчыка грошы.

На гэты конт дзясяткі людзей на форумах у інтэрнэце выказваюць свае вельмі розныя меркаванні. Дарэчы, папулярная пошукавая сістэма на запыт «Каранавірус + пасылкі з Кітая» аператыўна выдае 11 мільёнаў вынікаў і больш за сем тысяч паказаў толькі гэтага даслоўнага запыту. Фразы, якія гуляюць у інтэрнэце, уразаюцца ў памяць. Многія загадзя выстаўляюць пасылкам свой дыягназ: «Прадавец, калі збіраў пасылку, мог чхнуць на рэч, адправіць вірус па пошце»; «Вы што, ужо ўсе адмовіліся ад куплі ў кітайскіх інтэрнэт-крамах»; «Пасылкі з Кітая ідуць доўга, перавозяцца пры экстрэмальна нізкіх тэмпературах, але вядома, што каранавірус устойлівы да замарозкі».

Ёсць спасылкі на інтэрв'ю экспертаў, якія прыводзяць аргументы, што заразіцца, адкрыўшы пасылку, нельга. Між тым розныя крыніцы сцвярджаюць, што працягласць жыцця небяспечнага віруса — да 48 гадзін. Дарэчы, у Беларусь пасылка з Паднябеснай ідзе 3-4 тыдні — мінімум. Ёсць інфармацыя, што перад адпраўкай тавары праходзяць санапрацоўку.

І ўсё ж на форумах самы папулярны вердыкт такі: лепш перастрахавацца і цяпер увогуле не заказваць тавары з Кітая. Вопытныя карыстальнікі паслуг глабальнай віртуальнай гандлёвай пляцоўкі з КНР тлумачаць, што такая пазіцыя зразумелая з пункту гледжання захавання інтарэсаў прадаўцоў і пакупнікоў. Цяпер жа супрацоўнікі гандлёвых кампаній не могуць вярнуцца да звыклага тэмпу апрацоўкі заказа, збору пасылкі і яе адпраўкі. Заказы будуць аформлены з затрымкай, да гэтага дадасца працяглы працэс дастаўкі, а значыць, пакупнік не атрымае пасылку ў тэрмін і зможа падаць у адрас гандлёвай пляцоўкі патрабаванне аб вяртанні грошай. Потым заказ усё ж дойдзе да адрасата, але прадавец застанецца ў мінусе.

Ці выказваюць масава карыстальнікі паслуг пошты апаску наконт бяспекі пасылак з Кітая? На гэтае пытанне адказала дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Цярэшчанка:

— Ніякіх абмежаванняў па дастаўцы пасылак з Кітая няма. Ёсць грамадзяне, якія цікавяцца ў супрацоўнікаў аддзяленняў сувязі пра сітуацыю з пасылкамі, інфармацыі паштальёнаў людзі давяраюць.

Дарэчы, адзначае кіраўнік гомельскага філіяла, за студзень на тэрыторыю Гомельскай вобласці прыйшло каля 250 тысяч паштовых адпраўленняў з КНР.

— Можна гаварыць толькі пра адзінкавыя выпадкі адмовы ад пасылак з Кітая. Калі чалавек робіць адзнаку, што не будзе забіраць адпраўленне на сваё імя, то пакунак праз месяц аўтаматычна адсылаецца адпраўшчыку назад. Апошні, адпаведна, і аплаціць кошт адваротнай перасылкі. Адпраўленне вяртаецца па той жа схеме, калі адрасат і без паведамлення не забірае пасылку на працягу месяца.

Так здараецца, што ў спісе адмоўленых і пасылкі, пра якія адрасаты банальна забываюць.

— Ведаеце, нашы карыстальнікі паштовых паслуг спачуваюць: пытаюцца, ці не баяцца паштальёны і супрацоўнікі аддзяленняў сувязі працаваць, калі штодзень праз іх праходзяць дзясяткі адпраўленняў. Мы спакойна тлумачым, чаму для хвалявання няма падставы.

У гомельскім філіяле «Белпошты» адзначаюць, што і раней хапала адмоў ад пасылак з кітайскіх сайтаў. Прычыны ў людзей розныя. Праводзіць паралель паміж пасылкамі, ад якіх адмовіліся, і сітуацыяй з каранавірусам — некарэктна. Пра такую тэндэнцыю гаварыць увогуле нельга.

Дарэчы, у Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя не было зваротаў ад насельніцтва з просьбамі растлумачыць, ці можа пасылка з Кітая ўтрымліваць вірус і быць небяспечнай для адрасата. «Атрымальнікам пасылак вірус не пагражае», — каментуюць ва ўстанове і па поўную інфармацыю раяць звяртацца на сайт Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дзе размешчана дакладная інфармацыя пра каранавірус.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Ды «чхаць» на пасылкі!?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».