Вы тут

«Вобшук робіць гэты коцік: мігам знюхае наркотык...»


Народная каціная мудрасць: «Хто рана ўстае, той есці дае». А калі не хоча ўставаць — дык яго ж і падняць тады можна...

Расказвалі, адна вось такая котка-нахаба звычку займела — раніцай ускочыць на ложак, на гаспадара (ён халасцяк, але ж дзевак прыводзіў) і сваёй пыскай — у вусны яму, у твар...

Той, бывала, узрадуецца: абдыме яе, пагладзіць...

А надоечы — зазлаваўся (мо кароткая ноч была?) — узяў і адпіхнуў, гаркнуў:

— Псік, халера! Як ты мяне дастала!..

Цяпер са сваёй каханай памірыцца не можа. Клопат, нават бяда ў чалавека...

І каб толькі ў гэтага, а то ж не, як людзі пішуць, гледзячы, у прыватнасці, на чарговы конкурсны здымак ды прыдумваючы да яго свае подпісы. Чытаем, што атрымалася? Вызначаем, у каго найлепей?


Без нагляду дзед Міхед

Кінуў свой веласіпед.

Зразумеў, што разяваты,

Як заспеў

у коткі свята, —

піша так спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны. Нешта падобнае ўбачыў на здымку і спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:

З крамкі неяк ехаў дзед,

Вёз на ровары пакет...

Да яго памкнуўся коця?

Значыць,

 там ляжыць смакоцце?

...Не сядзі, стары,

у суседкі,

Бо нарвешся на аб'едкі!

Адкуль яны возьмуцца, можна было б не пісаць, аднак радочкі пра гэта ў пошце ёсць — ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:

Не здзіўляйцеся катку,

Што «мышкуе» ў...

хатульку.

Так любы на яго месцы:

Ўсё жывое хоча есці.

І, заўважце (разам з сужэнцамі Астроўскімі з Мінска), не абы-што:

Коцік, шэльма,

дужа ласы

На яршоў і на каўбасы:

Ён,

калі ніхто не бачыць,

Можа файна

«парыбачыць»!

І пры гэтым — ну чаго толькі не вылавіць!

Накупіла баба Тася

І вяндлянкі, і каўбасак...

Недзе затрымалася?

Ўсё кату дасталася, —

шкадуе спадарыня Гудачкова.

Ёсць пытанне, каго шкадуе?.. Але спачатку анекдот. «Слухай, табе ўжо 50, — казалі жанчыны старому халасцяку, — а ні жонкі, ні дзяцей... Кату пад хвост — найлепшыя гады!» — «А вы за мяне не хвалюйцеся», — спрабаваў адбіцца мужчына. — «Дык мы ж не за цябе: нам коцю шкада...»

Яшчэ, відаць, і таму, што ён (а крый бог, згаладалы) — можа, як піша спадарыня Чыгрынава, есці ўсё што заўгодна. Ну мяркуйце самі:

Зазірнула неяк Зося

На мінутачку да Фросі.

Што за хвільку

адбылося?

У сумцы —

мыла засталося.

Каб яшчэ пагаманіла,

Котка і тое

«ўгаварыла» б!..

Што ўжо казаць пра іншыя каціныя прысмакі?! Хіба «з падачы» спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

Цешчы трэба

валяр'янка...

У аптэку згойсаў Янка.

«Адпачні», —

спыніў братан,

Ды забыўся пра ката,

А ў таго на валяр'янку,

Што вядома і не дзіва,

Нюх —

не горшы, чым у Янкі

На гарэлку ды на піва!

У апошні час (на думку спадарыні Гудачковай) у ката і новыя «ласункі» з'явіліся:

Вобшук робіць

гэты коцік:

Мігам знюхае...

наркотык,

За вярсту пачуе ён,

Хто развозіць самагон...

Карацей, не кот у кадры аб'ектыву, а гатовы (прабачце за паўтор) кадр, то-бок супрацоўнік для нашых памежнікаў ці міліцыі. Прычым выгадны: у адрозненне ад сабак, будкі не патрабуе, есць мала...

Зрэшты, з гэтым вось пагодзяцца не ўсе. Хто-ніхто кажа, што разам з кіскай (нават маленькай) цэлы заапарк у хаце з'яўляецца, бо гэта новая жывёлінка есць, як сабака, спіць, як сурок, гадзіць, як конь, тупае, нібы слон... Да таго ж бегемотам кладзецца на галаву альбо на іншае хворае месца. «Мая котка, — пісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» адна жанчына, — разляглася проста на кашальку... І так не памылілася!»

Зрэшты, мы адхіліліся — у прыватнасці, ад тэмы цяпер моднай «развозкі» тавараў, якую ўздымае ў сваіх радках спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

Што за еўра-,

за дастаўка —

Хоць у пуню,

хоць на печ?

Пра яе ўвесь двор

прамяўкаў:

«Дужа ж выгадная рэч»!

Мурка з Васькам

паспыталі,

Каб ад іншых не адстаць.

І нарэшце прычакалі...

Цяпер клопат:

як дастаць?

Сцяміць гэта каток, тады малайчына. А калі не, — пацвердзяцца словы спадарыні Ніны Бурко з Бярэзіншчыны:

Ёсць у вёсцы рыбаловы:

Слабко,

Бельскі і Ляшкоў.

Як успомняць

пра ўловы, —

На паўдня ў іх размоў!..

А тым часам кот Атос

У пакет усуне нос:

Чуе, бедны —

там карась!

Ды халява не ўдалась.

Як трапна заўважае спадарыня Зоя Наваенка з Глыбоччыны:

Быццам блізенька

ляжыць

А ніяк не ўкусіць!

Бывае... Прычым — не толькі ў ката, які, дарэчы (на думку спадарыні Чыгрынавай) мог знюхаць у пакеце яшчэ і не тое:

Ні камсы, ні мяска

Не ўнюхаў Васька,

А на чыпсы з півам

Пазірае крыва.

Досвед мае горкі

(Ён у нас гурман),

Нават праз абгортку

Унюхае падман!

Што, згадзіцеся, вельмі важна, бо ён цяпер (па назіраннях спадарыні Гудачковай) — амаль на кожным кроку:

Ежы — поўныя прылаўкі!

І ўсюды — хімдабаўкі.

Бедны коцік! Гэта ежа

Без нажа цябе зарэжа!

Лепш бы ты лавіў

мышэй,

Жыў бы мо крыху даўжэй?

Адзінае, папрацаваць прыйшлося б, паўпірацца, а не ўсім таго сёння хочацца (як казаў-абураўся адзін з гультаёў: «Сем мільярдаў людзей на зямлі, і ніхто не можа схадзіць за мяне на работу!»)

Пра тое ж, але іншымі словамі спадар Валерый Гаўрыш:

Для чаго трымаць катоў?

Каб лавілі пацукоў.

Калі ж змалку ім у міскі

Насыпаць нязводны

«Віскас»,

То «пажнеш», браток,

напасці:

Кацяняты

пойдуць красці.

...Так, да слова,

і ў людзей,

Дзе запесцілі дзяцей.

Высновы — за вамі, як той казаў. Назіранні, дарэчы, таксама:

У мястэчку —

ёсць надзея —

Ну зусім няма зладзеяў!

Кінь што хочаш, на дварэ

Ці пастаў дзе ля платоў,

Тут ніхто не падбярэ,

Акрамя сабак-катоў! —

сцвярджае спадар Мікалай Касмачэўскі і такім чынам пэўным службам наводку дае. Рэч у тым, што японцы вынайшлі робата, які за пяць хвілін сто злодзеяў ловіць! Не дзіва, што яго ў іншыя краіны купілі. Праўда, і лічбы ў іх атрымаліся іншыя. У Амерыцы, напрыклад, робат за пяць хвілін толькі дваццаць зладзеяў злавіў, а ў суседцы-Расіі за гэткі ж час скралі... самога робата. Ён, як вынікае з радкоў спадара Касмачэўскага, цяпер у адным з нашых мястэчак працуе, можа нават стацца, што будзе лавіць не толькі зладзеяў, — на карупцыю замахнецца, пра якую слушна «сігналізуюць» спадары Мікалай Старых з Гомеля і Віктар Сабалеўскі з Узды:

У суседкі цёткі Дзіны —

Вельмі

«добрай гаспадыні» —

Пастухом працуе воўк

(З яго, знаем, які толк)...

Шчэ і казла ў гарод

пусціла,

Чым «нікога» не здзівіла,

Ну а сёння ля варот

Кот пільнуе антрэкот.

Гэта — паводле гамяльчаніна. А вось на думку уздзенца...

Пасвіў воўк авечак

(зноўку!),

Даглядаў казёл капусту,

А загадчыкам сталоўкі

Быў пацук стары

ды шустры...

І каток за працу ўзяўся —

«Каштавальнікам»

прысмакаў.

Жаль, нядоўга

пратрымаўся,

Нехта даў нагой...

Вы здагадаліся, куды? І нават самі далі б вось такім «пастухам-даглядчыкам-загадчыкам»? Правільна! Даўно пара!

Ёсць пытанне, ці толькі ім?

«Неяк на вуліцы мне сустрэўся адзін мацак, не алкаголік, але ж цвярозым яго мала хто бачыў. А тут, бачу — як шкельца... Кволіцца, бедны, кажа, што з аптэкі ідзе — сардэчных лекаў сабе набраў... Значыць, «збан» такі да пары атруту прымае?» — піша прозай спадар Іван Сіманёнак з Пастаў.

Ёсць пра тое ж і вершы:

Прыхварэў

наш «чэмпіён»

Па «кульбітах»

шклянкі —

Перайшоў на рацыён

З пахам валяр'янкі.

Зніклі тут жа ўсе»сябры»,

Здрадзілі малодкі.

Па ягоным па двары

Ходзяць толькі... коткі.

Згадзіцеся, сумны фінал, і ён, вось такі, не ў традыцыях нашай рубрыкі. А таму — яшчэ адзін анекдот — з жыцця бландзінак. «Уяўляеш, тыдзень таму прапала мая кіска Ліска, — дзеліцца горам першая. — Праз чатыры дні я яе знайшла, прынесла дамоў... А сёння — мая котка вярнулася!» — «Бедная, — шкадуе Ліску другая бландзінка. — Такое ўзрушэнне перажыць: прыходзіць дамоў, а яна ўжо... дома».

З коткамі ды катамі гэта, вядома ж, здараецца — асабліва ў сакавіку, калі ходзяць налева. Тады (яшчэ Пушкін пісаў) яны заўсёды казкі расказваюць. Мо нават вершаваныя, як спадар Гаўрыш і спадарыня Алісевіч:

Па дарозе з магазіна

Янак збочыў да Яніны —

Трошкі выпіць, закусіць,

Пра жыццё пагаманіць...

Пара доўга точыць лясы,

Кот — цікуе на кілбасы.

Альбо:

Запрасіла нейк сяброўка

Ацаніць свае абноўкі...

Але й котка

не драмала —

Ацаніла ў торбе сала.

І нарэшце:

У тую краму на хвіліну

Зазірнула цётка Ніна,

Каб купіць сабе калготкі.

Мяса ў торбе ўчула

котка...

Нарабіла б потым спраў,

Каб Кляшчук

 не ўпільнаваў.

Ён, фотакарэспандэнт «Звязды» (як заўважылі сужэнцы Астроўскія з Мінска ды іншыя чытачы), любіць катоў. На адным ягоным здымку тройка рыжых была, на другім — адзін маленькі на пні, на трэцім — на капоце машыны, белы на спіне ў чорнага каня, на драбіне, на падаконні, парачкай на буфеце пад партрэтам сужэнцаў-гаспадароў, з дзясятак «нічыйных» зімой у вёсцы Маразы... Да таго ж і дома ў спадара Анатоля ёсць котка-прыгажуня. Таму і вось гэтую — на ровары — ён, відаць, не толькі зняў, але і пакарміў — так бы мовіць, «натуршчыцы» аддзячыў натурай, як іншым героям — здымкамі. А калі і не толькі...

У мінулы раз (гл. нумар «Звязды» за 4.12.2019 г.) чытачы прыдумвалі подпісы да фота, на якім за работай быў камінар (чысцільшчык комінаў). Дык вось найлепшыя радкі пра яго, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, склалі спадарыні Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Любоў Чыгрынава з Мінска, Карына Цануніна з Вілейкі, спадары Іван Сіманёнак з Пастаў, Віктар Сабалеўскі з Узды, сужэнцы Астроўскія з Мінска...

З чым, у прыватнасці, пагадзілася і маленькае рэдакцыйнае журы. Такім чынам прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцу газету «Звязда» на другі квартал 2020 года застаецца ў Мінску.

Хочаце, каб прыходзіў да вас? Тады ўважліва глядзіце на чарговы конкурсны здымак, прыдумвайце подпіс (можна некалькі, але кароткіх — не больш за восем радкоў — трапных, прыгожых...) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на перамогу мае кожны.

Валянціна Доўнар, Анатоль Кляшчук

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім (асабліва дэбютантам!), чые творы гэтым разам не прайшлі строгага конкурснага адбору... Затое наступным...

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.