Вы тут

Кнігі аб Беларусі прэзентавалі на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы


Пятніца на 27-й Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы выдалася насычаная. На нацыянальным стэндзе прайшлі прэзентацыі кніг «Традыцыі суверэннай Беларусі», «Багуслаў Радзівіл. Генерал караля», «Смак беларускай кухні», серыі «Мір вачыма этнолага» і іншых, тут прадставілі інфармацыйна-ілюстрацыйны праект «Лясная песня», а таксама зборнік паэзіі і прозы сучасных беларускіх аўтараў «Мая Радзіма» і фотапраект Вячаслава Цыдзіка «Бачу Беларусь такой». Старт маштабнага праекта «Вайна і мір», прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі, анансаваў вядомы гісторык, калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў.


Нон-стопам ішлі прэзентацыі, квэсты і гульні на дзіцячай пляцоўцы, дзе бацькі і дзеці за дзень маглі пазнаёміцца з аўтарамі добрага дзясятка кніг. На расійскім стэндзе чыталі вершы маладых паэтаў, праводзілі адкрыты турнір па настольнай гульні «Кнігаполія Аквілегіі», гаварылі пра перспектывы супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў галіне распаўсюджвання друкаваных СМІ і прадстаўлялі сумесныя выдавецкія праекты, прэзентавалі кніжныя навінкі ад беларускіх пісьменнікаў Ганны Севярынец, Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак, а беларускія аўтары платформы «ЛітРэс: Самвыдат» абмяркоўвалі тэму публікацыі кніг без выдаўцоў. Цэнтральны экспанент сёлетняй выстаўкі ЗША ладзіў інтэрактыўныя праекты для моладзі, прапаноўваў цікавыя турыстычныя маршруты і расказваў гісторыю амерыканскага плаката ХХ стагоддзя. У кнігарні «Дружба» прайшлі сустрэчы з украінскімі пісьменнікамі і прэзентавалі паэтычную анталогію сучаснай азербайджанскай літаратуры, якая ўбачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры атрымалі ў падарунак унікальнае выданне рамана Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», якое ў 1960-х апублікавала ўкраінская дыяспара ў Нью-Ёрку.

Увечары ж у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Больш падрабязна пра гэта «Звязда» раскажа ў наступным нумары. А сёння і заўтра гасцей і ўдзельнікаў ММКВК чакае яшчэ мноства цікавых падзей — сустрэч, прэзентацый, аўтограф-сесій і знаёмстваў з новымі кнігамі і іх аўтарамі.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.