Вы тут

Наколькі вострае маральна-этычнае пытанне ў сучаснай літаратуры?


Адно з важных мерапрыемстваў, прымеркаваных да традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», у арганізацыі якога ўдзельнічаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьмен-нікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва, а таксама Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У першы дзень выстаўкі пад патранажам Саюза пісьменнікаў Беларусі ў межах буйнога літаратурнага форуму прайшоў круглы стол на тэму «Пісьменнік. Кніга. Час».


У Доме літаратара сабраліся паэты, празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы, літаратурныя крытыкі, краязнаўцы, выдаўцы, прадстаўнікі адукацыйных устаноў і грамадскіх інстытуцый з двух дзясяткаў краін блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Вялікабрытаніі, Азербайджана, Ірана, Узбекістана, Казахстана і іншых.

Сярод гаспадароў сустрэчы былі ў першую чаргу тыя, хто мае найбольшы плён у развіцці міжнародных літаратурных стасункаў — Алена Стэльмах, Марыя Кобец, Іна Фралова, Наталля Саветная, Хізры Асадулаеў, Алена Бабок, Святлана Быкава, Анатоль Мацвіенка, Уладзімір Навумовіч.

Падтрымку ў правядзенні круглага стала аказалі прадстаўнікі Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, у прыватнасці кіраўнік апарата арганізацыі, сябра Саюза пісьменнікаў Расіі Аляксандр Альшэўскі.

* * *

Мемарыяльная зала Дома літаратара, па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, была абрана пляцоўкай пасяджэння нездарма: у ёй змешчаны прозвішчы і партрэты беларускіх пісьменнікаў — удзельнікаў Другой сусветнай вайны, якія змагаліся супраць фашызму — пагрозы для народаў былога Савецкага Саюза і іншых краін свету. Абрана яна яшчэ і за камернасць прасторы, дзе можна адчуць еднасць і таварыскасць. Мікалай Чаргінец выступіў з прывітальным словам, прадставіў кожнага з прысутных асабіста і ўзяў на сябе абавязкі мадэратара круглага стала, адзначыўшы шырыню ўзнятай праблематыкі пасяджэння, прапанаваў усім ахвотным выказацца, расказаць пра досвед работы ў літаратуры, падыскутаваць, параіць адно аднаму.

Асабліва вострай тэмай, узнятай мадэратарам і працягнутай у прамовах шматлікіх гасцей, стала маральна-этычнае пытанне ў сучаснай літаратуры, праблема духоўнага выхавання чалавека праз мастацтва. У гэтым кантэксце разглядалася і запатрабаванасць кнігі і чытання сярод сучаснай моладзі. Сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Юрый Шчуркоў заўважыў, што варта ўсталяваць здаровы баланс паміж «чалавекам свету» і патрыётам у светапоглядзе сучаснага маладога пакалення і што гэтая праблема таксама можа вырашыцца праз літаратуру. Паэт і перакладчык Юрый Шчарбакоў са шкадаваннем адзначыў, што маладыя пісьменнікі, таленавітыя і адораныя, з прычыны страху незапатрабаванасці літаратурнага твора сыходзяць у іншыя сферы дзейнасці, аднак прадэманстраваў і выпадак выключэння — прадэкламаваў верш якуцкага паэта Гаўрыіла Андросава.

* * *

Адно з важных пытанняў сустрэчы — узаемадачыненні літаратур у свеце, спосабы пашырэння нацыянальнага мастацкага слова сярод іншых краін. У гэтым аспекце выказаліся пісьменнікі-перакладчыкі і выдаўцы, якія ўводзяць замежныя творы ў свой культурны кантэкст. Сярод іх — Валеры Тургай, Юрый Шчарбакоў (Расія), Анхела Эспіноса Руіс (Іспанія), Марыян Серватка (Славакія), Аляксандр Наўроцкі (Польшча) і іншыя.

Захаванне сувязяў праз памяць, праз мемарыялізацыю прадэманстравалі на круглым стале Аркадзь Ялфімаў і Юрый Пермінаў (Расія), якія прэзентавалі на сёлетняй кніжнай выстаўцы выданне «Белорусы в Сибири» — грунтоўна падрыхтаваныя матэрыялы радаводаў, жыццяпісаў, эпісталярнай спадчыны, дзённікаў, падарожных нататак і вершаў паэтаў высылкі Алеся Гаруна, Сяргея Дарожнага, Ядзвігі Бяганскай, Андрэя Александровіча, перакладзеныя на рускую мову Інай Фраловай. Былы пасол Славакіі ў Беларусі, паэт і перакладчык Марыян Серватка расказаў, якія мерапрыемствы праходзяць у Славакіі ў гонар Янкі Купалы, Рыма Абызава (Расія) — пра адзіны ў іх краіне музей-кватэру Песняра ў Татарстане (сяло Печышчы), дзе паэт жыў у эвакуацыі.

Маладая іспанская пісьменніца і перакладчыца Анхела Эспіноса Руіс зазначыла, што ёй вельмі прыемна лічыцца часткай беларускай літаратуры — адной з самых багатых літаратур у свеце. І пажартавала: «Бо ў Іспаніі ніводнага саюза пісьменнікаў няма, а ў Беларусі — аж два!» Нагадаем, што спадарыня Анхела абараніла кандыдацкую дысертацыю па беларускай літаратуры, плённа перакладае з беларускай на іспанскую мову, а таксама з замежных моў — на беларускую.

Публіцыст, намеснік галоўнага рэдактара расійскага часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў, бадай, адзін з самых частых наведвальнікаў Беларусі сярод прысутных, падзяліўся ўражаннямі шматгадовых цёплых і плённых стасункаў з беларускімі пісьменнікамі. Адзначыўшы, што іх выданне з'яўляецца ў тым ліку фарпостам беларускага слова, Аляксандр Іванавіч перадаў у Саюз пісьменнікаў свежы нумар часопіса.

Пра магчымасці навукова-культурнага абмену з Азербайджанам расказала спадарыня Флора Наджы, прафесар Бакінскага славянскага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопісаў «Руская мова і літаратура ў Азербайджане», YОL, якая сёлета прыехала ў Беларусь упершыню.

Аляксандр Наўроцкі, імя якога ўжо гучала, прадэманстраваў плён супрацоўніцтва з беларускімі пісьменнікамі — сумесныя польска-беларускія мастацкія зборнікі, падзяліўся тым, як прайшоў Фестываль славянскай паэзіі, складанасцямі і сакрэтамі арганізацыі такіх мерапрыемстваў.

Пісьменнік-марыніст, журналіст, афіцэр-падводнік Мікалай Чаркашын адзначыў, што апошнія яго раманы (у прыватнасці, прэзентаваная на выстаўцы кніга «Брестские врата»), звязаны з нашай краінай, а яго наступны твор пішацца па-беларуску. Сястра пісьменніка, літаратар і пушкініст Ларыса Чаркашына расказала пра кароткі візіт Аляксандра Пушкіна ў Беларусь.

* * *

Завяршыў вечарыну аўтар і выканаўца Рэнат Ібрагімаў, які падараваў калегам дыскі і кнігі са сваімі творамі, а таксама, па шматлікіх просьбах, праспяваў песню.

Напрыканцы сустрэчы гасцей чакала ўзнагароджванне памятнымі знакамі і падзякамі ад арганізатараў мерапрыемства. Госці выказалі захапленне прыгажосцю беларускай сталіцы, гасціннасцю яе жыхароў, падзякавалі за выдатны прыём і арганізацыю мерапрыемства. Гэтым вечарам бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі папоўнілася, бадай, не адным дзясяткам добрых кніг на розных мовах. Спадзяёмся, гаспадары круглага стала атрымалі і новыя прапановы аб супрацоўніцтве на будучыню.

Марына ВАРАБЕЙ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.