Вы тут

Як Жыровіцкі манастыр збіраецца адзначыць сваё 500-годдзе


У маі 2020 года Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр святкуе адразу тры знакавыя падзеі: 550-годдзе з'яўлення цудатворнай іконы Божай Маці Жыровіцкай, 500-годдзе паўторнага знаходжання іконы і 500-годдзе заснавання самога манастыра. Да юбілейных дат прымеркавана мноства не толькі рэлігійных, але і культурных і навуковых мерапрыемстваў: выстаўкі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, прэзентацыя кніжных праектаў, цыкл тэле- і радыёпраграм.


Адным з першых падарункаў да юбілею стала кніга «Усерадаснае заступленне Белай Русі». Як расказвае яе аўтар-укладальніца ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава), настаяцельніца Свята-Ражство-Багародзічнага жаночага манастыра ў Гродне, — гэта спроба ўпершыню скласці поўную «біяграфію» абіцелі як апоры высокай духоўнасці на беларускіх землях ад часу заснавання манастыра да нашых дзён, расказаць пра яе насельнікаў і намеснікаў у розныя часы, падзвіжнікаў веры, пра перыяды заняпаду і адраджэння ў гэтых сценах Мінскай духоўнай семінарыі.

Біяграфія з карцінкамі

Матэрыял для кнігі, што вырасла з некалькіх папярэдніх брашур, давялося збіраць з 2015-га да канца 2017 года літаральна па драбінках — у архівах, у багаслоўскіх трактатах папярэднікаў, ва ўспамінах відавочцаў тых ці іншых падзей. А таксама ва ўласнай памяці, бо ігумення Гаўрыіла сама вырасла ў Жыровіцах. І, як яна жартуе, у 1963 годзе нават стала самай юнай навучэнкай духоўнай семінарыі — прыблізна ў чатыры гады слухала лекцыю аднаго з выкладчыкаў, седзячы пад партай, а ў 12-гадовым узросце, у час, калі манастыр зачынілі «на каранцін», умудрылася зладзіць падкоп пад агароджай, каб ахвотныя маглі трапіць на богаслужэнні.

Хапае ў кнізе і іншых цікавых, малавядомых ці зусім невядомых шырокай публіцы фактаў і сведчанняў — не толькі пра вяртанне цудадзейнага абраза з Масквы ў Жыровіцы ў слоіку з варэннем, але і пра тое, што ніводны з 22 снарадаў, выпушчаных падчас баёў за Жыровіцы па званіцы Крыжаўздвіжанскага храма, не прычыніў шкоды манастырскім будынкам, а пасля вызвалення мястэчка чырвонаармейцы наведалі малебен і атрымалі адмысловае блаславенне «біць далей супастата»; як у 1970-я напярэдадні закрыцця духоўная семінарыя суседнічала з сельгастэхнікумам, а ў брацкім корпусе размясцілі неўралагічную бальніцу... «Мая кніга — не для філосафаў і багасловаў, не для тых, хто прагне палемікі, навуковых дыскусій, яна для нас, простых людзей, і я хацела ўкласці ў яе частку сваёй любові да абіцелі, частку сэрца і ўдзячнасці да тых, з кім побач я жыла шмат гадоў», — падкрэслівае ігумення Гаўрыіла.

З фотаілюстрацыямі дапамог фатограф БелТА Леанід Шчаглоў, які прапанаваў шмат здымкаў з уласнага фотаархіва, для таго каб выбраць найлепшыя манастырскія віды.

Кніга, якая летась атрымала блаславенне свайго першага чытача — Мітрапаліта Філарэта, выйшла ў свет у 2019 годзе. Неўзабаве тэкст выдання ў электронным фармаце будзе размешчаны на сайце Жыровіцкага манастыра і партале Беларускай Праваслаўнай царквы. У друкаваным жа выглядзе кніга існуе ў трох варыянтах: у мяккім пераплёце (гэты варыянт ужо можна набыць ва ўсіх іконных лаўках Жыровіцкага манастыра), у цвёрдым — для бібліятэк і навучальных устаноў, і так званы VІР-варыянт у скураным пераплёце — для памятных падарункаў. Адзін з іх, напрыклад, будзе ўручаны Патрыярху Маскоўскаму Кірылу, які наведае юбілейныя ўрачыстасці непасрэдна ў Жыровіцах, другі абавязкова падораць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку — тым больш выданне ўключае рэдкія здымкі 1996 года, калі кіраўнік дзяржавы ўпершыню наведаў абіцель разам з Мітрапалітам Філарэтам і пакінуў запіс у кнізе ганаровых наведвальнікаў.

Намоленае месца

Наконт часу заснавання Свята-Успенскага манастыра ў грамадстве ішлі, дый сёння яшчэ ўздымаюцца спрэчкі, бо дакладная дата не зафіксавана ў пісьмовых крыніцах. Але гэта цалкам зразумела, тлумачыць прафесар кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі Валянціна Цяплова: «Прасачыць гісторыю ўзнікнення манастыра і дакладна вызначыць дату можна з вялікай цяжкасцю, бо вялікая кніжная і дакументальная спадчына, якая захоўвалася ў беларускіх праваслаўных манастырах, калі тыя «перайшлі на унію», трапіла ў чужыя рукі і многія летапісы былі наўпрост знішчаны. Але са знойдзеных справаводчых дакументаў зразумела, што ў ХVІ стагоддзі манастыр ужо існаваў, і на іх падставе мы вызначылі найбольш імавернай датай яго заснавання 1520 год».

Цяпер у манастыры, расказвае архіепіскап Мінскі і Слонімскі Гурый, рэктар мінскай духоўнай семінарыі і намеснік Жыровіцкага манастыра, пражывае каля 40 насельнікаў-братоў і каля 30 кандыдатаў у манахі; у семінарыі больш за 120 чалавек вучыцца на пастырскім аддзяленні і аддзяленні мастацтваў, а з улікам завочнікаў колькасць студэнтаў духоўнай школы перавышае 400 чалавек. І ўсе яны з радасным хваляваннем рыхтуюцца прыняць шматлікіх паломнікаў і гасцей на святочных мерапрыемствах, кульмінацыя якіх адбудзецца 20 мая — менавіта ў гэты дзень ушаноўваецца ікона Жыровіцкай Божай Маці, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў розных канфесій, бо прызнаная цудадзейнай і праваслаўнымі, і каталікамі.

Але да мая яшчэ шмат часу, і ў Жыровіцах поўным ходам працягваюцца падрыхтоўчыя работы. Падтрымка з боку мясцовых і рэспубліканскіх улад відавочная, адзначаюць насельнікі Жыровіцкага манастыра: «Мы бачым, як аднаўляецца будынак брацкага корпуса, якія маштабныя работы праходзяць на тэрыторыі аграгарадка, — наогул такога хараства, як мы бачым цяпер, абіцель за часы свайго існавання яшчэ не перажывала...»

Паралельна з рэстаўрацыяй у Жыровіцах працягваюць прымаць паломнікаў і турыстаў, расказваюць экскурсантам пра гісторыю заснавання манастыра падскарбіем пры двары Вялікага Княства Літоўскага Аляксандрам Солтанам, пра ўнікальную архітэктуру ўсіх сямі цэркваў, якія ўваходзяць у манастырскі комплекс, запрашаюць пакаштаваць чыстай і, як лічыцца, гаючай вады з мясцовых святых крыніц, дэманструюць каштоўнасці царкоўна-археалагічнага музея і паказваюць заалагічны «Эдэмскі сад» на тэрыторыі так званых Старых Жыровіц, дзе да 1942 года знаходзілася родавая сядзіба Солтанаў — яе знішчылі падчас Вялікай Айчыннай вайны, каб выкурыць ворага, ды так і не аднавілі. З 2010-га гэтую тэрыторыю займае манастырскі падворак. Цяпер тут зноў пладаносіць расчышчаны манахамі і месцічамі яблыневы сад, пакрысе зарыбляюцца сажалкі. А яшчэ мірна суіснуюць побач звяры — мядзведзь, ваўкі, яноты, лісы, коні, козы, алені, нутрыі, шматлікія птушкі і нават экзатычныя сурыкаты — і людзі. У прыватнасці, частыя госці тут — дзеці з сацыяльнага прытулку ў Слоніме і дарослыя, якія праходзяць рэабілітацыю ад залежнасці ў цэнтры «Анастазіс».

Культурны пласт

Цягам 2020 года ўбачаць свет яшчэ тры кнігі, якія рыхтуе выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», аб'яднаныя праваслаўнай тэматыкай. «Яны не толькі датычацца сферы рэлігіі, але і ўздымаюць вельмі моцны культурны, філасофскі пласт, закранаючы такія паняцці, як дабро і зло, свабода, справядлівасць, шчасце, каштоўнасць чалавечага жыцця, — кажа кіраўнік выдавецтва Вольга Ваніна. — Гэта рэфлексія ў сучаснасці, развагі аб тым, як мы жывём, што робім, і разам з тым погляд у будучыню: што будзе заўтра».

Адна з кніг выйдзе прыкладна ў красавіку-маі бягучага года і расказвае акурат пра Жыровіцкі манастыр. Гэта навукова-даведачная энцыклапедыя «Жыровічы» тыражом 1000 асобнікаў, над якой працуюць сумесна прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, Мінскай духоўнай семінарыі і духоўнай акадэміі, а таксама шэраг свецкіх спецыялістаў: гісторыкаў, даследчыкаў, рэдактараў. Выданне ўключае каля 200 багата ілюстраваных артыкулаў, якія апавядуць не толькі пра гісторыю ўласна манастыра і цудадзейнай іконы, але і пра вядомых ураджэнцаў Жыровіц, і пра творчых людзей, якія прысвяцілі свае творы гэтым мясцінам. У працэсе падрыхтоўкі энцыклапедыі, расказваюць супрацоўнікі выдавецтва, было зроблена цікавае адкрыццё: аказваецца, у канцы ХVІ стагоддзя існавала так званая «Жыровіцкая энцыклапедыя» — на думку некаторых даследчыкаў, наогул першае энцыклапедычнае выданне на тэрыторыі Беларусі, якое ўяўляла сабой збор артыкулаў пра гісторыю, сучасны стан дзяржавы, славутых дзеячаў і г. д.

Другая кніга — альбом «Храм-помнік зямлі Белай Русі», які ўтрымлівае амаль паўтысячы ілюстрацый, — убачыць свет да 75-годдзя Перамогі і ўсебакова раскажа пра храм у імя Усіх Святых у Мінску: як амаль дваццаць гадоў таму пры яго будаўніцтве спалучыліся гістарычная спадчына і сучасныя тэхналогіі, як аздабляліся крыпта і прыдзелы, з якіх частак комплекс складаецца сёння і якія задачы выконвае. Працягне серыю навукова-папулярнае выданне «І Маці Божай памалюся» Міхася Карпечанкі, прысвечанае вядомай з 1623 года Бялыніцкай іконе Божай маці (на жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны цудадзейны абраз знік, і дагэтуль яго месцазнаходжанне не ўстаноўлена, копіі ж, датаваныя сярэдзінай ХVІІ стагоддзя, захоўваюцца ў музеі старабеларускай культуры НАН Беларусі і ў некаторых храмах Беларусі і Літвы) і гісторыі саміх Бялыніч — ад невялікага мястэчка да горада раённага падпарадкавання.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Жыровіцы — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.