Вы тут

Вяртанне (да) імёнаў


Вяртанне (да) імёнаў

8 лютага на ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе былі падведзены вынікі II тура конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя».

Уступным словам прывітаў прысутных мадэратар мерапрыемства (а па сумяшчальніцтве аўтар ідэі і член журы) –– дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ігар Запрудскі, які прадставіў ганаровых гасцей імпрэзы і падкрэсліў культурна-асветніцкую ролю конкурсу.

Намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ па вучэбна-метадычнай рабоце  Мікалай Хмяльніцкі адзначыў плённую працу нашых “рэаніматараў” на ніве вяртання забытых імёнаў айчыннай літаратуры.  

У сваю чаргу дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда»Павел Сухарукаў канстатаваў, што  «РэANIMAцыі» развіваецца і становіцца ўсё больш уплывовым і цікавым для грамадскасці конкурсам.

Завіталі на свята і прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у прыватнасці дырэктар Інстытута літаратуразнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар  Іван Саверчанка. Ён звярнуў увагу на важнасць ушанавання памяці выбітных дзеячаў нашай культуры XIX ст., бо ў іх складаных лёсах адлюстравалася гісторыя станаўлення беларускай нацыі.

Ад імя членаў журы выступіла доктар філалагічных навук Людміла Сінькова. Разважаючы пра выніку конкурсу, яна выказала надзею, што з часам мы ўбачым у падручніках імёны нашых канкурсантаў.

Пераможца I тура конкурсу «РэANIMAцыя» (і, між іншым, член журы II тура) Маргарыта Латышкевіч не змагла прыняць удзел у мерапрыемстве, але даслала прывітальны ліст галоўным героям свята. У ім яна павіншавала ўсіх “рэаніматараў” не з перамагой ці ўдзелам, а з тым, што яны рызыкнулі эмацыянальна і інтэлектуальна ўкласціся ў новы твор і падзяліцца ім з журы.

***
Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў «Слаўнай кампані» падзяліліся з прысутнымі пераможца і лаўрэаты конкурсу.

Зміцер Кузменка (ад імя пераможцы конкурсу выступіў яго сябар рэжысёр Валерый Мазынскі):

Кастусь Каліноўскі быў адданым патрыётам сваёй зямлі і сапраўды шляхетным, годным чалавекам. Пра гэта і напісана апавяданне “Шалгуноў” – пра высокую чалавечую годнасць, якая прымушае паважаць сябе нават апанентаў і ворагаў. Надзвычай важна, каб як мага больш з нас мелі ў сабе гэты ўнутраны стрыжань і гонар. Я вельмі рады, што журы конкурсу адзначыла гэта апавяданне і дужа спадзяюся, што яно адгукнецца таксама і ў сэрцах многіх чытачоў. Для мяне як для аўтара гэта самае істотнае”.

Уладзімір Мажылоўскі:

Франц Савіч зацікавіў мяне перш за ўсё тым, што ўсё сваё жыццё ён паклаў на алтар беларушчыны. У сваім творы я хацеў паказаць яго як змагара, як чалавека, які не скарыўся абставінам. Наколькі мне гэта  ўдалося, меркаваць не мне, а журы. Хацелася б выказаць падзяку арганізатарам конкурсу за тое, што ў ім можа ўдзельнічаць кожны, як школьнік, так і чалавек даволі сталага ўзросту”.

Ягор Конеў:

“Убачыўшы ў зале спадара Язэпа Янушкевіча, я хачу выказаць яму глыбокую павагу і падзяку, бо ўпершыню я ўзяў у рукі збор твораў Дуніна-Марцінкевіча трыццаць пяць гадоў таму. Гэта быў збор твораў, які  падрыхтаваў менавіта Язэп Язэпавіч. У той час я іграў у аматарскім тэатры ў п’есе “Пінская шляхта”. І зразумела, што прачытаў усе творы, якія былі змешчаны ў зборніку. Не магу сказаць, што быў вельмі ўражаны. Але потым я прачытаў прадмову спадара Язэпа Янушкевіча, і вобраз Дуніна-Марцінкевіча зрабіўся для мяне настолькі глыбокім, што я перачытаў усе пяцьсот з лішкам старонак і ўжо зусім іншымі вачыма глядзеў на асобу свайго героя, на яго пасажы, жарты, думкі”.

Надзея Скрыпнік:

“Я працую ў школе і апошнім часам стала назіраць, што нашы падлеткі любяць усе краіны, акрамя сваёй роднай. І мне захацелася напісаць пра гэта пакаленне, якое нічога не ведае пра сваіх продкаў. Я часта сутыкаюся з тым, што для выпускнікоў нашых школ пісьменнікі, творы якіх яны вывучаюць у школе, застаюцца галерэяй мёртвых партрэтаў. Мне захацелася, каб Уладзіслаў Сыракомля прыйшоў да аднаго з такіх маладзёнаў і пагаварыў з ім. І я напісала пра перараджэнне юнака, які не ведае сваіх каранёў”.

Наталля Бахановіч:

“Як адзанчыла ў сваім лісце Маргарыта Латышкевіч, для таго, каб адважыцца на ўдзел у такім конкурсе, сапраўды патрэбна рызыкнуць. Для мяне, напрыклад, было складана выйсці з зоны камфорту, бо дагэтуль мая праца са словам абмяжоўвалася выключна літаратуразнаўчымі працамі і нейкімі спробамі ў публіцыстычным жанры. Аднак, калі я ўбачыла ў спісе літаратараў, прапанаваных для твора, імя Савіча-Заблоцкага, то мне падалося, што ў нейкім сэнсе жыццё вяло мяне да гэтага твора: з названым аўтарам я была знаёма здаўна. Калі вучылася ва ўніверсітэте, мне было прапанавана напісаць дыпломную працу па творчасці Савіча-Заблоцкага. Па сутнасці, гэта быў першы літаратар XIX ст. з якім я так блізка пазнаёмілася. Таму не дзіва, што прысутнасць гэтага імя ў конкурсным спісе я ўспрыняла як своеасаблівае запрашэнне да ўдзелу”.

***

Пераможца і лаўрэаты конкурсу атрымалі Дыпломы за подпісам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Падзякі дэкана філалагічнага факультэта БДУ, кнігі, грашовыя прэміі, а таксама камплекты «беларускамоўнай" касметыкі – прадукцыю серыі "Асоба» прадаставіла на конкурс кампанія «Модум – наша касметыка». Галоўным жа вынікам конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» стане зборнік лепшых твораў, які выйдзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». «РэANIMAцы» (ужо можна сказаць «традыцыйна») не толькі вяртае забытыя імёны нашых пісьменнікаў, але і адкрывае нам новыя.

Кірыл МЯЦЕЛІЦА, «М»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».