Вы тут

Праблемы мінулага і як яны гучаць у нашы дні


Праблемы мінулага і як яны гучаць у нашы дні

9 лютага ў межах ХХVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы рэдакцыяй часопіса «Маладосць» быў праведзены круглы стол «Праблемы гісторыі на старонках сучаснасці».

З вітальным словам выступіў Ягор Конеў, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2016), член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Майстра прадставіў гасцей імпрэзы, прыкмеціў надзённасць заяўленых тэм дакладаў і між тым зазначыў, што ў сваёй творчасці ўжо даўно прытрымліваецца гістарычна-прыгодніцкага кірунку. «Аднойчы ступіўшы на сцяжыну гістарычнай літаратуры, збочыць ужо немагчыма»,  – лічыць Ягор Конеў.

Ягор Конеў

Першы тэматычны блок прадставілі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мікіта Цімакоў прапанаваў паразважаць над пытаннем «Вусная гісторыя: хто можа быць крыніцай у сучаснай Беларусі?». «Успаміны, эмоцыі, пахі, узаемаадносіны, чуткі складаюць наратыў эпохі, з дапамогай яго можна правесці статыстыку і зрабіць патрэбныя высновы», – падкрэслівае малады даследчык. Размову аб гісторыі і сучаснасці прадоўжыла Карына Гінько. Студэнтка выступіла з тэмай «Гістарычная спадчына Беларусі праз прызму Instagram». Прамоўца падзялілася меркаваннем, чаму папулярызацыя гісторыі праз Instagram можа быць паспяховай, а таксама расказала пра свой вопыт стварэння гістарычнай старонкі ў сацсетцы.

Мікіта Цімакоў

Карына Гінько

Другі тэматычны блок («З пункту гледжання навукі») адкрыла Наталля Якавенка, кандыдат філалагічных навук, прадстаўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. У рабоце «Вобраз Рагнеды ў сучаснай усходнеславянскай прозе: «эстэтычная гульня» і праблема ўспрымання гістарычнага мінулага» даследчыца разгледзела, якімі часам нечаканымі рысамі і памкненнямі літаратары надзяляюць усім вядомую яшчэ са школьных падручнікаў князёўну. Гутарку пра выбітных асоб гісторыі падтрымала і Марына Варабей, малодшы навуковы супрацоўнік сектара гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства. Навукоўцу цікавілі «Гістарычныя крыніцы натхнення Уладзіслава Сыракомлі», а таксама цытаты і спасылкі, што сустракаюцца ў творах славутага паэта. У гэтым жа навуковым блоку выступіла і кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык. Прамоўца прадставіла работу «Гістарычны факт і літаратурны твор: на прыкладзе рукапісаў Зінаіды Бандарынай» і акрэсліла некаторыя цяжкасці пры размежаванні рэчаіснасці і мастацкага вымыслу.

Наталля Якавенка

Марына Варабей

Аксана Данільчык

Наступны тэматычны блок («Лакальная гісторыя») быў прадстаўлены лідскім краязнаўцам Леанідам Лаўрэшам: госць прапанаваў згадаць «Тры пакаленні даследчыкаў Лідчыны». З Гродзеншчыны завіталі да нас і Вікторыя Ратковіч з Елізаветай Нікалайчык, прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 горада Слоніма. «Фэйкі ў гісторыі» – вось што хвалявала вучаніцу і яе настаўніцу.

Леанід Лаўрэш

Вікторыя Ратковіч, Елізавета Нікалайчык

Чацвёрты тэматычны блок («Новага героя – у старую эпоху») прадставіла рэдактар выдавецка–паліграфічнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Дар’я Значонак. Своеасаблівым абагульненнем выказаных сёння думак і меркаванняў стала Дар’іна выступленне «У далёкую эпоху – навобмацак, або як напісаць твор гістарычнай тэматыкі». Выступоўца зрабіла акцэнт на неабходнасці разумення і грунтоўнага даследавання выбранай для твора эпохі, нагадала пра пошук трапных дэталяў, падкрэсліла важнасць прадуманай працы над характарамі персанажаў. «Яны – гэта мы, – сцвярджае ўдзельніца. – Героі любога часу – гэта ў першую чаргу людзі». І не паспрачаешся…

Дар’я Значонак

Уручэнне Сертыфіката

P. S. Для тых, хто не паспеў далучыцца да круглага стала (ці ўжо паспеў па ім засумаваць), ёсць цудоўная навіна: усе паведамленні выступоўцаў можна будзе знайсці на старонках часопіса «Маладосць». Ужо хутка!

Марыя СТРАХ, «М»
Фота Ганны Варонкі, «М»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?