Вы тут

Страх можа нашкодзіць нашмат больш, чым сам каранавірус


Наша суайчынніца распавядае, як у Сінгапуры змагаюцца з панікай з нагоды віруса новага тыпу


У пятніцу ў Сінгапуры ўвялі аранжавы ўзровень небяспекі. На сённяшні дзень у горадзе-дзяржаве выяўлены 33 інфіцыраваныя вірусам 2019-nCoV, двое знаходзяцца ў крытычным стане. Улады прызналі, што каранавірус пачаў распаўсюджвацца сярод мясцовых жыхароў, пры гэтым крыніцы заражэння ўстанавіць не атрымваецца. У сувязі з гэтым ўрад 7 лютага павысіў узровень эпідэміялагічнай небяспекі да адзнакі, якая папярэднічае аб'яве пандэміі ў краіне.

Галіна Гумінская, наша суайчынніца, якая з мужам жыве ў Сінгапуры ўжо чатыры гады, у сваім блогу распавядае аб сітуацыі ў горадзе пасля абвяшчэння аранжавага ўзроўню небяспекі.

Паводле яе слоў, жыхарам кандамінімуму, дзе яны з мужам здымаюць кватэру, растлумачылі, як будуць дэзінфікаваць калідоры ў дамах, гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі. Нават кнопкі ў ліфце і дзвярныя ручкі праціраюць тры разы на дзень.

«Народ працягвае плаваць у басейне, займацца ў трэнажорных залах, запрашаць гасцей на барбекю. Але пры гэтым запісваюць адрасы і даты наведвання ўсіх гасцей. Так было ў пятніцу вечарам. А ў суботу раніцай муж адчуў невялікі шок, калі раніцай пайшоў у краму купіць свежыя гародніну і садавіну на сняданак. Такіх чэргаў мы ніколі тут не бачылі» — піша Галіна.

 

Імгненна апусцелі паліцы з кансервамі, макароннымі вырабамі, рысам, скупілі нават свежае мяса і птушку.

«Нешта мне ўсё гэта нагадвае. Вельмі падобна на незабыўныя 90-я. Можа, яшчэ і карткі ўвядуць? Ужо пара баяцца?» — задаецца пытаннем наша суайчынніца.

Спакой, толькі спакой

Сінгапурцы толькі пачалі непакоіцца, а прэм'ер-міністр Лі Сянь Лун ужо выступіў перад краінай. «Мякка і ласкава, ну як тата родны пажурыў іх за непатрэбны пакупніцкі ажыятаж. Растлумачыў сітуацыю з каранавірусам у краіне і ў свеце. Абнадзеіў людзей разумным думкамі. І народ паверыў. Сёння ў краме ніякіх чэргаў і паліцы запоўненыя таварамі, як заўсёды» — распавядае ў блогу Галіна.

Праўда, на некаторыя віды рысу і макаронныя вырабы усё ж такі ўвялі абмежаванні.

«У сённяшніх умовах, — сказаў у звароце Лі Сянь Лун, — страх можа нашкодзіць нашмат больш, чым сам вірус». Ён паведаміў, што ўлады Сінгапура не маюць намеру закрываць горад-дзяржаву і абмяжоўваць жыхароў у перамяшчэнні. «У нас дастаткова запасаў харчавання, таму не трэба скупляць локшыну хуткага прыгатавання, кансервы або туалетную паперу, як гэта рабілі некаторыя ў пятніцу», — заявіў прэм'ер, выступаючы па тэлебачанні на трох мовах: англійскай, кітайскай і малайскай.

І людзі супакоіліся. «Народ тут вельмі дысцыплінаваны і выконвае ўсе ўказанні без эмоцый, — дзеліцца уражаннем Галіна. — Вакол мяне звычайнае жыццё, як заўсёды. Муж ходзіць на працу, два разы на дзень мерае тэмпературу, адпраўляючы вынікі на адмысловы сайт, а я плаваю, шукаю цікавае і часам выбіраюся паглядзець на нешта новае».

Наталля КАРОТКАЯ

Фота з асабістага блогу Галіны ГУМІНСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.