Вы тут

Раім схадзіць


Гастрафэст «Gastrofest. Кава», Фільм «1917», Выстава «Віртуальная рэальнасць у мастацтве», Забег «ЗаКаханне», Дзень святога Валянціна ў Нацыянальным гістарычным музеі і іншае — афіша «Звязды» з 11 па 17 лютага.


Гастрафэст «Gastrofest. Кава»

Дзе: г. Мінск

Калі: з 6 лютага

Колькі каштуе: 7 BYN на любы сэт

З 6 па 23 лютага Мінск напоўніцца насычанымі водарамі свежай выпечкі і кававых напояў. Усе ўстановы-ўдзельніцы (а гэта 20 кавярняў Мінска) падрыхтавалі свае дэгустацыйныя сэты, якія складаюцца з кавы і дэсерту, каб раскрыць наведвальнікам новыя смакавыя спалучэнні і пазмагацца за лідарства. Кошт усіх прапаноў фіксаваны — 7 рублёў. Госці фестывалю змогуць наведаць любыя з заяўленых устаноў, а пасля дэгустацыі прагаласаваць за найбольш упадабаныя на сайце gastrofest.by або аднайменным тэлеграм-канале.

Новаўвядзенне фестывалю — магчымасць аказаць падтрымку праграме ЮНІСЕФ у Беларусі «Сям'я кожнаму дзіцяці», якая дапамагае дзецям з інваліднасцю з інтэрнатаў знайсці сваю сям'ю. Любы жадаючы зможа падарыць гастра-сэт свайму сябру праз дадатак Gmoji, дзе кошт сэта адрозніваецца на 1 BYN, які і будзе адпраўлены ў падтрымку праграме.

Акрамя гэтага, падчас фестывалю ў вас будзе магчымасць адправіцца ў цёплае падарожжа на дваіх у Егіпет ад тураператара Aviabaltic.

Даведкі


Фільм «1917»

Дзе: кінатэатры г. Мінска

Калі: па 16 лютага

Колькі каштуе: ад 5 BYN

1917 год, разгар Першай сусветнай вайны. Двум юным салдатам даручаюць смяротна небяспечную місію. Яны павінны перасекчы варожую тэрыторыю і даставіць сакрэтнае паведамленне, якое прадухіліць немінучую гібель сотняў салдат... Ці змогуць яны выйграць гонку з часам?

На 92-й цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» «1917» атрымаў 10 намінацый (у тым ліку «Лепшы фільм» і «Лепшы рэжысёр») і выйграў тры «Оскары», у тым ліку за «Лепшую аператарскую працу». Акрамя таго, на 77-й прэміі «Залаты глобус» фільм атрымаў перамогу ў намінацыях «Лепшы фільм — драма» і «Лепшы рэжысёр», а таксама выйграў 7 узнагарод на 73-й прэміі Брытанскай кінаакадэміі BAFTA, у тым ліку «Лепшы фільм» і «Лепшы рэжысёр».

Рэжысёр: Сэм Мэндэс

У ролях: Дын-Чарльз Чэпмен, Джордж Маккэй, Дэніэл Мэйс, Колін Фёрт, Піп Картэр, Эндзі Апола, Пол Цінта, Josef Davies, Білі Постлтуэйт, Гэбрыэл Акувудзіке.


Выстава «Віртуальная рэальнасць у мастацтве»

Дзе: ПлейВР, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 9, памяшканне 6

Калі: па 31 сакавіка, штодзень з 10:00 да 22:00

Колькі каштуе: 20 BYN — чатыры праекты, 17 BYN — тры праекты на выбар, 14 BYN — два праекты на выбар, 7 BYN — адзін праект на выбар

Унікальны VR-праект Траццякоўкі запрашае зазірнуць у майстэрні Казіміра Малевіча і Наталлі Ганчаровай, а пасля  стаць галоўным героем шышкінскай «Раніцы ў сасновым лесе» і «Крыку» Эдварда Мунка.

VR-тэхналогіі пранікаюць у самыя розныя сферы чалавечага жыцця, актыўна выкарыстоўваюцца яны і ў музейнай справе. Траццякоўская галерэя прадстаўляе незвычайны праект, які дазваляе не проста дакрануцца да творчасці Казіміра Малевіча, Наталлі Ганчаровай, Івана Шышкіна і Эдварда Мунка, але і апынуцца ўнутры іх твораў, спасцігнуць творчыя метады вялікіх мастакоў.

Дзякуючы тэхналогіям віртуальнай рэальнасці, гледачы могуць стварыць уласную карціну ў найлепшых традыцыях рускага авангарду, прапанаваць сваю інтэрпрэтацыю «Раніцы ў сасновым лесе» і максімальна глыбока прачуць эстэтыку вядомага нарвежскага экспрэсіяніста.

Даведкі: +375 29 3232310 (A1)


Фільм «Лёд 2»

Дзе: кінатэатры г. Мінска

Калі: па 4 сакавіка

Колькі каштуе: ад 5,50 BYN

Што адбываецца ў казках пасля вяселля прынца і прынцэсы? Фігурыстка Надзя і хакеіст Саша ажаніліся і больш за ўсё на свеце мараць пра дзіця. Праўда, цана, якую ім давядзецца заплаціць за гэтую мару, будзе няўяўна высокая. Здаецца, што пасля такіх узрушанняў разлічваць на шчаслівы канец ужо немагчыма. Але, калі вы так думаеце, вы нічога не ведаеце аб сапраўдных казках...

Дзеянне фільма адбываецца пасля падзей, расказаных у арыгінальным фільме (Лёд, першая частка).

Рэжысёр: Жора Крыжоўнікаў

У ролях: Аляксандр Пятроў, Аглая Тарасава, Марыя Аронава, Юлія Хлынина, Надзея Міхалкова, Сяргей Кузняцоў, Сяргей Лавыгин, Віталь Карніенка, Вера Тарасава

 


Уладар кахання — Купідон

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7А

Калі: 13 лютага, 19:30

Колькі каштуе: бясплатна, рэгістрацыя абавязковая

У паэзіі Багдановіча не заўсёды зразумееш: жанчыны ў яго вершах – гэта ідэальны вобраз, мроя ці рэальны чалавек. Вераніка — толькі імя? Ганна — муза паэта? Гісторыі кахання заўсёды былі няпростымі, гісторыі яго сям’і — складаныя не менш. На імпрэзе вы зможаце пазнаёміцца з імі бліжэй. Вы даведаецеся пра жанчын, з якімі звязаў лёс Максіма Багдановіча, таямніцы асабістага жыцця паэта і яго сям’і.
Працягне рамантычную ноту інды-фолк гурт «Няміга». «Музыка павінна несці любоў», — даводзяць яны і даказваюць гэта сваёй творчасцю. Старыя і новыя песні ў акустычным гучанні будуць цудоўным падарункам для кожнага!

Пачатак тэматычнай экскурсіі – 18:30.

Колькасць месцаў абмежаваная. Удзел у экскурсіі па папярэднім запісе праз гугл-форму альбо па тэлефоне: (8 017) 334-42-69.


Хакей. «Дынама-Мінск». Хатнія матчы

Дзе: Мінск-Арэна, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 111

Калі: 15 лютага — 17:00; 17, 25, 27 лютага — 19:00

Колькі каштуе: ад 4 BYN

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» — адна з візітных картак Беларусі. «Зубры» (менавіта такая мянушка ў хлопцаў) гуляюць у Кантынентальнай хакейнай лізе і канкуруюць з найлепшымі камандамі Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Іх матчы рэгулярна збіраюць аншлагі на «Мінск-Арэне» — адной з найбуйнейшых і самых сучасных пляцовак Старога Свету, якая ўмяшчае 15 тысяч гледачоў.

Тры цэнавыя катэгорыі матчаў. Традыцыйна ўсе хатнія матчы дзеляцца ў залежнасці ад рэйтынгу суперніка і дзён тыдня. Самы бюджэтны варыянт — матчы з панядзелка па чацвер, дзе кошт квіткоў катэгорыі «Эканом» вар'іруецца ад 4 да 7 рублёў.

Месцы каля пляцоўкі. У новым сезоне бюджэтныя месцы на арэне будуць не толькі пад брылём: глядзець хакей проста поруч з пляцоўкай, з самых першых шэрагаў зараз можна будзе па самым нізкім кошце (ад 4 рублёў у катэгорыі «Эканом»).


Выстава «Як накарміць чалавецтва»

drnataliedyer.com

Дзе: Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 7

Калі: па 29 лютага

Колькі каштуе: бясплатна

«Кожны чалавек у 2050 г. будзе мець патрэбу ў ежы, гэтак жа як і цяпер. Толькі вось людзей будзе на 2–3 млрд больш. Аднак каля 70 % земляў, прыдатных для вырошчвання прадуктаў, зараз ва ўжытку. І гэтая лічба вельмі хутка расце», — адзначае віцэ-прэзідэнт Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) ЗША Джэйсан Клэй. Ён прапануе бяспечныя для біяразнастайнасці планеты спосабы накарміць чалавецтва, якое хутка расце, уключаючы генетычныя мадыфікацыі і скарачэнне харчовых адходаў.

У экспазіцыі прадстаўлены наступныя айчынныя і замежныя выданні: «Расійскі харчовы рынак», «Харчовая прамысловасць: навука і тэхналогіі». «Мясная індустрыя», «Food Technology», «Lebensmitteltechnik» і інш. 

Экспазіцыя будзе цікавая як спецыялістам у галіне харчовай прамысловасці, так і шырокаму колу насельніцтва.


Забег «ЗаКаханне»

Дзе: Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 84/1

Калі: 16 лютага, 10:30

Колькі каштуе: бясплатна, рэгістрацыя абавязковая

Дыстанцыі: 500 м, 1,5 км, 3 км, 5 км, 10 км, 15 км, эстафеты на 3 км (2x1,5 км) і 10 км (2x5 км).

Старт святочнага забегу прызначаны на 10:30. Падтрымаюць бегуноў на дыстанцыях валанцёры і, вядома, заўзятары. Не абыйдзецца свята і без вядучага, рамантычных песень, фотазон і падарункаў. Усе фінішоры будуць узнагароджаны тэматычнымі металічнымі медалямі і паштоўкамі.

Колькасць удзельнікаў: 550 (паспяшайцеся - месцаў засталося мала).


Дзень святога Валянціна ў Нацыянальным гістарычным музеі

Дзе: вул. Карла Маркса, 12, г. Мінск

Калі: па 22 лютага, штодзень з 11.00 да 19.00

Колькі каштуе: даведкі

Згодна з Залатой легендай, уладны і жорсткі рымскі імператар Клаўдзій II прыйшоў да думкі, што самотны мужчына, не абцяжараны жонкай, лепш будзе змагацца на поле бітвы, і забараніў мужчынам жаніцца, а дзяўчатам — выходзіць замуж. А святы Валянцін быў звычайным палявым лекарам і святаром, які спачуваў няшчасным закаханым і ўпотай, пад покрывам ночы, асвячаў шлюб кахаючых сэрцаў. За гэта яго пасадзілі ў вязніцу, прысудзіўшы да смяротнай кары. У турме святы Валянцін пазнаёміўся з выдатнай дачкой наглядчыка — Юліяй.
Закаханы святар перад смерцю напісаў каханай дзяўчыне прызнанне ў каханні — валянцінку, дзе распавёў пра свае пачуцці і падпісаў «Твой Валянцін».

У Дзень Святога Валянціна, 14 лютага ў 17:00 Нацыянальны гістарычны музей запрашае ўсіх закаханых наведаць выставу «Вользе ♥ Андрэй Смаляк». Унікальны выставачны праект — гісторыя кахання ў карцінах — уключае ў сябе 31 партрэт Вольгі.

Сумеснае жыццё мастака Андрэя і актрысы Вольгі яркая і насычаная. Яна — невычэрпная крыніца яго натхнення, муза, паплечнік і любімая жанчына ... Ён — піша яе партрэты ў плыні шматлікіх дзясяткаў гадоў, у розных стылях і тэхніках, і падпісвае палотны, заўсёды вылучаючы яе імя.

Андрэй і Вольга, дасягнуўшы вядомасці ў нашай краіне, падняўшыся на самы пік поспеху, працягваюць скараць ўсё новыя і новыя вяршыні. Больш за 50 персанальных выстаў, першая аўтарская галерэя «Эрмітаж», першы ў Беларусі «зорны» праект «Ажыўшыя карціны», міжнародныя праекты «Мастацтва — мост у Еўропу», «Чырвоныя акуляры»,  «Карнавал», «Выбранае».

Дэвіз Вольгі і Андрэя: «Свет стане шчаслівы толькі тады, калі ў кожнага будзе душа мастака».

Тэлефон: 80 (17) 327 43 22, 321 23 71

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.