Вы тут

Тыдзень роднай мовы пройдзе ў НАН Беларусі з 13 па 21 лютага


Мерапрыемства прымеркаванае да Сусветнага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Цягам тыдня ў Акадэміі навук будзе арганізаваны шэраг самых розных імпрэзаў.


Так, 13 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбудзецца афіцыйнае адкрыццё Школы юнага мовазнаўца і сустрэча са школьнікамі-пераможцамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі.

На гэты ж дзень запланаваны круглы стол “Беларуская мова ў кантэксце развіцця інфармацыйных тэхналогій", арганізаваны сумесна з газетай “Звязда”. Удзел у ім  возьмуць супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі, выкладчыкі ВНУ, спецыялісты ПВТ і бізнесмены.

14 лютага ў 14.00 адбудзецца прэзентацыя першага ў гісторыі лексікаграфіі “французска-беларускага слоўніка прававой лексікі”, падрыхтаванага супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 15).

“Французска-беларускі слоўнік прававой лексікі” прызначаны для спецыялістаў, навуковых работнікаў, перакладчыкаў, студэнтаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй прафесійнай і вучэбнай дзейнасці дакументы і літаратуру на французскай мове, а таксама для чытачоў, тых, хто сустракаў прававую лексіку ў іншых відах французскіх тэкстаў. Корпус слоўніка складаецца прыблізна з 25 тысяч лексем і выразаў, якія ахопліваюць асноўныя паняцці ў сферы дзяржаўнага, канстытуцыйнага, крымінальнага, міжнароднага, фінансавага, гандлёвага і грамадзянскага права.

17 лютага адбудзецца круглы стол на тэму “Праблемы ўпарадкавання камп’ютарнай тэрміналогі” (у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 14.00). Пэўныя намаганні па распрацоўцы камп’ютарнай тэрміналогіі на беларускай мове рабіліся і робяцца, але ці дастатковыя яны для таго, каб беларуская мова ў поўнай меры выкарыстоўвалася ў сферы інфармацыйных тэхналогій? На гэтае пытанне і паспрабуюць адказаць удзельнікі круглага стала.

У планах на 18 лютага - творчая сустрэча з пісьменнікамі “Жыватворная крыніца натхнення” (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, у 15.00). Гутарка пойдзе аб дыялектных, гістарычных і іншых вобразатворчых рэсурсах беларускай мовы, якія могуць выкарыстоўвацца айчыннымі пісьменнікамі (празаікамі і паэтамі) у якасці сродкаў пабудовы вобразнага свету мастацкага твора.

19  лютага ў рамках круглага стала плануецца абмеркаваць ролю мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа,  15.00).

20 лютага ў 14.40 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбудзецца Прэзентацыя тэматычнага слоўніка “Плытніцтва”, створанага супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства. У працу ўключана архіўная лексіка, што збіралася пераважна ў 60-я ‒ 70-я гады ХХ ст., а таксама словы, якія публікаваліся як самастойныя тэматычныя падборкі па плытагонстве ці ў якасці рэестравых адзінак у складзе лексіконаў у розных дыялекталагічных, а таксама ў асобных этнаграфічных і іншых выданнях. Лексікаграфічны даведнік аб’ядноўвае неаднародны слоўны матэрыял. Яго архіўная частка запісвалася пераважна ад асоб, якія самі яшчэ займаліся плытагонствам, але плытніцтва як асаблівы адыходны промысел ужо амаль не існавала.

Таксама на 20 лютага ў 18.30  у краме “Акадэмікніга” запланавана сустрэча з членамі аўтарскага калектыву “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (у 37 выпусках), вылучанага да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

А завяршальным акордам стане  прэс-канферэнцыя з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, якая пройдзе ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы 21 лютага.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.