25 верасня, пятніца

Вы тут

Даглядаем за скурай зімой правільна. Парады ўрача-дэрматолага


Зіма для скуры — выпрабаванне на трываласць. Халодны вецер на вуліцы, перасушанае батарэямі паветра ў кватэрах, маларухомы лад жыцця — усё гэта не лепшым чынам адбіваецца на знешнасці. У халодныя месяцы скура мае патрэбу ў асаблівым доглядзе. Якім ён павінен быць, а таксама пра тое, якія памылкі мы здзяйсняем дзень за днём, думаючы, што дапамагаем скуры, расказала ўрач-дэрматолаг вышэйшай катэгорыі, загадчык дэрматалагічным аддзяленнем медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Раіса ШЭРШАНЬ.


— Раіса Мікалаеўна, што адчувае наша скура зімой? Чаму з ёй узнікае больш праблем у халодны час?

— Бясспрэчна, навакольнае асяроддзе на нас уплывае, прычым не толькі на скуру твару, а і ўсяго цела. Гэта нізкія тэмпературы на вуліцы, у памяшканнях — ацяпленне, у машыне — абагрэў, з-за чаго зніжаецца вільготнасць паветра, і скура пакутуе. Яна адказвае нам сухасцю, лушчэннем, пачуццём сцягнутасці, пачырваненнем. Мы прызвычаіліся называць гэта сухой раздражнёнай скурай.

Акрамя гэтага, пакутаваць яна можа, калі мы самі занадта старанна яе даглядаем. Напрыклад, многія прымаюць душ з мылам, але калі ў вас, скажам, не фізічная праца, а офісная, той жа гель-душ ці мыла зусім не абавязковыя. Многія імкнуцца змыць рознымі сродкамі скурнае сала з твару, а гэта, між іншым, наш ахоўны бар'ер. У выніку мы дадаем сабе праблем. Скура ўсё роўна застаецца тлустай, пры гэтым дадаткова губляе вільгаць, з-за чаго становіцца яшчэ і абязводжанай. Сёння ў продажы шмат сродкаў, у іх часам складана разабрацца і падабраць без кансультацыі. Але людзі ўсё спрабуюць на сабе і атрымліваюць самыя непрадказальныя эфекты.

Адна з тыповых памылак — думаць, што быццам бы зімой тып скуры мяняецца. Ён застаецца ў нас аднолькавым на працягу ўсяго жыцця. Мяняюцца ўмовы надвор'я, а скура, канешне, рэагуе.

— Няўжо для ўмывання твару дастаткова толькі вады? А якія сродкі па доглядзе неабходна мець абавязкова?

— Пацыенты нярэдка расказваюць, што мыюць твар з мылам, некаторыя нават з гаспадарчым. Такім чынам змываецца ліпідная мантыя, і скура пакутуе яшчэ больш. Умыцца дастаткова вадой — кіпячонай, бутыляванай, міцэлярнай. Зімой для ачышчэння твару мы таксама можам карыстацца малачком, крэмам-суфле. Але сродак павінен быць бясспіртавым. Далей усё залежыць ад тыпу скуры. Калі яна схільная да тлустасці, пасля ўмывання можна працерці твар бясспіртавым тонікам. Потым наносіцца крэм у адпаведнасці з тыпам скуры. Зноў-такі калі скура тлустая і летам мы карыстаемся флюідамі, то зімой можна ўзяць штосьці больш шчыльнай кансістэнцыі — крэм. Тут правіла такое: зімой пажадана аддаваць перавагу сродку для больш сухой скуры. Калі ў вас камбінаваны тып, то бяром крэм для нармальнага. Калі нармальны, то для сухога. Калі сухі, то для вельмі сухога ці адчувальнага тыпу.

Калі вы карыстаецеся рознымі танальнымі сродкамі, то ў зімовы час гэта яшчэ і догляд. Танальная аснова, пудра — дадатковая ахова. Але ўвечары ўсё гэта абавязкова трэба змыць — міцэлярнай вадой, сродкамі для ачышчэння. І нанесці больш жывільны крэм. Але тут па жаданні — хтосьці на ноч наносіць увільгатняючы, хтосьці жывільны.

Часта даводзіцца чуць меркаванне, што ўвільгатняючыя сродкі зімой лепш не наносіць, бо яны ўтрымліваюць вільгаць і замярзаюць на вуліцы. На самай справе ўсе крэмы ўтрымліваюць вільгаць. І саграваюцца за кошт тэмпературы цела — яны не могуць замерзнуць. Але няма нічога страшнага ў тым, калі раніцай вы выкарыстаеце больш тлусты крэм (там абавязкова павінна быць масла Шы, авакада, вітамін Е), а ўвечары ўвільгатняючы. Зімой можна больш інтэнсіўна рабіць увільгатняючыя маскі.

Трэба памятаць, што ўвільгатняючыя сродкі дзеляцца на два віды. Першыя перашкаджаюць выпарванню вільгаці са скуры, яны ўтрымліваюць тлушчы. Другія прыцягваюць вільгаць з навакольнага асяроддзя, гэта дасягаецца за кошт гіялуронавай кіслаты, мачавіны ў іх складзе. Апошнія зімой не актуальныя, бо вільготнасць у памяшканнях зніжаецца, скуры няма адкуль яе прыцягнуць. Таму ў халодны час лепш выбіраць крэмы, якія захоўваюць вільгаць.

— Улічваючы, што ў памяшканнях не хапае вільгаці, ці ёсць сэнс карыстацца на працягу дня спецыяльнымі ўвільгатняючымі спрэямі?

— Калі мы раніцай нанеслі той сродак, які ўтрымлівае ўласную вільгаць скуры і не дае ёй выпарвацца, а гэта крэмы на тлушчавай аснове, то такая тэрмальная вада ніякай карысці не прынясе — скура не зможа яе прыцягнуць. Калі мы выкарыстоўваем сродкі, якія ўтрымліваюць гіялуронавую кіслату, мачавіну, гліцэрын, тады тэрмальная вада будзе ўвільгатняць скуру. А вось усё тое, што падтрымлівае вільгаць у памяшканні — увільгатняльнік паветра, праветрыванне, вільготная ўборка — зімой толькі вітаецца.

— Правільна падабраны рацыён можа дапамагчы скуры не сохнуць?

— Зімой сапраўды варта ўжываць крыху больш пэўных прадуктаў — сметанковага масла, яек, рыбы тлустых гатункаў, нават сала. Ёсць людзі, у якіх вельмі сухая скура, тады зімой мы рэкамендуем пэўны перыяд прымаць комплекс, які ўтрымлівае вітаміны А і Е. Важна піць больш вадкасці. Складана штосьці раіць вегетарыянцам, у іх скура пакутуе больш за ўсё. Парэкамендаваць можна хіба што арэхі і бабовыя.

— З якога ўзросту ўжо недастаткова хатняга догляду твару і варта прыбягаць да паслуг прафесіяналаў?

— Адназначнага адказу тут няма. Цяпер шмат дзяцей і падлеткаў з вугравым сыпам, якім у 10-12 гадоў прыходзіцца ісці да касметолага. Калі мець на ўвазе працэдуры з мэтай падтрымаць скуру і не даць ёй старэць, то пасля 20 адназначна можна пачынаць штосьці рабіць. Калі выконваць простыя працэдуры з маладосці, тады ў больш сталым узросце не спатрэбяцца агрэсіўныя маніпуляцыі. Напрыклад, калі максімальна пастарацца ў 25—35 гадоў, магчыма, пазней і не будзе патрэбы ў гіялуронавых філерах (ін'екцыях шчыльнай гіялуронавай кіслаты, якімі карэктуюць носагубныя складкі, ствараюць аб'ём у скулавой зоне і іншых). Калі ж вы нічога не рабілі, а ў 45 прыйшлі з гравітацыйным птозам (стан, калі пад уздзеяннем сілы прыцягнення скура правісае, а контур і рысы твару дэфармуюцца) і іншымі ўзроставымі праявамі, то біярэвіталізацыяй тут не дапаможаш, варта звяртацца да пластычнага хірурга.

У любым выпадку калі сістэматычна прыбягаць нават да простых працэдур па доглядзе, то на сустрэчы з аднакласнікамі вы будзеце выглядаць лепш, чым тыя, хто гэтага ніколі не рабіў.

— Якія простыя працэдуры карысныя ў халодны час года?

— Зімой добра рабіць масажы. Яны паляпшаюць крываток, адлучшваюць клеткі скуры і сілкуюць яе, бо робяцца на спецыяльных крэмах. Прычым лепш менавіта на крэмах, чым на маслах. Таксама зімой карысныя пілінгі. Гэта тое, з чаго трэба пачынаць догляд. Цяпер усё больш пілінгаў, якія можна прымяняць не толькі зімой. Але ў такім выпадку важна прадугледзіць сонцаахову. Дарэчы, яна неабходная ўсім, нават зімой, калі праглядвае сонца. У самыя халодныя месяцы фактар сонцааховы (SPF) павінен быць 15—20, а ўжо ў сакавіку — 30. А калі мы едзем у цёплыя краіны, то і 50.

— Якія цяпер самыя папулярныя працэдуры па доглядзе?

— Важна памятаць, што ва ўсіх павінен быць найперш хатні догляд, які адпавядае ўзросту. Калі ў 30, імкнучыся, каб усё было добра, мы бяром лінейку сродкаў 40+, то гэта вялікая памылка. З 25 гадоў у асноўным прыбягаюць да мезатэрапіі, біярэвіталізацыі, батулінатэрапіі. Чым далей, тым больш сур'ёзныя працэдуры. Ваш доктар дапаможа выбудаваць індывідуальную праграму.

Біярэвіталізацыя — гэта ін'екцыйнае ўвядзенне гіялуронавай кіслаты. Пры гэтым тры-чатыры дні ў месцах уколаў захоўваюцца быццам бы дробныя шарыкі, гэта прыкметна. За кошт гіялуронавай кіслаты (а гэта натуральны кампанент скуры) яна насычаецца вільгаццю, становіцца пругкай і эластычнай. Але патрэбны курс — тры-чатыры працэдуры. Мезатэрапія прадугледжвае ўвядзенне гіялуронавай кіслаты і вітамінаў, для істотнага эфекту патрэбна яшчэ больш працэдур. Біярэвіталізацыя і мезатэрапія дазваляюць скуры быць свежай і ззяючай, «ажыўляюць» яе.

Лазернае амаладжэнне (або лазерная шліфоўка) таксама надзвычай эфектыўная працэдура, але тут трэба быць гатовым да больш сур'ёзнага перыяду рэабілітацыі — 7-10 дзён. Верхні слой скуры пашкоджваецца тонкім лазерным промнем, і гэта дае стымул для абнаўлення. Замест старога пашкоджанага слою скуры з'яўляецца новы — малады і здаровы. Першыя два дні ўсё выглядае не вельмі прывабна. Затое пасля твар гладкі і прыгожы.

Можна спалучаць працэдуры, гэта ўвогуле дае выдатны вынік. Напрыклад, робіцца біярэвіталізацыя, праз два тыдні — лазерная шліфоўка, а потым зноў біярэвіталізацыя. Лазернае амаладжэнне спалучаюць і з плазмаліфтынгам. Плазмаліфтынг — таксама ін'екцыйная працэдура, калі ўводзіцца ўласная плазма, багатая трамбацытамі. Але гэтыя працэдуры рабіць пажадана ў зімовы час, таму што неабходна сонцаахова.

— Наколькі бяспечныя гэтыя працэдуры, тая ж батулінатэрапія?

— Вопыт прымянення ў свеце паказвае, што небяспекі яны не ўяўляюць. Прэпараты (аналагі батулатаксіна) уводзяцца ў мінімальнай дозе, дазваляюць мышцам не скарачацца, за кошт гэтага разгладжваюцца маршчынкі. Найчасцей ён прымяняецца для разгладжвання вертыкальных і гарызантальных маршчын на лбе, «гусіных лапак» (маршчын вакол вачэй), рэдка — у ніжняй трэці твару. Гэта, бадай, самая эфектная працэдура, бо вынік заўважаюць усе.

— На колькі хапае яе эфекту?

— Згодна з інструкцыяй, на тры месяцы. Насамрэч, мы прывыкаем не рабіць пэўных мімічных рухаў, і эфект захоўваецца ў сярэднім паўгода.

— Ці важны кошт касметычных сродкаў? Ці залежыць ад гэтага іх эфектыўнасць?

— Здараецца так, што касметычны сродак з крамы падыдзе лепш, чым аптэчны. Не дарэмна расіяне набываюць беларускія касметычныя сродкі. Калі я тлумачу падлеткам, як правільна даглядаць скуру, раю пачынаць з магазінных сродкаў. Цэны на аптэчныя могуць быць вышэйшыя ў 10 разоў, а вось эфект?

Адзінае, што догляд скуры патрабуе сістэмнага падыходу, а мы ж чакаем хуткага эфекту. З той жа пігментацыяй вельмі складана змагацца. А людзі чакаюць вынік адразу і кажуць, што сродкі не працуюць. Большасць касметычных прэпаратаў усё ж выконвае сваю функцыю, бо маюць навуковую падаплёку.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ахоўваць і жывіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».