Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — ўсё згубіў»

У Скідзелі — горадзе-спадарожніку Гродна — тры сярэднеадукацыйныя школы з навучаннем на рускай мове. Аднак у СШ № 2 ёсць адзін беларускамоўны клас, і ў ім ужо сёмы год вучацца шэсць дзяўчынак і два хлопцы. Усяго — восем вучняў. Чым не раскоша?

Самі сямікласнікі згаджаюцца, што належаць у пэўным сэнсе да школьнай эліты, за што ўдзячныя сваім бацькам, бо беларускі клас некалі быў адкрыты менавіта па іх заявах. І вучні цяпер лічаць, што ў рускамоўным асяроддзі — і горада, і сваёй школы — ніколі не змаглі б авалодаць роднай мовай на тым узроўні, які ўжо набылі: у іх і настаўнікі выдатна выкладаюць па-беларуску, і падручнікі ўсе адпаведныя...

Мне захацелася папрысутнічаць на адным з урокаў — у Алены Мікалаеўны Ваўчок, вопытнага педагога і класнага кіраўніка 7 «В». Прызнаюся, спачатку адчувала сябе нібы ў замежжы, настолькі нязвыкла было чуць сярод падлеткаў лёгкую чыстую беларускую мову. І гэта пры тым, што ўрок пачаўся з паўтору такой складанай тэмы, як дзеепрыслоўе і правапіс з ім часціцы «не»...

Затым вучні праходзілі ўстойлівыя выразы і тлумачылі іх сэнс: «спаліць за сабой масты» — «парваць з мінулым», «хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе...» — якраз наадварот.

Падчас урока кожны з вучняў меў магчымасць праявіць свае веды, высокую культуру і павагу да аднакласнікаў: ніхто з іх не імкнуўся вылучыцца, быць найлепшым, не цягнуў руку вышэй за сябра, а наадварот, як бы саступаў яму.

...Як толькі зазвінеў званок, мне давялося пазнаёміцца з вучнямі. Аляксандра Варацілава і Арына Пазняк вельмі занятыя школьніцы: пасля ўрокаў у СШ № 2 яны спяшаюцца ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе вучацца па класе «скрыпкі». Акрамя таго, Аляксандра спявае ў хоры Нядзельнай школы Свята-Міхайлаўскай царквы і лічыць, што ў Беларусі, дзе дзве дзяржаўныя мовы, юрыст з дасканалым валоданнем беларускай (а дзяўчына марыць аб гэтай прафесіі) можа быць вельмі запатрабаваны.

...Класны кіраўнік Алена Мікалаеўна расказала, што яе вучні з задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах сачыненняў, арганізоўваюць святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага, запрашаюць на класныя гадзіны людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, апошнім часам яны сустракаліся з гродзенскай паэткай Галінай Самойла, якая родам з недалёкай вёскі Бандары, са скідзяльчанкай Таццянай Савянковай, кіраўніком Мількаўшчынскага краязнаўчага музея на радзіме Элізы Ажэшкі.

...За некалькі хвілін да наступнага ўрока на дошцы з'явілася «Карта тэрыторыі Беларусі ХVІ — XVІІІ стагоддзяў часоў Вялікага Княства Літоўскага». Прыемна было ўбачыць на ёй Скідзель. Настаўнік гісторыі Пётр Паўлавіч Мікалаеў пачаў рыхтавацца да ўрока ў адным з найлепшых класаў.

Тамара МАЗУР, г. Скідзель.

Фота аўтара


КАХАННЕ + КАМП'ЮТАР, або ШТО ЯШЧЭ СВЯТКАВАЦЬ 14 ЛЮТАГА

Свята ўсіх закаханых, якое адзначаецца ў гэты дзень, лёгка «прапісалася» на абшарах СНД, у тым ліку — і ў Беларусі. Скептыкі, праўда, казалі пра яго камерцыйнасць, пра недакладнасць фактаў...

Паводле іх, у Рымскай Імперыі жыў звычайны лекар і святар на імя Валянцін, які ўпотай асвячаў шлюбы няшчасных закаханых...

Магчыма, гэта адна са шматлікіх легендаў, але ж ці так усё важна, калі ёсць прыгожае рамантычнае свята?.. І нават не адно, бо менавіта 14 лютага 1946 года ў ЗША быў прэзентаваны першы рэальна працуючы камп'ютар (да таго ж, якраз сёлета споўніцца 60 і першаму беларускаму)...

Адным словам, ёсць што святкаваць, ёсць з чым віншаваць і праз інтэрнэт дасылаць пажаданні — амаль у любы пункт свету.

Наталля РУЖЫЦКАЯ, г. Мінск.


Нельга даверліва ставіць подпіс

Жыццё — вельмі мудры настаўнік, і свае ўрокі ён дае нам змалку. Добра было б засвойваць іх раз і назаўсёды. Але...

Часам мы не адразу ўсё разумеем, а спытаць саромеемся ці не маем у каго, хаваем свае праблемы, трымаем у сабе, аж пакуль не наступіць момант, калі назапашаны груз ужо не панесці...

Дык мо не трэба вось такога чакаць, а лепш выносіць на старонкі газеты, дзяліцца з людзьмі, звяртацца па дапамогу да Бога, які не выдасць нашых сакрэтаў — прасіць. І хай будзе пададзена.

...Маёй блізкай прыяцельцы Марыі Сцяпанаўне цяпер пад 80. Не так даўно яны з мужам пераехалі ў наша мястэчка з горада. Сын дапамог ім купіць досыць камфортны дом. Новыя гаспадары адразу ж сталі даводзіць да ладу вялікі ўчастак: пасадзілі сад, пад шнурочак разбілі грады, дзе клопатам гаспадароў вельмі шмат чаго і расло, і цвіло.

Што важна, у кожнай справе побач з гаспадыняй быў гаспадар — быў, пакуль не стала падводзіць здароўе. А ўжо тады...

Дактары досыць хутка здаліся, сказалі, што больш нічога прапанаваць не могуць — трэба пераходзіць на абязбольваючыя прэпараты. Вось толькі жонка з імі не пагадзілася. Яна знайшла ў інтэрнэце незвычайную методыку лячэння, заснаваную на строгім харчаванні, днямі стаяла ля пліты, строга па гадзінах на прыгожа сервіраваны стол выстаўляла стравы, разнастайныя свежыя сокі і травяныя настоі. Збоку можна было падумаць, што дома ў іх кожны дзень свята...

На восем гадоў Марыя Сцяпанаўна прадоўжыла жыццё свайму чалавеку і ўсё ж засталася адна.

Спачатку, ведаю, разгубілася, бо ёй не трэба было нікуды спяшацца, не было аб кім клапаціцца — стала хварэць сама. Ехаць у горад да сына адмовілася. Стала болей чытаць, глыбей асвоіла камп'ютар, наведвала выстаўкі і музеі ў Мінску, адшукала старых сяброў. Усё больш ёй патрэбен быў скайп і хатні тэлефон, хоць гэта задавальненне для нас, пенсіянераў, не вельмі таннае...

І гэта я параіла Марыі Сцяпанаўне падключыцца на тарыф, які выбрала некалі для сябе (там за 30 рублёў — безлімітны інтэрнэт, шматканальнае тэлебачанне «ZALA» і бясплатныя званкі з хатняга тэлефона па ўсёй Беларусі). Жанчына згадзілася, зрабіла заяўку, праз два дні прывеціла майстра, які ўсё падключыў. Яны падпісалі дагавор, і, здавалася б, усё — справа зроблена. Марыя Сцяпанаўна стала смела тэлефанаваць сваім родным і сябрам. Яшчэ і рэкламу рабіла новаму тарыфу. А потым атрымала квіток на аплату і...

Убачыўшы суму, жанчына, як потым прызналася, уголас плакала. Аказалася, што дагавор уступаў у сілу не адразу, а праз... 20 дзён пасля падключэння.

Узнікае пытанне: ХТО ВІНАВАТЫ? Пажылая жанчына, якая даверліва паставіла подпіс на дагаворы памерам у сем надрукаваных старонак, ці майстар, які не засяродзіў яе ўвагу на пэўнай даце, не патлумачыў ёй, што да чаго?

Я не ведаю адказу на гэта пытанне. Адно разумею: прымаючы нейкія важныя рашэнні, нельга цяпер расслабляцца. Трэба загадзя ўсё прадумваць, магчыма, перапытваць, удакладняць, каб потым не праліваць горкіх слёз.

НЕ ТРЭБА забываць і пра тое, што пад выглядам розных майстроў і правяраючых у хату могуць прыйсці звычайныя ашуканцы. Жыццё прывучае нас быць пільнымі і ва ўсё ўнікаць.

Галіна С., г. Мінск

Пошту чытала Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.