Вы тут

Унутраны запал душы. Да юбілею вядучага майстра сцэны коласаўскага тэатра Георгія Лойкі


Артыста, вядучага майстра сцэны, уладальніка медаля Францыска Скарыны Георгія Мікалаевіча Лойку няма патрэбы прадстаўляць. Гэта адзін з найбольш папулярных у Віцебску акцёраў коласаўскай трупы. Спектаклі з яго ўдзелам карыстаюцца попытам, на іх (асабліва на камедыі) з задавальненнем ходзяць гледачы. Прыгадаем найбольш цікавыя, якія на слыху ў кожнага прыхільніка яго мастацтва: Альберт («Псіхааналітык для псіхааналітыка» Д. Балыкі), Ігар («Аднакласнікі» Ю. Куліка), Кочкін («Адэлаіда» Ж. Унгарда), Яўмен («Жарты», вечар беларускіх вадэвіляў), Філіп Дэбні («Перабор» Х.  Бергера), Рыспаложанскі («Банкрут» А. Астроўскага), Джордж Пігдэн («Ён. Яна. Акно. Нябожчык» Р. Куні), Менахем («Памінальная малітва» Р. Горына), Шыпучын («Смешныя людзі» па аднаактовых п’есах А. Чэхава), Жэронт («Хітрыкі Скапэна» Ж.-Б. Мальера), Сондэрс («Шукаем тэнара!» К. Людвіга). Але патэнцыял папулярнага акцёра зусім не абмяжоўваецца рамкамі камедыйнага амплуа. Яго шырокі творчы дыяпазон неаднойчы адзначала крытыка. Што, зрэшты, пацвердзілі і такія ролі апошніх сезонаў, як Макдуф («Макбет» У. Шэкспіра), Жэром Ангюст («Я вольны!» паводле рамана А. Натомб «Касметыка ворага»), Палкоўнік («Не пакідай мяне…» А. Дударава), Сцяпан («Цень думкі нашай...» паводле Ф. Аляхновіча), Іван Каламійцаў («Апошнія» М. Горкага), Антуан («Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» Ф. Саган), Іван Пецін і Павел («Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў В. Шукшына)…


Дзяцінства і юнацтва: першы вопыт, першыя ўражанні

Дзіцячыя гады будучага акцёра прайшлі ў Баранавічах. Прафесійнага тэатра там не было, і галоўныя мастацкія ўражанні складалі кнігі, кіно, тэлебачанне. Бацька працаваў машыністам, і таму Георгій запісаўся ў чыгуначную бібліятэку. Перачытаў усе кніжкі пра партызан. З фільмаў асабліва ўпадабаў казкі «Кароль Дроздабарод», «Кароль-алень», камедыю «Тры плюс два» з Андрэем Міронавым. У больш сталым узросце ўразілі Смактуноўскі ў «Гамлеце» і Юрскі — Астап Бэндэр у «Залатым цяляці». Дарэчы, гэтую ролю ён пазней сыграе ў інстытуце. Да самадзейнасці ў юнака ніколі асаблівай цягі не было. Але ў дзявятым класе, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, звярнуўся да кіраўніцы народнага тэатра Марыі Пячонкінай, каб ведаць, як лепш падрыхтавацца. І яна дапамагла.

Кіраўніком акцёрскага курса ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце быў Валерый Мікалаевіч Раеўскі, галоўны рэжысёр купалаўскага тэатра. Моладзь слухала яго лекцыі захоплена, бо ён праходзіў стажыроўку ў самога Юрыя Любімава, паставіў на Таганцы некалькі спектакляў. Майстар вучыў іх, студэнтаў, адрозніваць акцёрскі штамп ад сапраўднага мастацтва. З першага курса Георгій браў удзел у масавых сцэнах спектакляў купалаўскага тэатра: «Аптымістычная трагедыя», «Ажаніцца — не журыцца», «Паўлінка».

На коласаўскай сцэне

Першая роля Георгія ў коласаўскім тэатры — Юнак у  казцы «Пунсовая кветачка». Спачатку ён з’яўляўся ў  вобразе пачвары, а потым ператвараўся ў гожага хлопца. Каб хутка пераўвасобіцца, на кашулю апранаў каптан, а зверху — авечую шкуру. Пакуль выходзіў на паклон, сем патоў сыходзіла.

А першай работай, дзе малады артыст даказаў сваю прафесійную прыдатнасць, быў князь Бельскі ў «Касатцы» А. Талстога. Пачынаў яе ставіць Яўген Веснік, выдатны майстар Малога тэатра Расіі, акцёр і рэжысёр. Колькі цікавых падказак ён даваў артыстам падчас рэпетыцый! На жаль, потым вымушаны быў з’ехаць на кіназдымкі, дарабляў спектакль ужо іншы рэжысёр.

Работы ў кіно

Здымаецца Георгій Мікалаевіч таксама і ў кіно. На яго рахунку чатыры мастацкія стужкі. У фільме пра Юрыя Пэна іграў следчага НКУС, які вёў справу пра яго забойства. У расійскім серыяле «Сапраўднае жыццё» зняўся ў серыі пад назвай «Дзядуля». Галоўны герой, каб не замінаць сыну, сыходзіць у дом састарэлых, знаходзіць там жанчыну свайго ўзросту і  жэніцца. Лойка іграў ролю сына. Трэцяя сустрэча з кіно адбылася ў артыста на здымках фільма «Шагал-Малевіч», якія праходзілі ў Віцебску і Санкт-Пецярбургу. Ставіў яго выдатны кінарэжысёр Аляксандр Міта. Георгій Мікалаевіч сыграў ролю камісара НКУС. Па словах артыста, падчас здымак ён даведаўся многа цікавага, карыснага для сябе, бо працаваў з сапраўднымі майстрамі. Апошняя з кінаработ — вобраз Якуба Коласа ў стужцы «Янка Купала».

Ролі ў спектаклях Баркоўскага — бясспрэчныя ўдачы

У тэатры артыст браўся за самыя розныя ролі: камедыйныя, драматычныя, трагічныя. Паспрабаваў сябе нават у трагігратэску. Маецца на ўвазе вобраз Маладога чалавека ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага «Пісьменныя». Як пісала тэатральны крытык, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч, «яго ігра ўяўляла сабой баланс на мяжы фарса і д’ябальшчыны — Лойка прадстаўляў майстра ігры ў бісер: тонкага мефістофеля, халоднага і ашчаднага, цынічнага, з натужлівым голасам, з несабранымі рухамі — змяя, што абвівае і вісне на целе таго, каго ён спакушае». Лойка аказаўся здольным прыняць і арганічна ўвайсці ў складаную, нязвыклую стылістыку спектакляў Баркоўскага. За «Пісьменнымі» былі Чырвоны, верхавод мафіі ў сучаснай трагедыі «І нас пацалуе світанак», Найцінгейл у драме Тэнесі Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» («Стары квартал»), Мікола ў камедыі «Блудны муж і яго жонка Варвара» Георгія Марчука, Білер у «Тузах» Урса Відмера — бясспрэчныя ўдачы акцёра.

Тандэм з Юрыем Пахомавым

Творчай манеры Георгія Лойкі ўласцівы адточаная тэхніка пераўвасаблення, схільнасць да гратэску, гіпербалізацыі, яркага знешняга малюнка ролі. Ён быццам спалучае ў сабе рысы «класічнага злодзея» і «класічнага коміка». У жыцці зазвычай знешне спакойны, але калі гаворка ідзе пра ролі, творчасць, быццам пераўтвараецца, у ім высвечваецца вялікі жар душы. Тут трэба згадаць яшчэ аднаго рэжысёра — Юрыя Пахомава, які раскрыў Георгія Лойку як абсалютна рознабаковага акцёра. Роля містара Пігдэна са спектакля «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» паводле камедыі Рэя Куні стала для артыста сапраўды зорнай. Яго герой, стрыманы англійскі джэнтльмен, зацяты халасцяк, які маму любіць больш за ўсіх на свеце, раптам разнявольваецца і пачынае спакушаць усіх жанчын. А ў «Памінальнай малітве» Рыгора Горына артыст стварыў запамінальны вобраз дзівакаватага і смешнага бедака-няўдачніка Менахема-Мэндла, які марна спрабуе знайсці сваё месца пад сонцам. У апошняй рабоце рэжысёра «Яшчэ раз пра каханне» паводле В. Шукшына Георгій Лойка ў першай навеле («Раскас») выходзіць у вобразе цэнтральнага героя Івана Пеціна, якога няверная жонка ахрысціла «пяньком», а ён жа па-сапраўднаму, горача кахае і шчыра, глыбока перажывае яе здраду. У навеле «Восенню» іграе ролю Паўла, які ўсё жыццё адпакутаваў нялюбым мужам у сваёй Мар’і.

Апошні перыяд асабліва плённы

Апошні творчы перыяд стаўся паспяховым для артыста, які пацвердзіў сваю рэпутацыю, імідж сур’ёзнага артыста. У спектаклі «Макбет» паводле знакамітага твора Шэкспіра ён стварыў глыбока трагедыйны вобраз Макдуфа. Гэта адзін з найбольш моцных сцэнічных характараў, увасобленых артыстам. Менавіта на яго долю выпадаюць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, але Макдуф усё пераадольвае і ў фінале спектакля менавіта ён забівае тырана. На Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» Георгій Лойка быў удастоены дыплома «За лепшае выкананне ролі другога плана» — вобраз Макдуфа ў трагедыі «Макбет».

Другой па значэнні і маштабе з’яўляецца роля Жэрома Ангюста ў метафізічным трылеры «Я вольны!» па рамане Амелі Натомб. Гэта вельмі цікавы вобраз, яго нават параўноўваюць з героямі Дастаеўскага, як і сам раман з творчасцю вялікага рускага пісьменніка. Калі папярэдні персанаж быў абсалютна цэльнай натурай і там пры трагічным збегу абставін і наяўнасці знешняга ворага ўсё аказвалася значна прасцей і будавалася на эмоцыях, то тут трэба было паглыбіцца ў псіхалагічныя нетры, унутраны свет абсалютна эгацэнтрычнай асобы, закончанага інтраверта. Такога цікавага сцэнічнага вобразу артысту, за якім ужо замацаваўся імідж камедыйнага артыста, даўно не ставала.

У сямейнай драме Максіма Горкага «Апошнія» Георгій Лойка выконвае ролю цэнтральнага персанажа — Івана Каламійцава. Ён дае сваю, адметную трактоўку гэтага вобраза. У спектаклі Каламійцаў не настолькі хітры прайдзісвет, як у творы, але можа выключна таленавіта апраўдаць свае не самыя годныя ўчынкі, абвінаваціць любога, апроч самога сябе. Робіць гэта вельмі шчыра, апантана, нават пафасна. Іншым разам нават сумневы ўзнікаюць — мо рэшта сумлення ў яго ўсё-ткі засталася? У фінале, пасля смерці брата, ён разам з іншымі адмоўнымі персанажамі не імкнецца адразу пайсці са сцэны. На твары Івана — разгубленасць, агаломшанасць, нават нейкае падабенства роспачы. Магчыма, у яго душы таксама адбываецца нейкі збавенчы пералом?.. Артыст у дадзеным выпадку імкнецца адысці ад павярхоўнага, аднабокага разумення гэтага вобразу, безумоўна, не апраўдваючы яго.

Сцэна са спектакля «Хітрыкі Скапэна»

А ў ваеннай баладзе Аляксея Дударава «Не пакідай мяне…» у вобразе Палкоўніка Георгію Лойку ўдалося перадаць драматызм лёсу гэтага мужнага і высакароднага чалавека, які павінен быць і жорсткім, і трывалым, і непахісным, і ўвесь час падаўляць (у сабе і іншых) недаравальную душэўную слабасць. Кульмінацыйным у існаванні персанажа падаецца эпізод, калі Палкоўнік распавядае Міхасёву пра смерць свайго сына. Толькі на імгненне ён дазваляе сабе быць слабым і разгубленым, але гэтае імгненне напоўніцу паказвае яго гора і душэўную роспач. Слёзы стаяць у яго вачах, калі п’е за памінанне душы. І раптам «зрываецца», выліваючы спірт, быццам выплюхнуўшы сваё гора. Сцэна выдатна вырашана рэжысёрам і псіхалагічна дакладна, падрабязна ўвасоблена акцёрам, сапраўдным майстрам сцэны.

Здольнасць спалучаць псіхалагічную дакладнасць, праўдзівасць перажыванняў з яркасцю знешняй формы праяўляецца і ў спектаклі «Цень думкі нашай…» па творах Францішка Аляхновіча, дзе Георгій Лойка стварыў цэнтральны вобраз — Сцяпана. У пачатку , калі ён з’яўляецца на сцэне на добрым падпітку, бачыш, адчуваеш яго роспач і расчараванне ад асэнсавання сваёй нікчэмнасці. Узнёслыя мары, творчы ўздым не для яго, само жыццё, асяроддзе не спрыяла гэтаму, і душа абрасла нейкай набрыддзю. Першая сустрэча з Матыльдай, у якой ён бачыць сваю ўваскрэслую Ганну, — спачатку пасяляе ў яго душы нейкі страх, як спатканне з нейкай зданню, альбо ценем. Але потым адбываецца ўнутраны выбух, і магутнае пачуццё-жарсць, быццам віхура, ахоплівае яго. Але лёс асуджае героя на новыя пакуты. Яго заганная сувязь вядзе да гібелі жонкі, і хворае сумленне пачынае сточваць яго, атручваць непрацяглае шчасце, каб канчаткова забіць у фінале, калі ён даведаецца горкую праўду, што Матыльда — яго ж дачка. Душа Сцяпана трапляе ў пастку назаўсёды, і адтуль выбавіцца фактычна немагчыма.

У меладраме «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Франсуазы Саган Лойка іграе ролю Антуана, свецкага махляра-ўтрыманца. Цынізм, разбэшчанасць, самаўпэўненасць, прагматызм у спалучэнні са знешнім лоскам, нават арыстакратызмам — усе гэтыя якасці ў значнай ступені характарызуюць яго героя. Калі ж ён трапляе ў становішча кінутага любоўніка, ганарлівасць, закранутае самалюбства, адчуванне сваёй адзіноты, непатрэбнасці пачынаюць авалодваць, кіраваць ім, яго паводзінамі. Артыст не толькі выдатна раскрывае псіхалогію, паказвае сутнасць гэтага перарослага дэндзі, але і трапляе ў стыль ролі, стылістыку спектакля.

Сёння Георгій Лойка — адзін з найбольш запатрабаваных акцёраў коласаўскай трупы. Прычына тут палягае не толькі ў яе ўзроставым дысбалансе, яўным недахопе мужчын сярэдняга і старэйшага пакаленняў. Але і ў асаблівай універсальнасці гэтага артыста, у яго вялікім унутраным, творчым патэнцыяле.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».