Вы тут

«Вось яна, казка, — Давыд-Гарадок…»


Новая серыя выданняў аб унікальных мясцінах нашай краіны — «Зберагчы роднае» — пачала выходзіць на Паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа. Першая ластаўка — «Кветкавы край Беларусі» Леаніда Дранько-Майсюка і Анатоля Клешчука.


Вядомыя паэт і фотамастак аб’ядналіся ў адным клопаце — у жаданні расказаць пра славуты берасцейскі Давыд-Гарадок. «Вось яна, казка,  — Давыд-Гарадок: / Бацька на ганку і маці ў гародзе, / А перад хатаю чысты грудок — / Сонца стаіць і не хоча заходзіць»… Ва ўступным слове да цыкла эсэ, прысвечаных радзіннаму паселішчу, Леанід Дранько-Майсюк фактычна тлумачыць філасофію і канцэпцыю выдавецкага праекта (дарэчы, кніга складзена, звярстана ў выдавецтве «Бяловагруп»): «…Народжаны ў Давыд-Гарадку (у мястэчку!), па-іншаму я і сказаць не магу. Народжаныя ж у вёсцы, напэўна ж, прамовяць па-свойму: “Няхай сабе ў замках — дух, а душа ўсё-ткі ў вёсках!” і будуць мець рацыю.

Кожнаму бліжэй сваё, і таму, гаворачы пра беларускае мястэчка як гістарычны цэнтр гандлю і рамяства, я думаю пра яго большую музейную, калі хочаце, турыстычную прыцягальнасць.

Ад пачатку свайго мястэчкі належалі каралям і скарбу, багатым прыватным уласнікам і царкве.

Сёння, маючы статус гарадскіх пасёлкаў, а то і вёсак, яны належаць дзяржаве, і дзяржава па прынцыпе аднаўлення замкаў паступова аднаўляе, дае новае жыццё і мястэчкам.

Паглядзіце, як расквітнеў той жа Мір! Хочацца толькі, каб гэты працэс не задоўжваўся, паскараўся.

У местачковай прасторы (і тут няхай гарадскія і вясковыя людзі на мяне не крыўдзяцца!) найбольш выявілася беларуская руплівасць і цягавітасць, узбагачаная прыкметнай суседскай прысутнасцю яўрэйскіх шкляроў і гандляроў, татарскіх агароднікаў і рымараў. Кожнае мястэчка — поле бясконцага клопату!

І карціна гэтага клопату была неабдымная: там, скажам, ткалі палотны, тут — шылі кажухі; у адным куце варылі мыла, у другім — ляпілі гаршкі; недзе выраблялі скуры, а недзе — гартавалі зброю; у гэтым двары гналі алей, а ў тым лесе — дзёгаць…

 Былі мястэчкі, якія мелі герб і карысталіся правам самакіравання; іншыя славіліся сваімі кірмашамі.

Трэба нагадаць і аб тым, што нашы мястэчкі былі шматканфесійнымі, таму іх архітэктурнымі дамінантамі з’яўляліся і цэрквы, і касцёлы, і кальвінскія зборы, і сінагогі, і мячэці.

Словам, цікавага, а галоўнае, актуальнага, надзённага матэрыялу (неабходнага для выхавання моладзі!) столькі багата, што пра кожнае беларускае мястэчка варта стварыць кнігу.

Гэта задача дзяржаўнай важнасці…

Я з фотамайстрам Анатолем Клешчуком склаў альбом пра свой родны Давыд-Гарадок, берагавое мястэчка, людзі якога над ракою Гарынь у сваіх агародах вырошчваюць кветкі, а  ў  цяпліцах — раннія агуркі і памідоры; у  нядаўнія часы жыхары Давыд-Гарадка рабілі лодкі і шылі прыгожы абутак, гандлявалі марожаным і сырамі…

Давыд-Гарадок ляжыць на паўночным усходзе Столінскага раёна, а наогул жа Столінскі раён — па сутнасці, адзінае месца ў Беларусі, дзе знаходзяцца самыя вялікія вёскі — Альшаны, Велямічы, Рубель, Беражное, Вялікае Малешава…

У кожнай з гэтых вёсак жыве па некалькі тысяч жыхароў!..»

Сапраўднай песняй пра Давыд-Гарадок уяўляецца кніга Леаніда Дранько-Майсюка і Анатоля Клешчука. Высокі ўзровень мастацкапубліцыстычнага, разам з тым выразна адраснага, рэгіёназнаўчага апісання родных мясцін паэтам накладваецца на ілюстрацыйны, эмацыянальны складнік асэнсавання горада, мястэчка, яго ваколіц, рэльефна вымаляваны фотажурналістам, фотапубліцыстам.

Здымкі Анатоля Клешчука дапаўняюць рэпрадукцыі старых, архіўных здымкаў, ілюстрацыі розных гістарычных артэфактаў. Пісьменнік зазірае ў даўніну, грунтуючыся на расповедах гарадчукоў, звяртаючыся да розных гісторый, фальклорных згадак, робіць цікавыя высновы. Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў: «Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца»; «Весняніцтва. Гандаль»; «Цікеткі»; «Лодка»; «Вера»; «Конікі»; «Гарадчук і гарадчанка». У іх прастору, поўную дэталяў з радзінных мясцін, урываюцца ветрам, снегам і дажджом вершы, паэтычныя расповеды. І яны — пра Давыд-Гарадок, пра гарадчукоў.

«Даследчыкі побыту беларусаў, краязнаўцы, — піша Леанід Дранько-Майсюк, — неаднойчы адзначалі: у жылах гарадчукоў цячэ і ўсходняя, і заходняя, і нават паўднёвая кроў. Трэба думаць, ёсць кропля і яцвяжскай — невыпадкова ж Адам Кіркор паведамляў, што ў Давыд-Гарадку некалі жыў старэйшына яцвягаў.

Каб зразумець сённяшніх жыхароў мястэчка, варта ўспомніць колішніх яго людзей; варта згадаць, што хрысціянства ўсходняга закону, узбагачанае прымхамі, увайшло ў характар, сталася спосабам іх жыцця.

Татарская культура агародніцтва, яўрэйскае ўменне гандлю, украінская песеннасць, польскі гонар, цыганская хітрасць, руская рызыкоўнасць і палеская запаволенасць, спалучаныя з беларускай цярплівасцю і працавітасцю, і стварылі гарадзецкі характар.

А яшчэ памагла зямля з вадою: зямлі было мала, вады багата; зямля цанілася так высока, што не пуставала і пядзі, засейваўся кожны лапік, нават кавалак вуліцы і то часцяком прыразаўся да гарода.

Старыя людзі маліліся на зямлю і казалі, што гэта капітал, які не гарыць і не тоне; на гарынскую ваду маліліся таксама — калі прыходзілі ў Пачаеў, паблізу ж Пачаеўска-Успенскай лаўры якраз і пачыналася родная рака…

Бог, работа, людзі, грошы, свае дзеці і таямніца смерці — вось што перш за ўсё турбавала гарадчукоў. Таму засцерагалі сябе: “З Богом ні в’яжы цыпу!” — што значыла: не гняві Бога!

І настаўлялі дзяцей: “Хоць потрошку, але трэба робіць роботу, бо колі нічого ні робіць, то нічого й ні будзэ!”»

У гэтых словах — ці не галоўны лейтматыў кнігі, галоўны лейтматыў праўдзівага расповеду пра Давыд-Гарадок, гарадчукоў, перакананне, што ўсе крокі да прагрэсу, прыгажосці, новага жыцця звязаны з працавітасцю, шчырымі і зразумелымі адносінамі ў сям’і і грамадстве.

Кніга, якая ўражвае сваёй ілюстрацыйнасцю, — не проста энцыклапедыя жыцця палескага мястэчка, гэта яшчэ і падарожжа ў адвечныя каштоўнасці. Адметна, што «Кветкавы край Беларусі» выдадзены ў  Год малой радзімы і з’яўляецца цудоўным падарункам і  берасцейцам, і чытачам усёй нашай краіны. Да таго  ж трэба заўважыць, што выданне выдатна, тэхналагічна выверана звярстана. Яго дызайн і макет апраўдана ўзводзяць «Кветкавы край Беларусі» ў катэгорыю намінантаў рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі Беларусі», ды і конкурсу «Мастацтва кнігі СНД».

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.