Вы тут

«Навучанне па абмене»: амерыканская гісторыя ХХ і яшчэ крыху паэзіі


Школьную праграму па літаратуры не назавеш бездакорнай па многіх крытэрыях. Адным з прыкметных недахопаў у грамадстве лічаць амаль поўную адсутнасць замежнага кантэксту, асабліва кантэксту паэтычнага. І можна было б задацца пытаннем, маўляў, як нейкія агульнаадукацыйныя праблемы датычацца прафесійных літаратараў, творчай інтэлігенцыі, якая з’яўляецца аўдыторыяй нашайгазеты, але практыка паказвае, што нават гэтыя аўтары ў большасці сваёй палемізуюць хутчэй з рускай і беларускай традыцыяй, чым з еўрапейскай, амерыканскай (і тым больш азіяцкай).


Кадр з фільма «Суполка мёртвых паэтаў»

Чаму б не паспрабаваць запоўніць пэўныя прабелы і не зрабіць экскурс у  замежную паэзію — напрыклад, амерыканскую? Нягледзячы на адносную маладосць, яна хутка ўвайшла ў сусветны літпрацэс, а ў XX стагоддзі канчаткова сфарміравала ўласны вектар развіцця. З сучаснымі дасягненнямі амерыканскай літаратуры можна будзе азнаёміцца на XXVII ММКВК (ЗША тут цэнтральны экспанент), а з яе гісторыі можна шмат чаму навучыцца.

Першы (ва ўсякім разе, першы храналагічна), каго прыгадваюць падчас гаворкі пра амерыканскую паэзію, несумненна, Эдгар Алан По, змрочны геній і гатычны прынц амерыканскай літаратуры. Акрамя згаданай готыкі, па эстэтычна-гістарычным курсе По знаходзіцца акурат паміж літаратурай рамантызму і літаратурай сімвалізму. Гэтае «прамежкавае» становішча зрабіла яго важнай фігурай не столькі амерыканскай, колькі сусветнай літаратуры: спачатку праз прадсімваліста Бадлера (які перакладаў По) — да іншых французскіх (і далей сусветных, у  тым ліку рускіх) сімвалістаў, потым яго паэтыка вярнулася на радзіму і стала натхненнем для прадстаўнікоў лацінаамерыканскага магічнага рэалізму. Што цікава — суайчыннікі-крытыкі пры жыцці По не надта шанавалі яго талент. Але з цягам часу творчы метад Эдгара Алана По паказаў, што хоць чалавечае нутро — цёмны калодзеж містычных перажыванняў, піць з гэтага калодзежа на парадак эфектыўней, чым пляваць.

Сусветны пераварот у паэзіі, які ў  большасці еўрапейскіх краін перавёў сілаба-танічны верш з разрада «традыцыі» ў разрад «архаікі», — амаль цалкам заслуга Уолта Уітмена. Поўны гуманістычна-метафізічнага эгацэнтрызму, Уітмен насцеж адчыніў дзверы рытмічнай арганізацыі верша і гэтым зрабіў магутны крок у бок таго, каб паэтычны тэкст адарваўся ад літаратуры і перайшоў у стан асобнага мастацтва. Таму, зразумела, першымі, хто атрымаў у рукі гэты моцны інструмент свабоды, былі авангардысты: нельга ўявіць сабе рускі футурызм без далоні Уітмена на сваім плячы: ці то хлебнікаўскія свабодныя «Навучанне па абмене»: амерыканская гісторыя ХХ і яшчэ крыху паэзіі вершы, ці то моцнае ўніверсальналірычнае «я» Маякоўскага (з уітменаўскіх каранёў якога, дарэчы, у адной са сваіх эпіграм здзекаваўся Ясенін). Цяпер верлібр — агульнаеўрапейская норма, і толькі ў рэдкіх краінах з моцнай сілаба-танічнай традыцыяй (у  той жа Расіі) ён яшчэ ў пошуках падыходаў да прызнання сябе ў якасці неэкзатычнай практыкі.

Адным з важных папярэднікаў мадэрнізму стала і Эмілі Дзікінсан. Яе паэтыка таксама змяніла правілы гульні: калі ранейшая метрычная паэзія была формацэнтрычнай і дапускала «затычкі» на карысць рытму ці рыфмы, лаканізм Дзікінсан прывёў да сэнсацэнтрызму. У адрозненне ад двух папярэдніх аўтараў паэтка не столькі сусветная, колькі выключна амерыканская і, больш за тое, не мае выразнай лініі прадаўжальнікаў. Гэта можна патлумачыць індывідуалізмам яе «цёмнага» стыля, яго праведнай манатоннасцю. І хаця стыль Эмілі Дзікінсан падыходзіць хутчэй для сузірання, а не для нейкага практычнага асэнсавання, часам менавіта фіксаваная адлегласць паміж аўтарам і чытачом дазваляе зрабіць больш вынікаў, чым у сітуацыі поўнага паглыблення.

Непаўторным (у сваёй вернасці традыцыям) чынам займаўся паэзіяй Роберт Фрост — і гэта той самы выпадак, калі стары сябар лепшы за новых двух. Адносна рэвалюцыйных мадэрністаў паэт быў паслядоўным контррэвалюцыянерам: пакуль у чытацкіх, разяўленых ад здзіўлення, ратах квітнелі свабодныя вершы і іншыя эксперыменты, Роберт Фрост актыўна працягваў лінію англійскага рамантызму. І хаця ў яго творах было нешта індывідуальнае, палеміка з эпохай, у аснове сваёй яны ўсё роўна заставаліся традыцыйнымі, за што тагачаснымі крытыкамі аўтар нават абвінавачваўся ў «літаратурным эскапізме». Аднак у гістарычным кантэксце існаванне такой паэзіі менавіта за кошт кантрасту да мадэрнізму і нейкай сентыментальнасці да мінулых стагоддзяў аказалася цалкам апраўданым і знайшло вялікую колькасць прыхільнікаў — і не толькі ў Злучаных Штатах. У параўнанні з творамі сучаснікаў паэзія Роберта Фроста звярталася да іншай аўдыторыі, існавала ў іншай парадыгме, што і дапамагло ёй, нягледзячы на знешнюю шаблоннасць, не толькі своеасабліва ўпісацца ў эпоху, але і ў нечым гэтую эпоху стварыць.

Ужо не прарокам, а паўнавартасным удзельнікам увайшоў у эпоху мадэрнізму Эзра Паўнд, увайшоў крокам размашыстым, але перарывістым. Пакуль у сям’ю мастацтва паступова ўключаўся новы чалец — кінематограф, паэзія актыўна пачала засвойваць прапанаваны ім інструментарый. У гісторыі літаратуры Паўнд застаўся дзякуючы сваёй мантажнасці і поліфанічнасці: ранні Паўнд знаходзіцца ў пастаянным руху паміж рознымі культурамі і  мовамі, а позні нават выходзіць па-за межы ўмоўнай «паэтычнай мовы» і пераплятае ў вершах розныя тэкставыя інкарнацыі: ад навуковых артыкулаў да газетнай публіцыстыкі. Пры гэтым паэт ствараў уласную эпіку, але ішоў не шляхам Уолта Уітмена, які пры ўсёй сусветнай велічыні свайго таленту перавынаходзіў лакальны амерыканскі эпас, а  шляхам больш шырокім, накіраваным на ахоп усёй чалавечай гісторыі. Асобным момантам былі яго стасункі з Робертам Фростам, у якіх пры дыяметральнай супрацьлегласці творчых метадаў неверагодным чынам знайшлося месца для агульнага шляху. Для сусветнай паэзіі эксперыменты Эзры Паўнда сталі адначасова тэарэтычным і практычным падручнікам па стварэнні новай паэтычнай мовы — мовы, якая крыху пазней зробіць паэзію з’явай шырэйшай за само жыццё.

Агульным адчуваннем паэтычнага матэрыялу падобны да Эзры Паўнда Томас Эліят — паэт з роднасным імкненнем да шматгалосся. Аднак шматгалоссе гэтае іншага кшталту: калі Паўнд у сваіх тэкстах выходзіць па-за межы паэзіі, эксперыменты Эліята адбываюцца выключна ў межах літаратуры, то-бок хор яго паэзіі — хор іншых літаратурных тэкстаў. Напэўна, таму паэт называў сябе «класіцыстам», хаця ўнутрытэкставае асяроддзе вершаў заставалася выключна мадэрнісцкім. Стылістычныя перапады, спалучэнне «высокага» і «нізкага», філасофскія роздумы з вялікай колькасцю інтэртэксту — усё гэта рысы маладога Эліята, у якіх прачытваецца блізкасць да творчага метаду Джэймса Джойса, з  якім (як і з Эзрай Паўндам) быў наладжаны моцны творчы дыялог. З часам гуллівыя інтанацыі саступілі больш сур’ёзным і трагічным, і гэта ў нейкай ступені зрабіла творы толькі мацнейшымі і больш манументальнымі. Творчасць Томаса Эліята стала маяком для творчых пошукаў многіх постмадэрністаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі так званай Другой хвалі рускага авангарду.

Паэзія Сільвіі Плат стала крокам наперад у жаночай (і не толькі) спавядальнай лірыцы. І калі на імгненне засяродзіцца на жаночым аспекце ды згадаць словы Ганны Ахматавай «Я научила женщин говорить...», можна зразумець, што Ахматава хутчэй толькі навучыла жанчын пісаць вершы, а Плат — менавіта гаварыць. Аснова яе паэзіі — дэпрэсіўныя споведзі па матывах уласнай біяграфіі, пры гэтым на біяграфізм зроблены такі моцны ўпор, што часта без ведання кантэксту вершы не паддаюцца дакладнай расшыфроўцы. Але, згодна з задумай аўтаркі, гэта не надта і патрэбна, бо пэўная доля тэксту павінна працаваць на эмпатычным узроўні і дзякуючы гэтаму змяшчаць чытача ў сугучны вопыту паэтэсы псіхалагічны стан. Галоўнае адкрыццё Сільвіі Плат  — пераакцэнтаванне паэзіі з тэхнічнага фармалізму на псіхалагічна зараджаны экзістэнцыяльна-няўтульны аповед, што дапамагло псіхіятрыі даследаваць сувязі паміж псіхікай і творчасцю, а таксама дало амерыканскай літаратуры адно з найбольш уплывовых жаночых імёнаў.

У поўным прэваліраванні думкі над формай верша, у яе эмацыянальным шчырым разгортванні Сільвію Плат можа нагадваць паэт Ален Гінзберг, але замест унутранай і ў большасці закрытай самарэфлексіі паэзія Гінзберга (як удзельніка гучнага контркультурнага руху бітнікаў) накіравана не толькі ўнутр, але і наверх, у амерыканскі соцыум, у сваё пакаленне. І гэта толькі адзін бок падабенстваў, на другім — эпас Уолта Уітмена, які ў інтэрпрэтацыі Гінзберга пазбаўляецца залішняга пафасу, напышлівага паэтызму, складаных вобразаў і пакідае ад сябе толькі інтанацыйна-прарочы шкілет, што не дазваляе творам разваліцца ў рытарычна-прапаведніцкую кашу. Такая паэтыка — заслуга не толькі самога аўтара, але і эпохі складаных сацыяльных і  палітычных хваляванняў, якая панавала ў ЗША ў пасляваенныя гады. Нягледзячы на першапачатковую арыентацыю Алена Гінзберга на родную краіну, яго вершам удалося адлюстраваць посткаланіяльнае становішча ўсяго сусвету, а рэха тагачасных спрэчак нават сёння дае падставу для выкарыстання блізкіх танальнасцяў ці асобных іх частак сярод паэтаў-сучаснікаў.

Амерыканская паэзія (з улікам існавання старэйшай кроўнай сястры ў асобе англійскай і наогул заходнееўрапейскай) усяго за некалькі стагоддзяў не толькі змагла адасобіцца ад каранёў і займець уласную гісторыю, але і стварыць цэлы шэраг унікальных практык, якія сваёй творчай смеласцю ўжо самі натхнялі Еўропу і робяць гэта па сёння. Застаецца спадзявацца, што ў кагонебудзь з тых, хто заблытаўся ў сусвеціках сваіх лакальных паэтычных традыцый, прачнецца жаданне паспрабаваць пісаць па-новаму. Бо сусветнай літаратуры дакладна не атрымаецца без выхаду за межы звыклага.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.