Вы тут

Як маладому аўтару выдаць сваю першую кнігу?


Як маладому аўтару выдаць сваю першую кнігу? Ці можа літаратура стаць прафесіяй? Як не прапусціць талент і даць шанц яму развіцца? Чаму літаратурная дзейнасць не заўсёды апраўдвае ўскладзеныя на яе чаканні? Гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі круглага стала «Развіццё маладой літаратуры: падтрымка юных талентаў у Беларусі», які прайшоў у прэс-цэнтры Дома прэсы.


Фота Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы.

Толькі хобі?

— Па родзе сваёй дзейнасці мне часта даводзіцца браць удзел у рабоце розных міжнародных літаратурных конкурсаў, прэмій і фестываляў. Праз мяне праходзіць шмат твораў: паэзія, проза, драматургія, пераклады. І вось якую трывожную тэндэнцыю я заўважыў: колькасць прадстаўнікоў маладога пакалення ў гэтых мерапрыемствах — невялікая, больш таго, яна мае тэндэнцыю да змяншэння, — канстатуе старшыня Беларускага літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь» Алег ЗАЙЦАЎ. — У трох пісьменніцкіх саюзах краіны моладзь займае невялікі працэнт, і гэта сведчыць аб тым, што ў вялікую літаратуру яна не вельмі спяшаецца, таму што статус пісьменніка на сённяшні дзень незразумелы і зарабіць мастацкім словам на жыццё, пракарміць сям'ю будзе даволі праблематычна. Таму мы, па меры сіл і магчымасцяў, падтрымліваем у нашым саюзе моладзь, хоць і не ствараем цяплічных умоў, каб яна адразу разумела, што пасля выдання першай кнігі ні слава, ні грошы на іх не абрынуцца. Давядзецца вельмі шмат працаваць, і не факт, што яны ўвогуле стануць вядомыя і ўвойдуць у вялікую літаратуру. Усе ведаюць, што ў кожным пакаленні ёсць сотні пісьменнікаў, але застаюцца ў падручніках з іх толькі адзінкі...

Сыходзяць людзі старэйшага пакалення, якія выраслі на іншых ідэалах, а на змену ім прыйшлі прагматыкі. Перспектывы ў пісьменніцтва туманныя, і моладзь выбірае іншыя кірункі дзейнасці для самарэалізацыі. Я лічу, што трэба на дзяржаўным узроўні вызначаць статус пісьменніка і ўбудоўваць яго ў сістэму сацыяльна-працоўных адносін — тады, напэўна, і моладзь па-іншаму будзе ставіцца да літаратарства. Літаратура перастане быць хобі, а стане асобнай прафесіяй!

Прывяду адзін прыклад. У 90-я гады, калі фарміраваўся наш саюз, больш за палову яго членаў складалі людзі ва ўзросце да 35 гадоў. Дастаткова сказаць, што старшыні было 40 гадоў, а двум яго намеснікам — па 26. Але эйфарыя прайшла, і праз дваццаць гадоў мы бачым, што змены няма. І з гэтым трэба штосьці рабіць...

— А мы суправаджаем нашы юныя таленты ад першай іх публікацыі і да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў, — падкрэслівае старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (СПБ) Міхась ПАЗНЯКОЎ. — Сталыя, вопытныя празаікі і паэты з задавальненнем бяруць пад крыло пачаткоўцаў, якіх знаходзяць праз літаратурныя конкурсы, публікацыі ў розных выданнях, звароты ў выдавецтвы. Прасоўваем маладых пісьменнікаў праз пастаноўкі гарадскога тэатра паэзіі і іншыя літаратурныя імпрэзы.

Супольна з партнёрамі СПБ выдае калектыўныя зборнікі. У 2011 годзе была заснаваная кніжная серыя «Мінскія маладыя галасы». Цудоўна разумеем, што для маладых аўтараў вельмі востра стаіць пытанне з публікацыяй твораў. Каб стаць членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, трэба мець кнігі, а каб выдаць кнігу, асабліва ў дзяржаўным выдавецтве, трэба мець імя, каб забяспечыць тыраж. Атрымліваецца замкнёнае кола.

Упершыню сталічным аддзяленнем СПБ была падрыхтавана анталогія маладой паэзіі Беларусі «Мы — маладыя», дзе прадстаўлена 166 паэтаў (укладальнік Міхась Башлакоў). Маладым літаратарам (да 30 гадоў) штогод прысуджаецца літаратурная прэмія Мінскага гарадскога аддзялення СПБ «Адкрыццё года». З 2017 года заснаваны яшчэ тры літаратурныя прэміі ў намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура».

Знайсці талент — палова справы, трэба яго яшчэ падтрымаць. Пры СПБ працуюць Школа юнага паэта і Школа юнага празаіка, дзейнічаюць творчыя секцыі, праводзяцца семінары для пачынаючых і маладых літаратараў. У сталіцы створана каля 40 літаратурных клубаў, студый і гасцёўняў для моладзі.

«А якія іскрынкі мы адкрываем!!! — хваліцца Міхась Пазнякоў. — Маладая паэтэса Кацярына Масэ... Першая яе кніжка выйшла, калі дзяўчына навучалася яшчэ ў восьмым класе мінскай школы. Цяпер яна ўжо скончыла Лінгвістычны ўніверсітэт, стала лаўрэатам некалькіх літаратурных прэмій. Калі ёй споўнілася 18 гадоў, прынесла дакументы ў Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Пра форму і змест

— Кацярына Масэ двойчы, на чацвёртым і пятым курсах універсітэта, праходзіла перакладчыцкую практыку ў мастацка-літаратурным часопісе «Маладосць», а на дадзены момант вядзе ў нас аўтарскую рубрыку «Код паэзіі: узламаць нельга ўтойваць» і рэгулярна бярэ ўдзел у «маладосцеўскіх» імпрэзах, — расказвае галоўны рэдактар часопіса Святлана ВОЦІНАВА.

«Калі нехта ўрачыста заяўляе, што паэзія была прыдуманая, каб «выказваць чалавечыя эмоцыі», у мяне пачынае торгацца вока. Напэўна, калі зладзіць апытанку на прадмет задач паэзіі, гэты ўлюбёны ўсімі стэрэатып зойме першае месца сярод найбольш частых варыянтаў адказу. І як тут не прыгадаць Малармэ з яго ўжо хрэстаматыйным выказваннем: «Паэзія робіцца са слоў, а не з ідэй». З гэтага вынікаюць дзве важныя высновы. Па-першае, нельга «наліць» нейкую ідэю або пачуцце ў рытмізавана-рыфмаваную «пасудзіну» і назваць гэта паэзіяй, — разважае маладая паэтэса і лінгвіст Кацярына Масэ. — Таму што віно можа існаваць асобна ад келіха, як і келіх ад віна; ідэя можа існаваць асобна ад знака (хаця і не заўсёды), а вось змест ад формы і форма ад зместу ў вершы — пардон, ніяк. Добрая паэзія павінна прыпадабняцца тканіне ў бясшвовасці яе тэкстуры: як дзіця, дзівячыся гладкасці і непарыўнасці тканіны, не можа даць веры, што яна сатканая з тысяч асобных нітачак — кожная на сваім месцы, — так чытач мусіць дзівіцца цэльнакройнасці паэтычнага твора, не верачы, што ён складаецца з асобных гукаў і слоў. Калі суадносіць эталонную для мяне паэзію з пэўным відам тэкстылю, то гэта дакладна не пэчварк — не сабраная з дзясятка ўжо скарыстаных шматкоў коўдра. Добрая паэзія — гэта найтанчэйшы ядваб, пра які нездарма кажуць, што ён «сатканы з паветра», гэтак жа як верш найвышэйшага гатунку сатканы з цішыні».

«Кепскі тэкст — гэта...»

— Уся наша штодзённая работа — гэта работа з моладдзю, — канстатуе Святлана Воцінава і засяроджвае ўвагу на новай канцэпцыі выдання: «Маладосць — больш чым часопіс». Апошняя прадугледжвае актыўнае супрацоўніцтва са студэнцкай аўдыторыяй для распаўсюджвання сярод яе інфармацыі пра магчымасці, створаныя «для тых, каму ёсць што сказаць свету». Цікавыя тэматычныя лекцыі і анкетаванні ў папяровым і электронным фарматах дазваляюць бліжэй знаёміцца з выданнем і смялей праяўляць сябе ў яго конкурсах і спецыяльных тэматычных праектах. Адсюль і заклік у анкеце, распрацаванай для студэнтаў: «Калі хочаш быць не толькі чытачом, але і сустваральнікам часопіса...», і пытанні-прапановы, досыць неардынарныя, кшталту: «Уяві сябе галоўрэдам», або: «Кепскі тэкст — гэта...», або: «Ці існуюць для цябе тэмы-табу».

Літаральна днямі ў рамках ХХVІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі былі падведзены вынікі ўжо ІІ тура конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэАNІMАцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя. Ён ладзіцца рэдакцыяй часопіса «Маладосць» сумесна з філфакам БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Гэта конкурс мастацкіх біяграфій пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, скіраваны на папулярызацыю гісторыі айчыннай літаратуры. Конкурс адметны найперш тым, што можна выбраць любую персону. Сярод крытэрыяў ацэнкі — не толькі дакладнасць фактаў, праўдзівасць дэталяў эпохі і цэласнасць аповеду, але і займальнасць, арыгінальнасць, арыентаванасць на школьную і студэнцкую аўдыторыі.

У другім туры на адрас арганізатараў паступілі 32 заяўкі. Узрост удзельнікаў вар'іраваўся ад 14 да 61 года. Сярод іх васьмікласніца, аспірант, маладая мама, прадстаўнікі навукова-даследчыцкай, культурнай і сацыяльнай сфер, перакладчыкі, журналісты, рэдактары друкаваных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў, выкладчыкі, студэнты-філолагі, студэнты-гісторыкі, студэнты-юрысты. Іншымі словамі, слаўная кампанія...

ІІ тур конкурсу даў паўнавартасныя творы пра такіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, як Франц Савіч, Уладзіслаў Сыракомля, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Кастусь Каліноўскі. Найбольш папулярная аказалася асоба Кастуся Каліноўскага — на напісанне яго біяграфіі «замахнуліся» аж пяць канкурсантаў. На другім месцы — Франц Савіч (было чатыры заяўкі).

— У адказ на сваю заяўку (персону) кожны ўдзельнік атрымаў «ключы» — спіс крыніц у дапамогу, — кажа Святлана Воцінава. — У кожным летнім і восеньскім нумары часопіса «Маладосць» мы друкавалі артыкулы пад рубрыкай «У падтрымку». Да таго ж усе мелі права звяртацца да арганізатараў па любую дапамогу — ад кансультацыі да папярэдняга прачытання твора.

Святлана Воцінава анансавала новы конкурс краязнаўчых сачыненняў для школьнікаў, палажэнне аб якім цяпер распрацоўваецца разам з Нацыянальным інстытутам адукацыі, і заклікала далучацца да Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў ВНУ «Аўтограф-2020», прысвечанага 75-й гадавіне Вялікай Перамогі і Году малой радзімы. Ён стартаваў у студзені.

Фота Надзеі Нікалаевай.

Выраслі на «КЛУмБЕ»

Кацярына РОЎДА — яшчэ адзін малады член Саюза пісьменнікаў Беларусі (пісаць пачала ў 16 гадоў), паэтэса, кіраўнік клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБА» пры БДУ. У 2014 годзе сярод студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў літаратурны конкурс «Славянскі калейдаскоп», які атрымаў нечаканы працяг. На першым сходзе паэт Міхась Пазнякоў уручыў маладым калегам часопісы «Белая вежа», дзе ўпершыню публікаваліся іх творы, — так пачаткоўцы атрымалі зваротную сувязь, і карані будучага творчага аб'яднання пачалі расці ўглыб. А вядомы пісьменнік стаў яго «хросным бацькам».

Кацярына падкрэслівае, як важна натхняцца супольнымі інтарэсамі. Гэта яна называе цеплаабменам. Для сучаснай маладой літаратуры, яе поспехаў і перспектыў важна ўсё: яна — як маладая раслінка, якой патрэбны цеплыня, святло, клопат і захапленне.

Сёння пераважная большасць «клумбаўцаў» спрабуе свае сілы ў вершах і прозе, тым не менш гэта не проста літаратурнае аб'яднанне, якім мы звычайна яго ўяўляем. Яго дзверы адчынены для тых, хто проста любіць мастацкае слова, спявае, чытае вершы, выступае ў ролі вядучых літаратурна-музычных вечарын, ладзіць творчыя конкурсы, а то і проста прыходзіць на сустрэчы і імпрэзы, каб паслухаць і падтрымаць сваіх сяброў-аднагодкаў. Людзей прываблівае тое, што «КЛУмБА» ладзіць мерапрыемствы па-за межамі ўніверсітэта: прэзентацыі, віктарыны, сумесныя паездкі, паходы, паэтычныя сустрэчы, выступленні...

Усе задумы рэалізуюцца па прынцыпе «захацеў, абмеркаваў, ажыццявіў». Нехта прыдумляе канцэпцыю, астатнія дапамагаюць яе ўдасканаліць і ажыццявіць. Творчыя пошукі моладзі ўвасабляюцца ў розных фарматах. Так, напрыклад, нарадзіўся аўтарскі спектакль «Пасля ўсяго», прысвечаны Ганне Ахматавай, імпрэза паводле творчасці Бэлы Ахмадулінай.

Многія «клумбаўцы» ўжо сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій і маюць свае літаратурныя зборнікі. Сёння калектыў працуе над новым праектам — альманахам «аБДУмана». Выданне будзе створана, каб паспрабаваць свае сілы не толькі ў якасці аўтараў, але і ў карэктарска-выдавецкай рабоце. На яго старонках з'явяцца вершы, проза, калумністыка і пераклады ўдзельнікаў аб'яднання і аўтараў-пачаткоўцаў з розных факультэтаў БДУ. Нездарма абрэвіятура была ўплецена ў назву альманаха.

— Наша моладзь — вельмі таленавітая. Так, часам не хапае фінансавай падтрымкі, іншы раз — не хапае ўпэўненасці. Чалавек піша ў стол, а ён можа быць нашмат больш таленавіты, чым той, хто піярыць сябе ў інтэрнэце, — разважае Кацярына Роўда. — І мне вельмі хочацца, каб наша творчая моладзь як мага часцей выходзіла з рэжыму анлайн, хочацца жывых сустрэч з пісьменнікамі і паэтамі, больш жывой літаратуры.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Каб галасы загучалі...або З юных талентаў — у класікі...

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.