Вы тут

Адзінаццацікласнік распрацаваў мабільную праграму для ўзаемадзеяння з глуханямымі або нямымі


Артур ЦАРЫКОВІЧ, вучань 11 класа слуцкай сярэдняй школы № 11, усур'ёз цікавіцца праграмаваннем і тэмай інклюзіі. Ён распрацаваў мабільную праграму для ўзаемадзеяння з глуханямымі або нямымі Соntасt.


— Сутнасць распрацоўкі ў тым, каб пры дапамозе камеры мабільнага тэлефона навучыцца распазнаваць індывідуальныя жэсты людзей з інваліднасцю, — расказвае Артур. — Каб пачаць работу з праграмай, спачатку трэба спампаваць яе ў Рlау Mаrkеt (пакуль што яна даступна толькі на Аndrоіd, але ў найбліжэйшы час будзе распрацавана і для іОS), запусціць і сфатаграфаваць жэсты суразмоўніка пры дапамозе пальчаткі чырвонага колеру. Здымкі адправяцца ў базу даных, распазнаюцца пэўнымі алгарытмамі, і праз некалькі секундаў прагучыць гукавы адказ. Чырвоная пальчатка патрэбна для таго, каб праграма адсейвала лішнія колеры. Надзяваць яе трэба на левую руку, бо з правай могуць атрымлівацца іншыя вынікі распазнавання жэстаў, — расказаў юнак.

Артур стварыў дзесяць базавых класаў асноўных жэстаў па пяць тысяч ілюстрацый у кожным. Хлопец кажа, што надалей іх можна пашыраць на колькі заўгодна адзінак.

— Ідэя стварэння менавіта інклюзіўнай распрацоўкі ўзнікла летась. Гэтаму паспрыяў удзел у рэспубліканскім сацыяльна-адукацыйным праекце А-1 YОUTH («Ідэі, якія змяняюць свет да лепшага»), дзе я прадставіў праект у сферы фізікі. Да таго ж з ім выступіў на маштабнай маладзёжнай канферэнцыі TЕDхYоuth@Mіnsk.

Там Артур у ліку дзесяці фіналістаў падзяліўся вопытам рэалізацыі мабільнай праграмы Рhоnе Раіnt Dеtесtоr, створанай для таго, каб распазнаваць і даваць інфармацыю пра творы выяўленчага мастацтва.

— У многіх карцінных галерэях і музеях наведвальнікам прапануюць аўдыягіды для больш падрабязнага вывучэння работ. Але такі сродак не заўсёды практычны, бо аўдыёсістэма абыходзіцца ўстанове і наведвальніку дорага, яна можа зламацца, часта перашкаджае тым, хто знаходзіцца побач. Праграма ж, якая была створана мной і маёй аднакласніцай Анастасіяй Крыўленяй, бясплатная і простая ў выкарыстанні. Яна не займае памяць тэлефона і дазваляе распазнаваць карціны на вялікай адлегласці, акрамя таго, працуе ў рэжымах анлайн і афлайн. Усё, што трэба зрабіць, — гэта спампаваць разумны гід на тэлефон, пасля карыстальніку трэба будзе націснуць на адну кнопку — і пачнецца распазнаванне. Ён сфатаграфуе карціну, адправіць на сервер, а далей атрымае ўсю інфармацыю пра шэдэўр у лічаныя хвіліны. Дарэчы, праграма актыўная, нават калі карціна пашкоджана на 30 працэнтаў, — тлумачыць адзін з аўтараў.

За сваю распрацоўку школьнікі атрымалі дыплом ІІІ ступені на ХV Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе. А за стварэнне інклюзіўнай праграмы Артур быў узнагароджаны дыпломам І ступені на ХХІІ конкурсе работ даследчага характару вучняў школ Мінскай вобласці.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Навучыць чуць і бачыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?