Вы тут

Дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ: Студэнтам патрабуецца крэатыўная прастора!


Як адпавядаць рэаліям інфармацыйнага грамадства, павысіць у чатыры разы наведвальнасць і запатрабаванасць універсітэцкай бібліятэкі, ведаюць у БДУ.


Традыцыі і інавацыі

— У ёй павінна быць жыццё, — сцвярджае дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка, разважаючы пра месца і задачы ўстановы ў лічбавым асяроддзі. — Гістарычна так склалася, што яна з'яўляецца месцам «ціхіх» заняткаў. Мы ж паспрабавалі адысці ад стандартнага падыходу і стварыць атмасферу ўзаемадзеяння і камунікацыі. Дазволілі нашым студэнтам тут стасункавацца.

Інфармацыя сыходзіць у лічбавую прастору, а разам з ёй і студэнт «апускаецца» ў гаджэт. Мы сталі прадумваць шляхі вяртання моладзі ў чытацкае асяроддзе. Выснова была адна — гэта можна зрабіць праз стварэнне ўнікальнай пляцоўкі, дзе ёсць традыцыі і інавацыі.

Сёння БДУ мае адну з найлепшых у свеце электронных бібліятэк. Згодна з міжнародным рэйтынгам Trаnsраrеnt Rаnkіng оf Rероsіtоrіеs, яна займае трэцяе месца сярод універсітэцкіх бібліятэк і дванаццатае — у сусветным топ-лісце. Сярод айчынных ВНУ БДУ мае найбольш поўную падпіску на навуковыя электронныя рэсурсы і забяспечвае доступ да больш чым 30 рэфератыўных і паўнатэкставых баз даных, такіх як Sсорus, Wеb оf Sсіеnсе, SрrіngеrLіnk, SсіеnсеDіrесt, ЕBSСО і іншыя. Тут размяшчаюцца найбольш аўтарытэтныя публікацыі навукоўцаў з усяго свету. Кожны студэнт і супрацоўнік БДУ абсалютна бясплатна можа пазнаёміцца з самымі ўплывовымі даследаваннямі сусветнага ўзроўню.

— Такім чынам, для нашых карыстальнікаў мы прывабныя сваім эксклюзівам і перавагай перад сусветнай павуцінай. Бо многія даступныя ў БДУ інфармацыйныя крыніцы закрытыя для карыстальнікаў у інтэрнэце, — падкрэслівае Уладзімір Кулажанка. — Акрамя таго, супрацоўнікі бібліятэкі кансультуюць акадэмічны персанал універсітэта па пытаннях публікацыйнай актыўнасці, фарміравання лічбавага партфоліа вучонага, а таксама эфектыўнага лічбавага прасоўвання вынікаў навуковай дзейнасці.

Ад віртуальнасці да рэальнасці

У БДУ ролю цэнтра бібліятэкі выконвае навуковая зала ў галоўным корпусе ВНУ. Гэта найбуйнейшы адкрыты фонд спецыялізаванай літаратуры ў Беларусі. У свабодным доступе тут знаходзіцца больш за 65 тысяч паасобнікаў розных выданняў і перыёдыкі.

— Перад кіраўніцтвам бібліятэкі стаяла вялізная задача — «прыручыць» студэнта. Рашэнню спрыяў і рамонт, завершаны ў чытальнай зале ў канцы 2018 года. Важным было не толькі абнаўленне сцен, падлогі і вокнаў. Трэба было паіншаму арганізаваць прастору з улікам менталітэту і патрэб сучаснага студэнта, — дзеліцца сакрэтамі кіраўнік Фундаментальнай бібліятэкі.

Над новым вобразам навуковай залы працавалі запрошаныя дызайнеры факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ. Яны прапанавалі колеравае афармленне і выкарыстанне ў якасці дэкору сцен студэнцкіх мастацкіх работ.

Галоўным новаўвядзеннем стала дзяленне прасторы залы на зоны рознай актыўнасці. Так утварыліся «гучная» пляцоўка для настольных гульняў, стасункаў, работы над навучальнымі або грамадскімі праектамі, стартап-ідэямі і «ціхія» месцы — для падрыхтоўкі да заняткаў, вывучэння літаратуры. Навуковая зала пасля рамонту павялічылася да 70 пасадачных месцаў. На іх устаноўлены камп'ютары, забяспечаны доступ да бесправаднога інтэрнэту.

Да 500 наведвальнікаў у дзень

— Мы імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы на любым этапе наведвання бібліятэкі і задаволіць любы запыт нашых чытачоў. Студэнтам патрабуецца крэатыўная прастора. Усё павінна спрыяць раскрыццю іх творчых асоб і патэнцыялу, — упэўнены дырэктар. — У Фундаментальнай бібліятэцы ёсць уся неабходная інфраструктура: інтэрнэт, друкарскі цэнтр, 3D-прынтар — фактычна функцыянал каворкінга.

Гэтае ўнікальнае асяроддзе стала магнітам для студэнтаў і выкладчыкаў. За апошні год колькасць наведвальнікаў толькі ў навуковай зале вырасла да 500 чалавек у дзень, што ў чатыры разы перавышае паказчыкі папярэдніх гадоў.

Стратэгія: «кліент заўсёды мае рацыю»

— Шматгадовая работа Фундаментальнай бібліятэкі БДУ даказвае, што лічбавыя тэхналогіі не выцясняюць класічныя, а спрыяюць якаснай змене бібліятэчных паслуг, паляпшэнню камунікацыі паміж персаналам і чытачамі. Выконваючы традыцыйную функцыю інфармацыйнага забеспячэння навучальнага працэсу, бібліятэка адпавядае актуальным запытам чытачоў, актыўна кантактуе з імі, у тым ліку ў віртуальным асяроддзі, — кажа Уладзімір Кулажанка.

Па словах кіраўніка, бібліятэка, з пункту гледжання маркетынгу, такая ж арганізацыя абслугоўвання, як кавярня або крама, і тут варта выкарыстоўваць тыя ж прынцыпы і падыходы. «Магчыма, гэта не заўсёды адпавядае менталітэту некаторых бібліятэкараў, але для нас прынцыповая пазіцыя — выключна ветлівае стаўленне да карыстальнікаў, нават калі часам яны заходзяць у куртках ці з заплечнікамі. У нас дзейнічае залатое правіла абслугоўвання — «кліент заўсёды мае рацыю». «Усе ініцыятывы па паляпшэнні работы, якія з'яўляюцца ў бібліятэцы, зыходзяць ад нашых супрацоўнікаў. Яны ўкладваюць усіх сябе, ахвяруюць вольным часам, імкнучыся стварыць атмасферу хатняй утульнасці, нават частуюць студэнтаў хатнім печывам, цукеркамі, гатуюць чорную і травяную лекавую гарбату. У «гучнай» зоне ёсць бойлер для нагрэву вады, мікрахвалевая печ. Так утварыўся «фуд-корт», дзе кожны ахвотны можа прыгатаваць гарбату, каву ці разагрэць ежу, — расказвае дырэктар. — Цяпер я назіраю, як моладзь праводзіць на нашай пляцоўцы дні нараджэння ці іншыя значныя святы. І гэта вельмі радуе. Ёсць адчуванне задавальнення, спакою і даверу з боку студэнтаў. Гэта дарагога варта».

Даведка

Фундаментальная бібліятэка БДУ заснавана 23 мая 1921 года. У верасні 1922 года пастановай Саўнаркама БССР пераўтворана ў Беларускую дзяржаўную і ўніверсітэцкую бібліятэку. У 1926 годзе было прынята рашэнне аб вылучэнні Дзяржаўнай бібліятэкі (цяпер Нацыянальнай бібліятэкі) са складу БДУ. Фундаментальная бібліятэка працягнула сваю работу як універсітэцкая.

Цяпер фонд айчыннай і замежнай літаратуры складае каля двух мільёнаў дакументаў. Да паслуг чытачоў 15 інфармацыйных залаў, размешчаных у дзесяці карпусах універсітэта. Штогод фіксуецца больш за 1,3 мільёна зваротаў да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі.

Паліна ДАЎГІЛЕНКА

Фота Васіля КУЗЬМІЧКІНА

Загаловак у газеце: Адзначыць свята ў... бібліятэцы

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.