Вы тут

Што хвалюе сталічных настаўнікаў?


«Хачу пачуць ад вас прапановы!»

З такімі словамі звярнулася да настаўнікаў падчас сустрэчы з педагагічным актывам сталіцы старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава


Традыцыі, якія яднаюць

Наталля Качанава з самага пачатку сустрэчы пастаралася наладзіць шчыры і сумленны дыялог з настаўнікамі. І гэта ў яе атрымалася. Агульнавядома, што сёння ў сферы адукацыі шмат праблем, часам вострых і неадкладных. Пра іх таксама ішла гаворка. Але старшыня Савета Рэспублікі пачала размову з іншага — з таго, што аб'ядноўвае беларускую нацыю, дапамагае ўсім нам заставацца годным народам, а краіне ўпэўнена ісці наперад насуперак перашкодам і бар'ерам.

Гэта ў першую чаргу традыцыі суверэннай Беларусі, пра якія мы добра ведаем, але якія не тое што забываем, а хутчэй у віхуры паўсядзённых праблем успрымаем іх як само сабой нешта зразумелае. Калі ж кінуць погляд на даволі кароткую гісторыю незалежнай Беларусі, можна ўбачыць, як шмат дасягнута за гэтыя гады. Старшыня Савета Рэспублікі нагадала і пра нашы новыя традыцыі. Іх нямала. Гэта правядзенне Усебеларускіх народных сходаў, святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі, гадавіны прыняцця Канстытуцыі, свята дзяржаўнага Герба і Сцяга і іншыя. Узніклі новыя спартыўныя і культурныя традыцыі. Апошнім часам наша сталіца стала месцам правядзення спаборніцтваў еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.

А да культурных традыцый Наталля Качанава аднесла, у прыватнасці, Баль выпускнікоў з удзелам кіраўніка дзяржавы, Славянскі базар, міжнародны фестываль «Александрыя збірае сяброў», дзе сустракаюцца прадстаўнікі трох брацкіх славянскіх народаў, знакамітыя артысты. І што характэрна, штогод гэта свята набывае ўсё новых сяброў з розных краін. Да 100 тысяч чалавек збіраюцца на традыцыйны вялікі гала-канцэрт у Александрыі. Ужо традыцыяй стала восеньскае свята ўраджаю «Дажынкі», дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Іх месца ў нашым жыцці і станоўчы ўплыў на грамадства цяжка пераацаніць.

Выхаваўчы патэнцыял Перамогі

На фоне спроб часткі заходніх навукоўцаў і аналітыкаў перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны асаблівае значэннне набывае падрыхтоўка да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У сувязі з чым Наталля Качанава параіла настаўнікам як мага больш актыўна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял Вялікай Перамогі ў рабоце з моладзю, каб яна ведала праўду пра вайну і цаніла наш сёняшні дзень.

Наталля Качанава падкрэсліла, што ўсім нам, а маладым абавязкова, трэба зразумець, што мір і стабільнасць — гэта не тое, што даецца раз і назаўсёды. Сёння патрэбна кансалідацыя ўсяго грамадства, каб такая сітуацыя заставалася нязменнай. А ў маладых людзей неабходна фарміраваць пачуццё грамадзянскай адказнасці за тое, што здзейснілі старэйшыя пакаленні, выхоўваць імкненне зберагчы памяць пра Перамогу і працоўныя здабыткі.

Зарплата не павінна зменшыцца

Як публічны палітык, Наталля Качанава прадбачыла злабадзённыя пытанні аўдыторыі. Сёння, напрыклад, адна з самых абмяркоўваемых сярод работнікаў бюджэтнай сферы тэм — пра зарплату, дакладней, пра новыя падыходы ў яе налічэнні. Хоць Наталля Качанава неаднойчы ўжо выказвалася на гэты конт на розных сустрэчах, у тым ліку і на сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў напрыканцы мінулага года. Тады яна адназначна сказала, што ніхто ў бюджэтнай сферы не павінен атрымліваць у 2020 годзе зарплату менш, чым у 2019 годзе. І папрасіла дэпутатаў трымаць гэтае пытанне на жорсткім кантролі.

Цяпер старшыня Савета Рэспублікі зноў адзначыла, што з 1 студзеня змянілася толькі сістэма аплаты працы бюджэтнікаў. Зроблена гэта выключна для спрашчэння разлікаў, але змены не павінны закрануць памер заработнай платы. «Зарплата ні ў якай меры не можа быць менш. Калі такія выпадкі ўзнікнуць, мы будзем персанальна і канкрэтна разбірацца. Возьмем гэта на кантроль», — паабяцала спікер верхняй палаты парламента.

Паводле яе слоў, у цэлым стаіць задача паступова ўзнімаць зарплату ў сферы адукацыі, педагогам школ і дзіцячых садкоў, асабліва нізкааплатным катэгорыям работнікаў, напрыклад, выхавацелям, памочнікам выхавацеляў. А ўвогуле сярэдняя зарплата бюджэтнікаў павінна складаць 80 % ад сярэдняй зарплаты па краіне. І ўрад вытрымлівае гэты паказчык.

Што хвалюе настаўнікаў?

Педагогі — гэта тыя нераўнадушныя людзі, у якіх заўсёды былі, ёсць і будуць пытанні да прадстаўнікоў улады. Відаць, сама прафесія спрыяе гэтаму. Вось і цяпер у зале Мінскага гарадскога палаца культуры, дзе сабралася больш за 600 настаўнікаў, дырэктараў сталічных школ, гімназій і іх намеснікаў, прадстаўнікоў іншых педагагічных устаноў, сустрэча перарасла ў дыялог зацікаўленых бакоў.

Гаварылі аб тым, што хвалюе настаўнікаў. У тым ліку і аб падтрымцы маладых спецыялістаў, іх ільготным крэдытаванні на набыццё кватэры, замацаванні кадраў, тэхнічным пераабсталяванні навучальных кабінетаў, арганізацыі пазашкольнай работы, гурткоў, заахвочванні тэхнічнай творчасці хлопцаў і дзяўчат, стварэнні ўмоў для навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця і іх далейшым працаўладкаванні пасля выпуску. Апошняе пытанне старшыня Савета Рэспублікі паабяцала разгледзець разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, каб такія маладыя людзі мелі магчымасць працаваць.

З залы прагучала слушная, на погляд Наталлі Качанавай, прапанова аб будаўніцтве арэнднага жылля для маладых настаўнікаў, бо гэта будзе садзейнічаць замацаванню педагогаў на месцах. Таксама падтрымала старшыня Савета Рэспублікі прапанову сваіх суразмоўцаў больш адлюстроўваць шматгранную дзейнасць настаўнікаў у сродках масавай інфармацыі, павышаць іх аўтарытэт у грамадстве.

Не аднойчы падчас сустрэчы звярталася ўвага на тое, што настаўнік — гэта апора грамадства. Ён і вучыць, і выхоўвае дзяцей, і рыхтуе моладзь да будучага жыцця. Таму і клопат дзяржавы аб настаўніку павінен быць адэкватны. Усе прапановы і пытанні былі пачутыя. Паводле слоў Наталлі Качанавай, яна абмяркуе іх са старшынёй Мінскага выканкама Анатолем Сіваком.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».