Вы тут

Чарговы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі вырашана прысвяціць гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі


Першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні VІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай.


Яна паведаміла, што чарговы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі вырашана прысвяціць гістарычнай спадчыне Вялікай Перамогі. Заява ў пэўнай ступені нечаканая, бо самі форумы былі задуманы як маштабныя, але ўсё ж як гаспадарчыя мерапрыемствы. Нагадаем, асноўнай мэтай першага форуму было аб'яднанне намаганяў рэгіёнаў Беларусі і Расіі дзеля гарантавання харчовай бяспекі абедзвюх краін. Мэта, як бачым, чыста эканамічная, хоць і, вядома, з палітычным падтэкстам. Адным з вынікаў форуму тады сталі рэкамендацыі па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы для паскарэння развіцця аграпрамысловых комплексаў Беларусі і Расіі ва ўмовах стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

Гэтыя дакументы, накіраваныя на гарманізацыю і ўніфікацыю нацыянальных заканадаўстваў, і сёння спрыяюць правядзенню ўзгодненай аграрнай палітыкі, распрацоўцы перспектыўных рэсурсазберагальных тэхналогій і абсталявання для вытворчасці экалагічна чыстых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, нарошчванню экспартнага патэнцыялу, выпуску біялагічна паўнавартасных камбікармоў, абмену актуальнай інфармацыяй.

Другі форум рэгіёнаў ужо быў прысвечаны прамысловай палітыцы Саюзнай дзяржавы, удзелу ў яе выпрацоўцы і ажыццяўленні органамі мясцовага самакіравання. Тэма трэцяга форуму: «Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы».

Усе наступныя форумы так ці інакш садзейнічалі ўзмацненню інтэграцыйнага патэнцыялу рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў самых розных сферах. Увогуле гэтыя сустрэчы прадэманстравалі даволі высокую эканамічную эфектыўнасць: па выніках шасці форумаў было падпісана 302 пагадненні аб супрацоўніцтве, заключана камерцыйных кантрактаў на суму каля 2 млрд долараў ЗША.

VІІ Форум рэгіёнаў запланаваны на восень і пройдзе на тэрыторыі Мінска і Мінскай вобласці. Мяркуецца, што яго ўдзельнікі засяродзяцца на абмеркаванні вынікаў святкавання ў свеце 75-годдзя заканчэння самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва вайны. Таму ўзгодненая з Саветам Федэрацыі Расіі тэма форуму гучыць так: «Гістарычная спадчына Вялікай Перамогі як аснова развіцця сацыяльна-эканамічных і духоўных сувязяў народаў Беларусі і Расіі».

У размове з журналістамі Наталля Качанава падкрэсліла: Савет Рэспублікі разлічвае, што форум пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні. Паводле яе слоў, гэта будзе вельмі маштабнае мерапрыемства, якое дазволіць рэгіёнам выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. А каб яно атрымалася і плённым, і запамінальным, старшыня Савета Рэспублікі ў ходзе пасяджэння аргкамітэта заклікала яго ўдзельнікаў зрабіць трохдзённую праграму маючага адбыцца форуму насычанай і цікавай. Яго работа разгорнецца ў пяці секцыях. Напрыклад, у адной з іх будзе абмеркавана тэма: «Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці». Сугучная парадку дня форуму і тэма іншай секцыі: «Беларусь і Расія: пашырэнне сумесных намаганняў па супрацьдзеянні гераізацыі нацызму на міжнародных пляцоўках».

Адзначым, што на форуме абмяркуюць супрацоўніцтва не толькі ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны і патрыятычнага выхавання, але і сумесныя эканамічныя праекты. Таксама будуць падпісаны новыя пагадненні аб супрацоўніцтве і камерцыйныя кантракты.

Запланавана пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Беларусі і Савета Федэрацыі Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Намечана таксама сустрэча спікераў верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў з кіраўнікамі рэгіёнаў краін.

Таксама ў праграме VІІ Форуму значыцца наведванне гасцямі гісторыка-культурных аб'ектаў, якія звязаны з апошняй вайной. Напрыклад, музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, «Лініі Сталіна», Хатыні, Кургана Славы і ншых.

Леанід ТУГАРЫН

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.