Вы тут

Сенатар Ігар Гедзіч: 60-70% пытанняў можна вырашыць аператыўна


Дапамагчы канкрэтнаму чалавеку — такога прынцыпу ў сваёй дзейнасці стараецца прытрымлівацца член Савета Рэспублікі ад Гродзенскай вобласці Ігар Гедзіч, які ўваходзіць у склад Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.


У Воранаве на прыём да парламентарыя завітала сталая жанчына са сваёй праблемай: у Кітаі цяпер знаходзіцца пляменнік, і жанчына хвалюецца за лёс хлопца. Праблема пенсіянеркі вырашылася адразу на прыёме: дзякуючы сучасным сродкам сувязі, з маладым чалавекам звязаліся, і ён запэўніў сваячку, што хваляванні дарэмныя.

— Як паказвае практыка, 60-70 працэнтаў пытанняў можна вырашыць аператыўна, — адзначыў сенатар.

У Ашмянскім раёне на прыём да парламентарыя звярнуліся тры заяўніцы.

— Пытанні, з якімі прыйшлі жанчыны, датычыліся жыллёвай праблемы, пенсійнага і воднага заканадаўстваў, рамонту вуліцы ў цэнтры горада, — адзначыў Ігар Гедзіч. — Сумесна са службамі раённага выканаўчага камітэта, якія ведаюць сутнасць справы, мы дасканала вывучым праблемы і знойдзем варыянты, якія не супярэчаць закону і прымальныя для заяўнікаў.

Шматдзетная маладая маці Алена пражывае з дзецьмі ў сацыяльнай кватэры ў Ашмянах. На трэцяе дзіця яна аформіла сямейны капітал і хацела б скарыстацца гэтымі сродкамі для рэканструкцыі вясковай хаты ў Смаргонскім раёне. Гэта домаўладанне зарэгістравана на малодшага сына, але будынак знаходзіцца ў непрыдатным для пражывання стане. Аднак Алена не можа скарыстацца сямейным капіталам, каб адрамантаваць дом, бо не знаходзіцца на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. На чаргу паставіць яе таксама нельга, бо жыллё ў яе быццам бы ёсць, хоць і сацыяльнае. Сям'я атрымала яго па прычыне таго, што старэйшая дачка з'яўляецца інвалідам дзяцінства.

Ігар Гедзіч паабяцаў даць адказ жанчыне пасля таго, як будзе прапрацаваны алгарытм рашэння агучанай тэмы. Што да прызнання вясковага дома старым, жанчыне было рэкамендавана звярнуцца ў камісію пры Смаргонскім райвыканкаме.

Жыхарка вёскі Будзёнаўка абураная высокім коштам білета на рыбную лоўлю, якая прадстаўляецца арандатарамі на вадаёмах Ашмянскага раёна. Рыбалкай у іх сям'і захапляюцца тры сыны і муж. Атрымліваецца прыстойная сума, хоць часам сваякі вяртаюцца дадому і зусім без улову. Жанчыне патлумачылі, што сёння мясцовыя органы ўлады маюць права здаваць у арэнду вадаёмы як дзяржаўным структурам, так і прыватным асобам. А арандатар мае права ўсталёўваць свой кошт на лоўлю рыбы.

Разам з тым, рэзюмаваў парламентарый, трэба вывучыць гэтае пытанне падрабязна і знайсці рацыянальны выхад. Магчыма, прадугледзець палёгкі для пэўнай катэгорыі грамадзян або сістэму зніжак у вызначаныя дні.

Жыхарку вуліцы Гальшанскай да дэпутата прывялі дзве праблемы: адна — калектыўная, другая — асабістага характару. Ад усіх жыхароў з 28-га па 40-ы дом сваёй вуліцы яна папрасіла дапамагчы добраўпарадкаваць кавалак вулічнага пакрыцця. У непрывабным стане вуліца знаходзіцца ўжо не адзін год. Жыллёва-камунальная служба раёна ведае гэтую праблему. Перыядычна ямы «зразаюцца». Аднак гэтых дзеянняў хапае не болей, чым на два тыдні, а затым усё паўтараецца.

Што да асабістага пытання, жанчына на працягу года не можа прыватызаваць дачны ўчастак. Спачатку грамадзянку не задавальняла пытанне кошту працэдуры прыватызацыі. Калі яно было ўрэгулявана, паўсталі новыя абставіны, якія перашкаджаюць афармленню неабходных дакументаў. З'явіўся прэцэдэнт з суседзямі з нагоды вызначэння межаў участкаў. Цяпер гэта пытанне знаходзіцца ў актыўнай стадыі вырашэння. Да яго далучыліся праектны інстытут «Гроднагіпразем» і землеўпарадкавальная служба Ашмянскага райвыканкама.

— Правядзенне асабістых прыёмаў грамадзян — гэта адзін з эфектыўных і дзейсных спосабаў даведацца аб праблемах, якія ёсць у рэгіёнах, пачуць іх з першых вуснаў, ад насельніцтва, — лічыць Ігар Гедзіч. — Звароты грамадзян арыентуюць нас на канкрэтныя справы. Парламентарыі ўзнімаюць агучаныя праблемы на ўзроўні профільных міністэрстваў і ведамстваў, улічваюць у сваёй дзейнасці. У заканатворчым партфелі нямала ініцыятыў, накіраваных на рашэнне паўсядзённых праблем людзей.

Кансалідацыя ў грамадстве вельмі важная — ад гэтага залежыць поспех развіцця краіны, падкрэсліў ён. Кожны з нас павінен быць скіраваны на стварэнне, а не на разбурэнне.

Па матэрыялах «Воранаўскай газеты» і «Ашмянскага весніка»

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Грамадства

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Санны рэйд. Як партызаны здзейснілі пераможную аперацыю на Палессі ў 1942-м

Сёлетняя зіма на снег, скажам прама, зусім небагатая. Але ў лютым і сакавіку 1942 года, калі пра глабальнае пацяпленне ніхто і не чуў, снегу было вельмі шмат.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.