Вы тут

Прайшоў стартавы семінар па развіцці мясцовых супольнасцяў


У Мінску прайшоў стартавы семінар па рэалізацыі праекта «TANDEM — V». Супрацоўніцтва для ўдзелу грамадзян і развіцця мясцовых супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь».


Падчас яго прэзентаваліся праекты, якія перамаглі ў конкурсе «Грамадзянскія ініцыятывы ў вырашэнні пытанняў мясцовага значэння». Традыцыйна іх фінансуе Еўрапейская Асацыяцыя мясцовай дэмакратыі ALDA з удзелам грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі». Сёлета ў краіне будуць рэалізаваны 12 ініцыятыў.

У семінары прымалі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Семяняка, старшыня праўлення Фонду імя Льва Сапегі Міраслаў Кобаса, каардынатар праектаў Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (ALDA) Віктар Катрута. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады базавага і пярвічнага ўзроўняў, грамадскіх арганізацый розных рэгіёнаў краіны — аўтары і пераможцы грамадзянскіх ініцыятыў. Менавіта яны прэзентавалі свае лакальныя праекты.

Дырэктар Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Вольга Обухава расказала аб ініцыятыве «Добры спорт», які будзе рэалізаваны ў аграгарадку Альгова Віцебскага раёна. «У жыхароў ніколі не было нармальнай спартыўнай пляцоўкі. Гэта і паслужыла стымулам для рэалізацыі праекта. На месцы сельскага клуба зробім велапаркоўкі, паставім абсталяванне безбар'ернага ўвахода, лаўкі і іншае. Работы збольшага будуць выкананыя сіламі жыхароў. Узаемадзеянне наладжана з Віцебскім райвыканкамам, Віцебскім раённым Саветам дэпутатаў, прадстаўнікамі малога бізнесу. Дагавор аб сумеснай рэалізацыі будзе заключаны з сектарам спорту і турызму Віцебскага райвыканкама».

Старшыня Крэмяніцкага сельскага Савета Зэльвенскага раёна Аляксандр Дзерачэнік падзяліўся ініцыятывай «Адпачынак у Князева», што рэалізоўваецца ў аграгарадку з аднайменнай назвай. «На яго тэрыторыі добрая інфраструктура, аднак пяць гектараў паркавай зоны нагадвалі толькі прыродны ланшафт. Узнікла ідэя пераўтварыць яе ў месца адпачынку для жыхароў і гасцей Князева. Яны, дарэчы, гэта вельмі падтрымалі. Мы ўжо зрабілі першасныя работы. Пасля адкрыцця комплексу тут можна будзе праводзіць розныя святы: Дажынкі, Купалле і іншыя. На раэлізацыю праекта адводзім каля васьмі месяцаў і задзейнічаем прыкладна 15—20 тысяч долараў».

Таксама падчас семінара былі прадстаўлены праекты «Нас аб'яднаў Ясеневы гай», што будзе рэалізоўвацца ў аграгарадку Горы Краснапольскага раёна, «Адраджэнне гісторыка-культурнай каштоўнасці — парку XІX стагоддзя» ў аграгарадку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, «Дыялог гісторыі і мастацтва ў публічнай прасторы» ў Кобрыне, «Рэалізуем стратэгію разам! 2.0.» у вёсцы Здзітава Бярэзінскага раёна, «Тэрыторыя аб'яднання» ў Чавусах і іншыя.

Нагадаем, што праект «TANDEM» мае на мэце ўстойлівае супрацоўніцтва паміж грамадскімі аб'яднаннямі і мясцовымі органамі ўлады для актывізацыі ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні і развіцця мясцовых супольнасцяў у краіне. Праектныя заяўкі могуць датычыцца розных тэматычных напрамкаў: культуры, адукацыі, спорту, аграэкатурызму, экалогіі, сацыяльнай інфраструктуры, добраўпарадкавання, устойлівага развіцця і іншага. Тэрмін рэалізацыі праектаў складае 18 месяцаў — іх адкрыццё адбудзецца 31 кастрычніка. Сярэдні памер фінансавай падтрымкі праграмы штогод складае сем тысяч еўра. Абавязковай умовай рэалізацыі міні-праектаў з'яўляецца іх рэгістрацыя ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв'ю: sapieha.org

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?