Вы тут

Як атрымаць субсідыю ад дзяржавы на ўласны бізнес


Я планую займацца пашывам і рамонтам адзення ў аграгарадку, дзе жыву. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца, ці ўваходзіць гэтая паслуга ў катэгорыю рамесніцкай дзейнасці. Магу я разлічваць на грашовую дапамогу ў выглядзе субсідыі ад дзяржавы? І як мне правільна зарэгістравацца?

Марына, Мазырскі раён Гомельскай вобласці.


На пытанне адказвае Святлана КАПЫЛОВІЧ, намеснік начальніка аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мазырскага райвыканкама:

— Калі вы збіраецеся працаваць дома і рабіць заказы з матэрыялаў заказчыка, то самы выгадны варыянт у вашай сітуацыі — працаваць па спрошчаных умовах як фізічная асоба згодна з Указам Прэзідэнта № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб». У гэтым выпадку нават неабавязкова станавіцца на ўлік да нас, бо дзейнасць фізічнай асобы не субсідзіруецца.

Дзяржаўная грашовая падтрымка выдаецца, згодна з пастановай Савета Міністраў № 342 ад 7 сакавіка 2008 года, толькі на прадпрымальніцкую або рамесніцкую дзейнасць, а таксама тым, хто заняты ў сферы аграэкатурызму.

Аднак калі вы будзеце арандаваць памяшканне, паставіце вытворчыя машыны і арганізуеце атэлье са значнымі аб'ёмамі работы, то тады ёсць сэнс афармляцца як індывідуальны прадпрымальнік. Разлічваць на субсідыю ў такім выпадку можна, аднак і выдаткі будуць зусім іншыя.

Памер субсідый у Мазырскім раёне для гараджан складае 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БМП). Цяпер гэта 2638,57 рубля, бо з 1 лютага БПМ «падрос» да 239,87 рубля. Жыхары сельскай мясцовасці могуць разлічваць на 15 бюджэтаў (3598,05 рубля). Тым, хто вырашыўся на ўласную справу на вёсцы, субсідыя большая, таму што там складаней знайсці работу на месцы.

Навучаць у службе занятасці

Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла таксама са спецыялістамі ўпраўлення занятасці і падатковай інспекцыі, каб вывучыць пытанне больш дэталёва.

Аказваецца, каб увогуле вызначыцца, у якасці рамесніка ці індывідуальнага прадпрымальніка (ІП) лепш зарэгістравацца, трэба ведаць шмат нюансаў: чым збіраецца займацца чалавек, з якімі матэрыяламі будзе працаваць, як далей плануе прасоўваць свой прадукт, каму рэалізоўваць тавар. А каб прэтэндаваць на разгляд пытання па выдачы субсідый на адкрыццё ўласнай справы з фонду сацыяльнай абароны, неабходна мець статус беспрацоўнага.

Займаецца грашовай дапамогай на арганізацыю прадпрымальніцкай ці рамеснай дзейнасці аддзел абслугоўвання ўпраўлення занятасці або аддзел працаўладкавання раёна, дзе жыве чалавек.

Як правіла, людзі, якія спрабуюць сябе ў самастойнай працы, сумяшчаюць рамесніцтва з іншым відам дзейнасці, які прыносіць ім даход. Перш чым узнімаць пытанне, кім і як рэгістравацца, трэба папрацаваць са службай занятасці. Пасля атрымання статусу беспрацоўнага і немагчымасці працаўладкавацца на існуючыя ў раёне пасады супрацоўнікі службы занятасці будуць разглядаць прафесію чалавека, вопыт яго работы, бізнес-план, які беспрацоўны, што прэтэндуе на субсідыю, абавязкова павінен мець. Пытанне аб мэтазгоднасці выдзялення чалавеку субсідый і аказання дапамогі на арганізацыю сваёй справы вырашаецца калегіяльна.

Намерваючыся рэалізаваць сябе ў сферы самастойнай работы, чалавек павінен вывучыць нарматыўныя дакументы. У службе занятасці яму дапамогуць асвоіць нюансы прадпрымальніцкай дзейнасці, растлумачаць прававыя і фінансавыя аспекты, накіруюць на курсы. На гэтых занятках, дарэчы, нават бізнес-план могуць дапамагчы скласці.

Падаткі і работа з дому

Згодна з Указам № 337, фізічная асоба можа займацца сваёй справай па спрошчаных умовах і не рэгістравацца як ІП. Пры гэтым ёй неабавязкова мець статус беспрацоўнага і можна працаваць у вольны ад асноўнай работы час.

Зарабляць можна наступнымі спосабамі. Тынкаваць, фарбаваць, распісваць сцены; займацца дызайнам жылля, аўто, мэблі і іншых рэчаў; рабіць пакрыццё падлогі, класці печы і каміны, клеіць шпалеры; выпякаць хлебабулачныя вырабы; ствараць творы мастацтва; вырошчваць кветкі; здаваць унаём жыллё; настройваць музычныя інструменты; калоць дровы і грузіць грузы; пасвіць скаціну і рабіць шмат чаго іншага.

Непасрэдна ваша дзейнасць датычыцца сферы пашыву адзення, у тым ліку галаўных убораў, з матэрыялаў заказчыка, а таксама рамонту швейных і трыкатажных вырабаў ды галаўных убораў. Важна помніць, што і выраб, і рамонт рэчаў павінныя быць з матэрыялаў заказчыка, а аказваць паслугі па спрошчаных умовах можна толькі фізічным асобам. Затое не трэба мець касавы апарат і дакументы, якія пацвярджаюць прыём грошай.

Каб зарэгістраваць дзейнасць згодна з Указам, трэба звярнуцца з пашпартам па месцы сваёй рэгістрацыі або ў падатковую інспекцыю і атрымаць уліковы нумар. Яго пры жаданні дашлюць у асабісты кабінет, які можна стварыць на сайце Міністэрства па падатках і зборах. Штомесячную выплату адзінага падатку (за вытворчасць адзення з матэрыялаў заказчыка ў населеных пунктах Мазырскага раёна гэта 21 рубель, за рамонт адзення — 42 рублі) таксама можна дасылаць у электронным выглядзе. Першы і наступныя плацяжы пры гэтым трэба ажыццяўляць за дзень да пачатку месяца работы.

Калі нейкі месяц вы не збіраецеся працаваць, то проста не падавайце паведамленне аб аплаце. А вось калі падатак сплачаны, а папрацаваць у той месяц не атрымалася, пераразлік рабіцца не будзе, за выключэннем сыходу на бюлетэнь.

Ірына СІДАРОК

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Прэв'ю: knews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».