Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы 22 лютага споўніцца 80 гадоў. Да гэтай падзеі прымеркаваны шэраг юбілейных мерапрыемстваў.
15 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе З'езд выпускнікоў. Яго ўдзельнікамі стануць больш за 200 дэлегатаў - паспяховыя кіраўнікі, палітычныя і грамадскія работнікі, супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія працуюць сёння ў роднай Alma mater. Па выніках З'езда будзе прынятая Дарожная карта развіцця Асацыяцыі выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У рамках святкавання 80-годдзя ВНУ 19 -20 лютага пройдзе юбілейная міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Універсітэт - тэрыторыя апераджальнага развіцця”. Навукоўцы з Беларусі і краін блізкага замежжа абмяркуюць на ёй асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі ва ўмовах лічбавага грамадства, а таксама ролю ўніверсітэтаў у апераджальным развіцці. У праграме форуму запланаваны круглы стол на тэму “Лічбавізацыя навуковай і адукацыйнай дзейнасці”.
Сярод урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею ГрДУ імя Янкі Купалы, - пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, якое пройдзе 19 лютага ў канцэртнай зале вучэбнага корпуса па вуліцы Леніна. Працягнецца святкаванне 20 лютага ў зале Гродзенскай абласной філармоніі, дзе адбудзецца ўрачысты сход і святочны канцэрт.
Па традыцыі да Дня нараджэння ўніверсітэта прымеркаваны Міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак рэктара. Чакаецца, што ў гэтым годзе ў спаборніцтвах, якія пройдуць з 17 па 19 лютага, будуць удзельнічаць 8 каманд з Беларусі, Расіі і Польшчы.
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта напішуць "Агульнаўніверсітэцкую купалаўскую дыктоўку “Знайдзі сябе з намі”. У гэты ж дзень запланавана правядзенне інтэлектуальнага турніру “Мой універсітэт” і шматлікіх студэнцкіх акцый і флэш-мобаў. Так, у рамках акцыі “Нам - 80!” пройдзе гульня “Купала-квэст”. Інтэлектуальнае спаборніцтва напярэдадні Дня нараджэння ўніверсітэта 21 лютага аб'яднае прадстаўнікоў розных факультэтаў. Фінальны этап квэста адбудзецца на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, дзе студэнты прымуць удзел у флэш-мобе і выстраяцца ў лічбу “80”. Завершыцца акцыя вялікім святочным чаяваннем з тортам. А ўвечары купалаўцаў аб'яднае студэнцкая вечарына “Ноч Alma-mater” у маладзёжным цэнтры "Гродна".
22 лютага пройдзе II Фестываль педагагічных класаў - унікальнае мерапрыемства, якое ў гэтым годзе аб'яднае навучэнцаў педагагічных класаў не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з усёй Беларусі. Фестываль педагагічных класаў стане завяршальным акордам святкавання 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв'ю: rgazeta.by
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.