Вы тут

“Зорька” і яе замежныя сябры


Старэйшая дзіцячая газета Беларусі, адзначаючы 75‑годдзе, мае намер правесці каля 75 розных імпрэз


“Зорьковцы” святкуюць юбілей

Раней “Зорьку” ведала ўся Беларусь: з ёй мы раслі, вучыліся, пазнавалі свет. І сёння ў газеты вельмі шмат сяброў. Дарэчы, і малыя беларусы, якія разам з бацькамі жывуць за мяжой, могуць далучацца да праектаў газеты дзяцінства. Можна дасылаць лісты, маленькія апавяданні, вершы. Іх друкуюць на той мове, якой лепш валодае аўтар: беларускай ці рускай. Сваім бачаннем свету могуць падзяліцца й дарослыя. Карацей, “Зорька” па-ранейшаму паядноўвае людзей розных пакаленняў.

Праз многія гады рэдакцыя пракладвае сімвалічны “Мосцік сяброўства” з дзецьмі розных краін. Такую назву носіць і яе клуб. Рэдактар Людміла Грамовіч адзначае найбольш цесную супрацу газеты з расійскімі ды казахстанскімі калегамі, юнымі карэспандэнтамі. Таму паспрыяў Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск‑2019”, які збірае шмат дзяцей з іншых краін. Малым заўзятарам канкурсантаў можна далучацца да “команды зорьковцев”. Зазвычай сярод іх і тыя, хто не супраць папрацаваць у дзіцячым прэс-цэнтры: зрабіць для газеты аператыўныя паведамленні, фотаздымкі, відэаролікі для сайта www.zorіka.by і старонкі ў Іnstagram zorka_gazeta. Актывісты дзіцячай рэдкалегіі сустракаюць расійскіх і казахстанскіх школьнікаў у горадзе на Дзвіне, і пасля фэсту доўжыцца творчая супраца.

Сябруюць “зорьковцы” з італьянцамі: тыя ж не першы год прымаюць на аздараўленне ў свае сем’і дзяцей з прычарнобыльскіх рэгіёнаў Беларусі. Супрацу з грамадскімі суполкамі, школамі з Італіі дапамагло адладзіць беларускае дабрачыннае аб’яднанне “Разам для лепшай будучыні”. Яго кіраўнікі Святлана і Сяргей Станкевічы супольна з рэдакцыяй газеты неаднойчы арганізоўвалі пазнавальна-экскурсійныя, аздараўленчыя паездкі для школьнікаў па Беларусі, за яе межы. У 2018‑м юныя карэспандэнты “Зорьки” ды малыя беларусы паўдзельнічалі ў міжнароднай праграме па абмене школьнікамі “Мост сяброўства: Беларусь — Італія”. Было шмат усемагчымых імпрэз, былі знаёмствы з культурна-гістарычнай спадчынай як Італіі, так і краін, праз якія туды вядуць дарогі: Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі. Юныя журналісты дзяліліся ўражаннямі з чытачамі “Зорьки”: пісалі падарожныя нататкі, замалёўкі, рэпартажы, інтэрв’ю. А летам 2019‑га італьянскія сябры прыехалі ў госці да “Зорьки”. “Мы зладзілі з імі праект “Смехатэрапія” прама ў Доме прэсы, а таксама ў некалькіх дзіцячых аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці, — згадвае Людміла Грамовіч. — Італьянскія валанцёры паказвалі нашым дзецям гумарыстычныя пастаноўкі, фокусы: там усё зразумела й без слоў”.

Шмат гадоў “зорьковцы” ўдзельнічаюць у творчым праекце “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця: у будучыню — з надзеяй”. Дзякуючы яму таленавітыя дзеці з чарнобыльскіх рэгіёнаў Беларусі, Украіны ды Расіі маюць магчымасць прыехаць у Мінск і паказаць свае здольнасці на сцэне. І “Зорька” вылучае сваіх пераможцаў, дае ім спецыяльныя прэміі. А потым сочыць за іх поспехамі, дапамагае ў творчым росце.

Традыцыйна рэдактар “Зорьки” ўваходзіць у склад журы Міжнароднага конкурсу-фестывалю дзіцячай творчасці “ЛеМары” і штогод ацэньвае конкурсныя працы ў намінацыі “мастацкая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Фотаздымак”. Чарговы конкурс — у красавіку, заяўкі на ўдзел у ім падаюць таленавітыя дзеці з розных краін. Так што й беларусы замежжа — далучайцеся! Будуць спаборніцтвы ў танцы, музыцы, вакале, мастацтве. У пераможцаў інтэрв’ю возьмуць юныя карэспандэнты “Зорьки”.

Знаходзіць “Зорька” таленты й сярод спартсменаў-пачаткоўцаў. Яна даўні інфапартнёр арганізатараў Міжнароднай дзіцячай сацыяльнай праграмы “Футбол для дружбы” — гэта праект “Газпрома” пры падтрымцы FІFA, UEFA і Міжнароднага алімпійскага камітэта. “Зорьковцы” ўдзельнічаюць у адборачных турнірах у краіне. Паралельна рэдакцыя шукае дзяцей, якія хацелі б у будучыні стаць спартыўнымі каментатарамі, потым самым здольным аказвае падтрымку на шляху да мэты.

Юнкары “Зорьки” былі акрэдытаваныя й на ІІ Еўрапейскіх гульнях, бралі інтэрв’ю ў гасцей, што прыязджалі на спаборніцтвы, паказвалі славутасці Мінска ў ролі валанцёраў, працавалі на фан-зонах.

Фота з архіва рэдакцыі газеты “Зорька ”

Штогадовыя імпрэзы Дня Саюзнай дзяржавы ў Беларусі — таксама “Зорькой” асветлены. Летась, напрыклад, дзіцячыя журналісты выказвалі свае пажаданні на медыясесіі “Саюзная дзяржава: як перадаць культурны код моладзі”, якая праходзіла ў музеі-сядзібе Ільі Рэпіна “Здраўнёва” пад Віцебскам.

Цырымонію пасвячэння ў юныя карэспандэнты “Зорьки”, узнагароджанне дыпломамі за стараннасць лепшых юнкараў, блогераў, іх сустрэчы з вядомымі журналістамі й пісьменнікамі газета праводзіць традыцыйна ў часе Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”. Летась на выставе рэдакцыя сумесна з выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” прадставіла для дзіцячай аўдыторыі кнігу члена штаба Батальёна беларускіх арлянят Уладзіміра Вавулы “Маленькія салдаты вялікай вайны”. У кнізе выкарыстаны каштоўны архіў “Зорьки”.

Газета даўно сябруе і з Батальёнам беларускіх арлянят, і з суполкай Ветэранаў фізічнай культуры, з Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыяй. Іх актывісты прыходзілі на нядаўнюю ўрачыстаць у Дом прэсы, каб павіншаваць юбіляраў з 75‑годдзем.

У Беларусі рэдакцыя мае вялікую каманду юных карэспандэнтаў. Ініцыятыўных хлопчыкаў і дзяўчынак — каля 120 чалавек. Ёсць дзіцячыя карпункты газеты ў сталічнай гімназіі № 7, у Віцебску, Ашмянах, Астраўцы, Навагрудку… А ці будуць яны і ў замежжы? За вамі слова, нашы юныя й сталыя супляменнікі ў іншых краінах!

Ганна Лагун

Ад рэдактара

Сотні, тысячы сацыяльна праяўленых людзей Беларусі могуць згадаць той час, калі добрым святлом ззяла “Зорька” ў іхнім дзіцячым жыцці, а некаторым — і надалей. Была ў маім лёсе дзівосная пара, калі ў “Зорьцы” з’яўляліся мае заметкі, а потым у вясковую нашу хату прыходзілі з розных месцаў Беларусі лісты ад равеснікаў: з прапановай сябраваць. Адрас бралі з публікацый. Такая “Зорькавая” “сацсетка” была ў юных беларусаў у 70‑я. А пазней мне пашчасціла і ў ролі Дзеда Мароза святочную рэдакцыю “Зорькі” віншаваць: такі падарунак калектыву выдання напрыканцы 80‑х зрабіў ідэалагічны аддзел ЦК камсамола Беларусі на Новы год…

Са святам вас, “Зорька”, “зорьковцы” ды ўсе-ўсе, хто зберагае ў сэрцах праменьчыкі гаючай радасці са светлай Краіны Беларускага Дзяцінства!

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».