Вы тут

263 беларускія спартсмены рыхтуюцца да Алімпіяды ў Токіа


На калегіі Міністэрства спорту і турызму былі падведзены вынікі работы галіны за мінулы год і вызначаны асноўныя задачы на год цяперашні.


843 медалі за 365 дзён У 2019 годзе на тэрыторыі Беларусі было праведзена прыблізна 90 міжнародных спартыўных спаборніцтваў рангу чэмпіянатаў свету, этапаў Кубка свету, чэмпіянатаў Еўропы і адкрытых першынстваў па розных відах спорту. А за межамі краіны нашы спартсмены ўзялі ўдзел у 83 чэмпіянатах свету і 113 чэмпіянатах Еўропы. Калі дадаць да гэтага ліку этапы Кубкаў свету і Еўропы, адкрытыя першынствы, адборачныя турніры і іншыя міжнародныя спаборніцтвы, а таксама вучэбна-трэніровачныя зборы, атрымліваецца больш за 300 мерапрыемстваў. На іх беларусы заваявалі 843 медалі (248 залатых, 277 сярэбраных і 318 бронзавых), з іх у алімпійскіх відах спорту — 359 узнагарод. Больш за палову пералічаных медалёў на рахунку маладзёжнага, юніёрскага і юнацкага складаў. «За бягучы алімпійскі цыкл з'явіўся цэлы шэраг перспектыўных спартсменаў, якія ўпэўнена ўліваюцца ў асноўны склад нацыянальных і зборных камандаў, яны ўжо адзначыліся высокімі вынікамі на буйных міжнародных спаборніцтвах», — пракаментаваў такі вынік міністр спорту і турызму краіны Сяргей Кавальчук.

Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка таксама адзначыў, што мінулы год стаў яркім на значныя спартыўныя падзеі. «Вядучыя міжнародныя арганізацыі пераканаліся, што мы ў стане арганізаваць і правесці любое маштабнае мерапрыемства на самым высокім узроўні. Маючы такі каласальны вопыт, мы мусім разумець, што падобныя форумы павінны рабіць істотны ўнёсак у нацыянальную эканоміку, а не толькі ва ўмацаванне іміджу краіны на міжнароднай арэне», — сказаў ён.

2020 год будзе не менш насычаны, у ім Беларусь правядзе камандны чэмпіянат свету па спартыўнай хадзе (май), чэмпіянат Еўропы па фехтаванні (чэрвень), чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў (жнівень) і фінал Кубка свету па шахматах сярод жанчын (верасень, кастрычнік). Акрамя таго, краіна працягвае планамерную падрыхтоўку да мерапрыемстваў 2021 года — чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, чэмпіянату свету па сучасным пяцібор'і і каманднага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы. 100—110 алімпійскіх ліцэнзій

Аднак галоўны экзамен 2020 года — гэта XXXІІ летнія Алімпійскія гульні ў Токіа. Падрыхтоўку да галоўных стартаў чатырохгоддзя цяпер ажыццяўляюць 263 беларускія спартсмены па 27 відах спорту. На цяперашні момант алімпійскія кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы выканалі ўжо 69 беларусаў у 15 відах спорту. Але барацьба за права паехаць у Токіа будзе працягвацца да канца чэрвеня 2020 года, таму рэальна разлічваць на заваяванне 100—110 алімпійскіх ліцэнзій, лічыць Сяргей Кавальчук. «Патрабаванні да адбору на Гульні сталі больш жорсткія. Нягледзячы на гэта, мы ідзём па графіку мінулага алімпійскага чатырохгоддзя, — адзначыў ён. — Мы бачым, што на старты ў Токіа акрамя 69 спартсменаў, якія ўжо выканалі нарматывы, могуць адабрацца яшчэ каля 30 чалавек. Хтосьці зробіць гэта па рэйтынгу, хтосьці зможа выйграць ліцэнзію на адборачных турнірах. Адпаведная работа вядзецца. Калі такіх спартсменаў будзе больш, значыць, для нас жа будзе лепш», — адзначыў міністр і падкрэсліў, што «адна з першарадных задач — выключыць пападанне допінгу ў арганізм спартсмена. Інакш быць бядзе».

З гэтай нагоды Сяргей Кавальчук расказаў пра папераджальныя меры. У прыватнасці, замацаваны новы парадак набыцця фармакалагічных прэпаратаў для нацыянальных і зборных камандаў — цэнтралізавана праз РНПЦ спорту. Таксама прыняты шэраг змяненняў у заканадаўства, якія прадугледжваюць меры адказнасці за допінг у спорце, як спартсменаў і іх персаналу, так і федэрацый па відах спорту. Сярод падобных мер — адмена грашовых узнагарод і стыпендый Прэзідэнта за спартыўныя вынікі, дасягнутыя з прымяненнем допінгу, пазбаўленне дзяржаўных узнагарод і пазбаўленне федэрацый падтрымкі з боку дзяржавы. Уведзена крымінальная адказнасць за схіленне спартсменаў да ўжывання і выкарыстанне ў дачыненні да іх забароненых рэчываў і метадаў, а таксама незаконны абарот асобных анабалічных стэроідаў, якія аднесены да спісу моцнадзейных рэчываў. Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва запланавала павелічэнне на 70 працэнтаў колькасці ўзятых у беларускіх спартсменаў допінг-проб.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што для падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у краіне створаны ўсе ўмовы: слова за алімпійцамі. Задача псіхолагаў і трэнераў — данесці гэта да спартсменаў: на Алімпіяду яны едуць не дзеля пацвярджэння свайго найлепшага выніку, а каб паказаць звышвынік, перамагчы. «Але гэта не пра допінг. Кожны, хто мае дачыненне да падрыхтоўкі спартсменаў, павінен разумець, што ўжыванне допінгу — гэта не толькі яго асабістая адказнасць. Кожны такі выпадак — гэта ўдар па іміджы дзяржавы на міжнароднай спартыўнай арэне. І аднавіць яго вельмі складана», — сказаў віцэ-прэм'ер. Ён паставіў задачу ўзмацніць кантроль, асабістую адказнасць спартсменаў, трэнераў, кожнага члена каманды і забяспечыць 100-працэнтнае выключэнне ўжывання допінгу, у тым ліку выпадковага.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Гараджан, якія з выхадам на пенсію вяртаюцца ў бацькоўскія дамы, становіцца ўсё больш

Цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы можна сустрэць былых гараджан.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.