Вы тут

Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі ў 213-й школе Мінска


Трыццаць адзін год таму апошнія савецкія падраздзяленні вярнуліся з Афганістана па мосце Хайратон ва Узбекістан. Неабвешчаная вайна цягнулася больш за дзевяць гадоў на процілеглым баку Амудар'і, дзе знаходзіўся абмежаваны кантынгент войскаў. Страціў ён больш за 15 тысяч чалавек загінулымі, сярод якіх 789 беларусаў. Яшчэ 55 тысяч былі паранены і больш за 400 зніклі без вестак.


Фота БЕЛТА

Памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі вучні 213-й сярэдняй школы Мінска.  Напярэдадні 15 лютага яны выстраіліся жывым калідорам перад школьным музеем вайсковай славы, трымаючы ў руках свечкі... І тым самым далі старт акцыі «Памяць жывая».

У самім музеі вялікі стэнд прысвечаны не толькі падзеям Вялікай Айчыннай вайны, але і падзеям 1979—1989 гадоў у Афганістане. Цяпер фонды школьнага музея налічваюць больш за 1200 экспанатаў.

— Музей мы адкрылі 12 лютага мінулага года, — расказвае яго кіраўнік Ганна Кулік. — Мы атрымалі пэўныя фонды ў падарунак ад іншай школы. Цяпер мы працягваем папаўняць нашу калекцыю. Шчыруюць на гэтай ніве як вучні, так і іх бацькі. Мы знайшлі рарытэтныя дакументы — вызваленне ад ваеннай службы яшчэ царскіх часоў, нямецкія аўсвайсы, павесткі часоў Вялікай Айчыннай... А яшчэ ёсць савецкія каскі, сапраўдная форма, газеты ваенных гадоў. Маем мы і грамату ручной работы 1942 года, на якой намаляваны партрэт Сталіна, — ёй быў узнагароджаны лейтэнант. Каштоўны экспанат — біклажка-абеліск, якая выкарыстоўвалася замест надмагільнага помніка. Ну і некаторымі рэчамі з намі падзяліліся воіны-інтэрнацыяналісты. Дапамагалі нам таксама салдаты і афіцэры 56-га палка сувязі, арганізацыя ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» — а менавіта старшыня савета мінскай гарадской суполкі Уладзімір Шокаў.

На першым паверсе школы салдаты 5-й брыгады і 56-га палка сувязі разгарнулі экспазіцыю зброі. Туды выстраілася сапраўдная чарга з малых.

— За 56-м палком замацавана больш за паўсотні падшэфных навучальных устаноў — ліцэі, школы, дамы-інтэрнаты, — расказвае выканаўца абавязкаў намесніка камандзіра 56-га палка сувязі па ідэалагічнай рабоце маёр Аляксандр Болвінаў. — І на працягу года амаль да ўсіх знамянальных дат — Дня настаўніка, Дня абароны дзяцей, 23 лютага, 9 мая — мы імкнёмся наведаць кожную такую ўстанову, правесці там урокі мужнасці. Не выключэнне і пярэдадзень 15 лютага. Увогуле сярэдняя школа № 213 узаемадзейнічае з многімі вайсковымі часцямі, структурамі МУС, з 5-й брыгадай спецыяльнага прызначэння. Прыязджаюць школьнікі і да нас на экскурсіі — не раз былі ў нас на Дні адчыненых дзвярэй. А 23 лютага будзем ставіць тэатральную пастаноўку, куды запрошаны і дзеці.

Пасля ўрачыстасцяў у музеі школьнікі разышліся па класах. Там у іх пачаліся ўрокі мужнасці. Вялі іх афіцэры, якія прайшлі праз Афганістан. Воіны расказвалі пра тое, што ім давялося перажыць у далёкай краіне.

— Я ў той час быў начальнікам палітаддзела 70-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады, — згадвае Уладзімір Шокаў. — Дыслакаваліся мы ў Кандагары. Гэта поўдзень Афганістана. Зона адказнасці — дзясяткі кіламетраў. Клімат зусім непрывычны — слупок тэрмометра сягаў далёка за 40 градусаў па Цэльсію. І пастаянныя абстрэлы... Думалі ж спачатку, што прабудзем там месяцы два, ну ад сілы тры. А ў выніку затрымаліся аж на дзевяць гадоў.

Цяпер у Мінску жыве крыху больш за чатыры тысячы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Каля 200 чалавек з іх удзельнічалі ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыі іншых дзяржаў, акрамя Афганістана. Сярэдні ўзрост іх досыць паважны — 56 гадоў. І за 31 год больш за 700 чалавек ужо з розных прычын пайшлі з жыцця. 15 лютага памяць усіх, хто не вярнуўся з тых войнаў, ушануюць у Мінску на Востраве слёз.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.