Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


1. Фрыстайлістка Ганна Гуськова выйграла «золата» этапу Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які завяршыўся ў Маскве. «Як перамагла? За кошт скачка, які паказала і на Алімпіядзе. Таму што гэты скачок — адзін з самых складаных на дадзены момант сярод жаночай канкурэнцыі, нягледзячы на тое, што кітайскія спартсменкі скачуць таксама патройнае сальта з трыма піруэтамі. Але так ужо склалася, што я выканала яго лепш, і таму заняла першае месца, — адзначыла Ганна. — Усё выдатна, гэты Кубак свету даў мне толькі большы зарад на далейшыя выступленні, якія чакаюць нас у Раўбічах.

У спаборніцтвах мужчын «бронзу» выйграў беларускі лыжны акрабат Павел Дзік.

Адзначым, што 22-23 лютага ў РЦАП «Раўбічы» пройдзе этап Кубка свету па фрыстайле. За званне найлепшых будуць змагацца атлеты з Аўстраліі, Казахстана, Канады, Кітая, Расіі, ЗША, Украіны, Швейцарыі і Беларусі.

2. Беларускія спартсмены заваявалі восем узнагарод (3 залатыя, 1 сярэбраную і 4 бронзавыя) на чэмпіянаце Еўропы па трох відах барацьбы (вольнай, жаночай, грэка-рымскай), які прайшоў у Рыме.

У апошні дзень спаборніцтваў прадстаўнік зборнай Беларусі па вольнай барацьбе Расул Ціхаеў (вагавая катэгорыя 86 кг) заваяваў бронзавую ўзнагароду. На трэцюю прыступку п'едэстала таксама падняўся яго таварыш па камандзе Амаргаджы Магамедаў (92 кг). Раней барэц грэка-рымскага стылю Максім Нягода (63 кг), «вольнік» Магамедхабіб Кадзімагамедаў (79 кг) і прадстаўніца жаночай барацьбы Ванэса Каладзінская (53 кг) заваявалі залатыя ўзнагароды кантынентальнага форуму. Ксенія Станкевіч (50 кг) і Ірына Курачкіна (57 кг) падняліся на трэцюю прыступку п'едэстала. «Серабро» на рахунку атлета вольнага стылю Нюргуна Скрабіна (65 кг).

3. Залаты і сярэбраны медалі выйгралі беларускія батутысты на першым у сезоне этапе Кубка свету ў Баку. У індывідуальных скачках сярэбраным прызёрам стаў выхаванец Вілейскай СДЮСШ Іван Літвіновіч. У сінхронных скачках, якія не ўваходзяць у алімпійскую праграму, упэўненую перамогу атрымалі беларусы Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў.

Кубак свету па скачках на батуце праходзіў у Баку 15—17 лютага і дзякуючы статусу ліцэнзійнага да Гульняў у Токіа-2020 сабраў 150 спартсменаў з 30 краін. Наступны аналагічны старт прыме ў красавіку італьянская Брэшыа.

4. Ганна Церлюкевіч стала сёмай на адкрытым чэмпіянаце Турцыі па спартыўнай хадзе і заваявала ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Беларуска пераадолела дыстанцыю ў 20 км за 1 гадзіну 29 хв. 59 сек. Для беларускіх лёгкаатлетаў гэта 17-я ліцэнзія на галоўны старт чатырохгоддзя.

5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова прайграў выязны матч 12-га тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў французскаму «Манпелье» — 26:30 і страціў шанцы прабіцца ў плэй-оф турніру. Самым выніковым гульцом у складзе БГК стаў Андрэй Юрынок, які закінуў пяць мячоў. Свой перадапошні паядынак у групе В чэмпіёны Беларусі правядуць 22 лютага на сваёй арэне супраць лідара нямецкага «Кіля».

Турнірнае становішча пасля 12 гульнявых тураў: «Кіль» — 20 ачкоў, «Веспрэм» — 16, «Манпелье» — 15, «Віве» — 14, «Вардар» — 11, «Порту» — 10, БГК імя Мяшкова — 6, «Матор» — 4.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Медальныя выхадныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».