Вы тут

Псіхалагічны тэст для суддзяў і відэазапіс пасяджэння. Валерый Калінковіч пра новаўвядзенні судовай сістэмы


Адзіная інфармацыйная сістэма судоў агульнай юрысдыкцыі (АІССАЮ) пачне сваю работу ў краіне напрыканцы гэтага года, а да канца 2021-га неабходна завяршыць працу над адзіным грамадзянскім працэсуальным кодэксам. Налета павінен таксама з'явіцца агульнадаступны электронны банк судовых рашэнняў. Пра гэтыя і іншыя новаўвядзенні судовай сістэмы расказаў Валерый КАЛІНКОВІЧ, першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда.


Адна з галоўных задач судовай сістэмы — умацаванне кадравага складу і патэнцыялу судзейскага корпусу і прыцягненне ў іх рады найбольш прыстойных членаў юрыдычнай супольнасці. Для гэтага сёлета дзейнічае абноўленая сістэма крытэрыяў падбору кадраў на пасады суддзяў, якая суправаджаецца абавязковым псіхалагічным тэстам. Захоўваецца і сур'ёзная праверка прававых ведаў. Дарэчы, палова кандыдатаў, якія пажадалі летась здаць экзамен, не прайшлі праверку, падзяліўся Валерый Калінковіч.

— Мы ўважліва аналізуем, як адгукаецца ў грамадстве работа судоў. Арганізацыя, эфектыўнасць і справядлівасць правасуддзя — трыяда, якая ў грамадскай свядомасці характарызуе якасць судовай дзейнасці. У гэтым кантэксце мы і ацэньваем сёння дзейнасць кожнага работніка ў нашай сістэме.

Суды арыентуюць таксама на разумнае выкарыстанне альтэрнатыў грамадскай і крымінальнай адказнасці, у тым ліку медыяцыйныя працэдуры і стымуляванне дзейнага раскаяння.

Летась у сувязі з прымірэннем з пацярпелым было спынена 706 спраў. Частка з іх — справы аб злачынствах так званага прыватнага абвінавачвання, дзе магчымасць прымірыцца абвінавачанаму і пацярпеламу наўпрост прапісана ў Крымінальным кодэксе і з'яўляецца для суда абавязковай прычынай для спынення справы.

— Медыяцыйныя сесіі найчасцей прымяняюцца ў эканамічным судаводстве. Аднак паступова не толькі суб'екты гаспадарання, але і грамадзяне ўсё часцей звяртаюцца да гэтай працэдуры. Мы не выключаем укараненне медыяцыі і ў крымінальны працэс, — мяркуе спецыяліст. — У пэўнай ступені людзей стрымлівае кошт паслуг медыятара, які сёння досыць істотны. Суды расказваюць пра магчымасць скарыстацца па ўзаемнай згодзе медыяцыйнымі працэдурамі. Часам у ролі такіх перамоўцаў выступаюць абаронцы абвінавачаных. Калі за гэтым няма ніякай крамолы, то гэта нармальна. Пытанне не ў лічбавых паказчыках, а ў вырашэнні канфлікту, праз які людзі апынуліся ў судзе.

Яшчэ адзін напрамак працы ў плане пашырэння магчымасцяў доступу да правасуддзя, яго разумнай эканамічнасці і адкрытасці судовай сістэмы ў ведамстве бачаць праз укараненне ў сістэму сучасных інфармацыйных тэхналогій і, як следства, спрашчэнне судовых працэдур. Прынамсі, гэта датычыцца законапраекта, які дазволіць перайсці ад складання падрабязных папяровых пратаколаў у судзе да аўдыя- і відэафіксацый працэсу практычна ва ўсіх відах судавытворчасці.

— Спадзяёмся, што ён будзе прыняты на вясновай сесіі парламента і мы пачнём яго практычна рэалізоўваць. Восенню мы павінны скончыць забеспячэнне сродкамі аўдыя- і відэафіксацыі ўсе абласныя суды. У Вярхоўным судзе і ў шэрагу раённых такія сістэмы ўжо існуюць, — заўважыў намеснік старшыні суда.

Інфармацыйная сістэма АІССАЮ, якая павінна запрацаваць сёлета, дазволіць больш аператыўна атрымліваць інфармацыю пра правасуддзе і павінна значна пашырыць магчымасці для дыстанцыйнага звароту ў суд праз сеціва. У сваю чаргу, гэта дазволіць удзельнікам працэсу аператыўна атрымліваць інфармацыю пра ход справы.

На гэты год запланавана і распрацоўка канцэпцыі законапраекта аб доступе да інфармацыі аб дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі. Валерый Калінковіч падкрэсліў неабходнасць заканадаўчага ўпарадкавання работы з інфармацыяй, якая датычыцца судовай дзейнасці:

— Законапраект дазваляе ў межах аднаго нарматыўна-прававога акта сканцэнтраваць усе асноўныя патрабаванні, якіх неабходна прытрымлівацца пры рабоце з такой адчувальнай інфармацыяй, як вынікі разгляду канкрэтных спраў. Мы працуем з людзьмі, якія таксама маюць права на асабістае жыццё і разумнае захаванне яго таямніцы.

Адно з пытанняў, якое будзе рэгулявацца гэтым законам, — магчымасць трансляцыі адкрытых судовых пасяджэнняў у інтэрнэце. Дзякуючы такому стрыму могуць не вытрымлівацца пэўныя судовыя каноны, калі сведка, які чакае сваёй чаргі, спакойна назірае за тым, што адбываецца ў зале пасяджэння, што недапушчальна.

У аб'ёмны электронны банк судовых рашэнняў, які запрацуе ў 2021-м, будуць змяшчаць рашэнні, што выносяцца ва ўсіх відах судавытворчасці пры захаванні патрабаванняў заканадаўства на ахову персанальных дадзеных удзельнікаў працэсу.

— Гэта патрабуе стварэння досыць складанага дадатковага праграмнага прадукту. Сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі мы працуем над тым, каб, публікуючы прававы складнік спраў, не дапусціць распаўсюджвання інфармацыі пра прыватнае жыццё ўдзельнікаў працэсу ў межах, больш за тыя, што вызначаны законам, — удакладніў Валерый Калінковіч.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».