Вы тут

Тадэвуш Касцюшка (1746—1817)


Нацыянальны герой Амерыкі і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі... «Касцюшка — гэта найшчырэйшы сын свабоды, якога я бачыў, і пры гэтым той свабоды, якая ўключае ўсіх, а не толькі кучку выбраных або багатых», — пісаў пра яго змагар за незалежнасць Амерыкі Томас Джэферсан. Сучаснікі называлі Тадэвуша Касцюшку «сябрам прыгнечаных, ворагам прыгнятальнікаў».


Жыццё Тадэвуша Касцюшкі якраз і сведчыць пра яго барацьбу з гістарычнай і сацыяльнай несправядлівасцю. Ён паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Касцюшак, вядомага на Берасцейшчыне з ХVІ стагоддзя. Паводле тагачаснай традыцыі лічыў сябе літвінам, чым і ганарыўся.

З дзяцінства Тадэвуш праяўляў упарты і настойлівы характар. Ужо ў гады вучобы ў Варшаўскай рыцарскай школе (кадэцкім корпусе) ён прывучыўся да аскетызму і праявіў настойлівасць у вучобе. Любімым дэвізам юнака быў выраз: «У чым можам праявіць найвялікшую сілу? Перамагаць самога сябе». А яго любімым героем стаў антычны герой Тымалеон, які ўсталяваў у Сіракузах дэмакратычны лад. Свае веды Тадэвуш памнажаў у Францыі, праходзіў курсы інжынерных навук. Але на радзіме Тадэвуш не знайшоў сабе месца ў войску, а няшчаснае каханне да Людвікі Сасноўскай нарадзіла ў яго сэрцы горкае расчараванне. Нязнатнае паходжанне Касцюшкі паставіла крыж на яго ваеннай кар'еры і асабістым шчасці. І ў 1776 годзе Касцюшка без ніводнага рэкамендацыйнага ліста выправіўся ў тагачасную сталіцу Злучаных Штатаў Амерыкі — Філадэльфію.

На сустрэчы з Джорджам Вашынгтонам ён прама заявіў: «Хачу змагацца за незалежнасць амерыканцаў». Сем гадоў Тадэвуш Касцюшка на пасадзе галоўнага інжынера служыў у амерыканскай арміі Поўначы, пад яго кіраўніцтвам была пабудавана абарончая сістэма Філадэльфіі. Але славу яму прынесла перамога над англійскім войскам каля гарадка Сарасота ў 1777 годзе. Умела ўзведзеныя Касцюшкам умацаванні дазволілі амерыканцам акружыць і прымусіць англічан да капітуляцыі. Гэта была першая перамога амерыканцаў у вайне за незалежнасць, што паспрыяла міжнароднаму прызнанню маладой дзяржавы з боку Францыі.

У 1781 годзе пад кіраўніцтвам Касцюшкі вялася аблога крэпасці Найці Сікс. З яе капітуляцыяй перавага ў вайне перайшла да амерыканцаў. Адзначаючы ўклад Касцюшкі ў перамогу ў вайне за незалежнасць, Кангрэс надаў яму амерыканскае грамадзянства, званне брыгаднага генерала і пажыццёвую пенсію. А самую дарагую ўзнагароду — ордэн Цынцыната — Тадэвуш прысвяціў маці і павесіў перад абразом, перад якім яна малілася ва ўніяцкай царкве ў Даўгалісках.

Касцюшка вярнуўся на радзіму ў 1784 годзе, пасяліўся ў маёнтку Сяхновічы. Калі пачалася вайна супраць падзелу Рэчы Паспалітай, ніхто з ваенных кіраўнікоў не праявіў ні мужнасці, ні ўмельства, апроч Касцюшкі. У бітве каля вёскі Дубенка на Валыні 18 ліпеня 1792 года яго шасцітысячная брыгада гераічна білася з 20-тысячным войскам генерала Кахоўскага. Імя Тадэвуша Касцюшкі славай прагучала па ўсёй Рэчы Паспалітай.

Паражэнне ў вайне прыгнятальна падзейнічала на Касцюшку, ён падаў у адстаўку і эміграваў у Лейпцыг. Аднак, калі рыхтавалася паўстанне супраць іншаземнага панавання, дык правадыром бачылі толькі Касцюшку. Ён згадзіўся ўзначаліць паўстанне, папярэдзіўшы: «Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё». Супраць «свабоды для ўсяго народа» выступіла Найвышэйшая нацыянальная рада на чале з магнацкай алігархіяй. Касцюшка стаў закладнікам гэтага заганнага становішча. Ён толькі змог у сваім Паланецкім універсале абвясціць сялянам асабістую вольнасць. Па сутнасці, сяляне не падтрымалі паўстанне, а без народнай сілы яно было асуджана на паражэнне. Тым не менш Касцюшка ўмела кіраваў абаронай Варшавы, адбіўшы ад яе рускія і прускія палкі. У рашучай бітве 10 кастрычніка 1794 года пад Мацяёвіцамі сямітысячнае паўстанцкае войска пацярпела паражэнне ад 14-тысячнага войска генерала Ферзена. У палон трапіў і паранены Касцюшка. Яго пад вартай адправілі ў Пецярбург. «Паранены ў галаву, знясілены, ён вытрымаў казематы Петрапалаўскай крэпасці. Аднак планы на Касцюшку ў палітычнай гульні супраць Аўстрыі і Прусіі вымагалі захаваць яму жыццё, аблегчыць няволю. Вызваліў Касцюшку ў 1796 годзе імператар Павел І. Касцюшка не прыняў расійскага грамадзянства і падарунка ў тысячу сялянскіх душ, а выехаў у Амерыку, якую ён лічыў сваёй другой айчынай.

Новыя надзеі Касцюшка звязваў з рэвалюцыйнай Францыяй. Менавіта паўстанне пад яго кіраўніцтвам выратавала Францыю ад вайны з Аўстрыяй і Прусіяй. Касцюшка гатовы быў узначаліць польскія легіёны ў французскай арміі пры ўмове іх прысязе «у нянавісці да каралёў і арыстакратыі, вернасці прынцыпам свабоды і роўнасці». Усё сталася не так. Рэвалюцыя нарадзіла ўзурпатара Напалеона, які хацеў выкарыстаць імя Касцюшкі ў сваіх заваёўніцкіх інтарэсах. Касцюшка адмовіўся служыць яму, як і ліберальнаму імператару Аляксандру І, які ў 1814 годзе дэклараваў аднавіць Рэч Паспалітую. Касцюшка напісаў імператару: «Нарадзіўся я літвінам, найяснейшы пане, і няшмат гадоў жыцця мне застаецца, а завеса яшчэ пакрывае будучы лёс маёй роднай зямлі і шматлікіх яе ўскраін»...

Ушаноўваючы памяць Касцюшкі, прэзідэнт Амерыкі Уільям Гарысан сказаў у Кангрэсе: «Слава яго будзе жыць датуль, пакуль будзе панаваць над светам вольнасць; пакуль на алтар вольнасці яе абаронцы будуць класці ў ахвяру сваё жыццё, імя Касцюшкі будзе жыць сярод нас».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».